У ВНУ дапытваюць студэнтаў-удзельнікаў пратэстных супольнасцей
57- 7.09.2012, 17:28
У беларускія ВНУ дасылаюць спісы тых, хто знаходзіцца ў апазіцыйных групах у інтэрнэце.
У рэдакцыю charter97.org звярнуўся студэнт аднаго з універсітэтаў Гомеля, якога выклікалі ў дэканат з-за таго, што ён знаходзіўся ў пратэстнай супольнасці ў сацыяльнай сетцы «Укантакце» «Надакучыў нам гэты Лукашэнка».
«Сёння на першай пары да нас на занятак прыйшлі з дэканату і па прозвішчы сталі называць удзельнікаў апазіцыйных групы ў інтэрнэце і выклікаць іх да намесніка дэкана. Я апынуўся сярод іх. Калі я прыйшоў у дэканат, намдэкана сказаў мне, што ва ўніверсітэт прыйшоў падрабязны спіс студэнтаў, якія знаходзяцца ў апазіцыйных групах у сацыяльнай сетцы «Укантакце». Я паспеў заўважыць толькі пяць прозвішчаў, але іх значна больш», - распавёў студэнт.
«Пасля гэтага мяне пачалі пытаць, як я праводжу свой вольны час, якая ў мяне палітычная пазіцыя і ці лічу я, што правільным будзе выйсці на вуліцу супраць улады. Я сказаў, што я імкнуся чытаць усю інфармацыю пра тое, што адбываецца ў нашай краіне», - адзначыў малады чалавек.
«Пасля ўсіх пытанняў мяне адпусцілі вучыцца далей. Мяне гэты выклік «на дыван» цалкам не спалохаў і з групы «Надакучыў нам гэты Лукашэнка» я выходзіць не збіраюся. Да таго ж, астатнія студэнты, якія не знаходзяцца ў пратэстных супольнасцях, пасмяяліся над дэканатам і падтрымалі мяне», - сказаў студэнт адной з ВНУ Гомеля.
Нагадаем, 30 жніўня супрацоўнікі КДБ паспрабавалі захапіць апазіцыйную супольнасць у сацыяльнай сетцы «Укантакце» «Надакучыў нам гэты Лукашэнка». Спецслужбы арыштавалі мадэратараў гэтай групы Андрэя Ткачова, Алега Шрамука, Рамана Пратасевіча і Паўла Еўціхіева. Яшчэ аднаму адміністратару супольнасці Сяргею Бяспалаву атрымалася схавацца, і ён уцёк за мяжу.
Камітэтчыкі выбілі з затрыманых мадэратараў паролі да іх акаўнтаў. Некалькі дзён супрацоўнікі спецслужбаў кантралявалі пратэстныя супольнасці і публікавалі ў іх паклёп на іншых адміністратараў, але ў выніку тэхпадтрымка сацыяльнай сеткі вярнула кіраванне групы адміністратару супольнасці Максіму Чарняўскаму, які знаходзіцца за мяжой, а акаўнт камітэтчыкаў выдаліла.