Tagesspiegel: Супрацоўніцтва з сілавікамі Беларусі ўхваліў урад
4- 7.09.2012, 13:07
Берлінская газета Tagesspiegel працягвае расследаваць супрацоўніцтва паміж нямецкімі і беларускімі сілавікамі.
На той момант, калі Берлін зацвердзіў праект стажыровак для беларускіх міліцыянтаў, у Германіі кіравала кааліцыя хрысціянскіх дэмакратаў і сацыял-дэмакратаў. Кіраўнікамі ж МУС і МЗС былі адпаведна хрысціянскі дэмакрат Вольфганг Шойбле і сацыял-дэмакрат Франк Вальтэр Штайнмаер. Яны і ўхвалілі праект, паведамляецца ў сённяшнім нумары выдання.
Як піша Tagesspiegel, у адказ на запыт парламенцкай апазіцыі абодва ведамства раптам далі тлумачэнні, што, маўляў, ініцыятыва аб супрацоўніцтве сілавікоў ФРГ і Беларусі зыходзіла ад Менска - «Беларусь у свой час звярнулася да федэральнага ўраду з просьбай пачаць супрацоўніцтва праваахоўных органаў».
Паводле дадзеных міністэрства, сярод 500 стажораў былі не толькі памежнікі, але і афіцэры міліцыі, і крыміналісты, перадае «Радыё Свабода».
Tagesspiegel, аднак, удакладняе: у адрозненне ад навучання беларускіх памежнікаў, пра стажыроўкі міліцыянтаў не заключалася якіх-небудзь фармальных пагадненняў. Гэта навучанне беларускай міліцыі ў нямецкіх паліцэйскіх федэральны ўрад доўгі час замоўчваў і не інфармаваў пра яго заканадаўцаў з Бундэстагу.
Газета адзначае, што яшчэ з верасня 2008 апазіцыя (Левая партыя) штоквартальна дасылала ва ўрад запыты аб выкарыстанні нямецкіх афіцэраў паліцыі за мяжой. У тых 16 адказах, якія атрымалі левыя, былі скрупулёзна апісаны навучальныя працэсы для беларускіх памежнікаў, але не было ніякіх звестак аб навучанні ў рамках гэтага праекту беларускіх міліцыянтаў. Дэпутатам нічога не паведамілі аб дзевяці семінарах для беларускіх сілавікоў (пяць у Германіі, чатыры ў Беларусі), аб прысутнасці беларускіх сілавікоў у якасці назіральнікаў падчас аперацыі «Castor-Transport» у 2010 годзе.