Вярхоўны суд адмовіў усім. Акрамя Цярэшчанкі
45- 6.09.2012, 17:25
6 верасня Вярхоўны суд завяршыў разгляд скаргаў незарэгістраваных кандыдатаў у дэпутаты.
Суд адмовіў моладзеваму актывісту Артуру Фінькевічу і актывісту кампаніі «Гавары праўду» Міхаілу Пашкевічу, перадае «Радыё Свабода».
Такім чынам, з 19 зваротаў задаволены толькі адзін - былога кандыдата ў прэзідэнты Віктара Цярэшчанкі. Чатыры гады таму, на папярэдніх выбарах, скаргаў таксама было 19, але тады задаволілі дзве.
Міхаіл Пашкевіч на сённяшнім пасяджэнні асабіста не прысутнічаў. У тэлефоннай размове ён сказаў, што ў гэтым не трэба шукаць ніякага палітычнага падтэксту. Маўляў, прыйшлося з'ехаць з Менска ў панядзелак па сямейных справах, і вярнуцца на суд ён не паспявае. А асабістая прысутнасць ці адсутнасць на рашэнне ўсё роўна не паўплывала б - упэўнены ён:
«Мы ішлі на гэтыя «выбары» не як на сапраўдныя выбары, не для таго, каб стаць «дэпутатамі». Мы ж выдатна разумеем, дзе жывем. І таму мы ішлі на «выбары», каб па максімуму выкарыстоўваць магчымасці, якія дае выбарчая кампанія.
І, сапраўды, я абсалютна не засмучаны такім рашэннем. Маё сумленне перад самім сабой чыстае. Я ведаю, што мы сабралі паўтары тысячы сапраўдных подпісаў, што мы сабралі іх аднымі з першых. І я выдатна ведаю, як уважліва мы іх правяралі. Мне важна было падчас кампаніі даказаць самому сабе - ці здольны я выканаць мінімальныя патрабаванні да кандыдата? І ў мяне сумленне чыстае. Я лічу, што выканаў гэтую працу добра».
За некалькімі працэсамі ў Вярхоўным судзе назіраў юрыст Павел Сапелка. Ён падзяліўся сваімі меркаваннямі:
«У прынцыпе разгляд спраў у Вярхоўным судзе быў па форме і змесце вельмі падобны на выбарчую кампанію. Гэта значыць бачнасць законнасці, бачнасць выканання судовых працэдур існуе, быццам бы гэтыя працэдуры нейкім чынам захоўваюцца. Аднак на выхадзе ўсё роўна атрымліваецца тое рашэнне, якое ў вялікай ступені адлюстроўвае агульны стан выбарчай сістэмы. І агульны стан захавання праў удзельнікаў выбарчага працэсу».
Сваё меркаванне Сапелка падмацоўвае канкрэтным прыкладам з разгляду скаргі незарэгістраванага кандыдата ў дэпутаты Сяргея Парсюкевіча:
«Суд вельмі ярка паказаў, што Выбарчы кодэкс у нас то працуе, то не працуе, што для адных кандыдатаў ён працуе так, а для іншых - інакш. Так, на апошніх прэзідэнцкіх выбарах подпісы за аднаго вельмі вядомага кандыдата збіралі не члены яго ініцыятыўнай групы. І калі іх на гэтым злавілі, то нарадзілася пастанова ЦВК, згодна з якой збіраць подпісы можна і не членам ініцыятыўнай групы. А члены могуць пасля ставіць свой подпіс на такіх лістах. Гэта прыклад таго, як ЦВК, па сутнасці, парушыў нормы кодэкса ва ўгоду аднаму кандыдату.
Гэтыя правілы павінны былі распаўсюджаны і на ўсіх іншых удзельнікаў выбарчага працэсу. Аднак у Вярхоўным судзе разглядаецца скарга Парсюкевіча і заяўляецца, што парушэннем з'яўляецца збор подпісаў не членам ініцыятыўнай групы. Таму адразу хацелася задаць пытанне: чаму для адных кандыдатаў адны патрабаванні, а для іншых - іншыя? Правілы гульні павінны быць ідэнтычнымі для ўсіх».