Freedom House: Захад павінен стаць лідэрам у барацьбе з дыктатарамі
14- 16.01.2013, 8:27
Беларусь зноў апынулася сярод несвабодных краін.
Згодна са штогадовым дакладам міжнароднай праваабарончай арганізацыі Freedom House, яна атрымала адзнаку 7 (найгоршая з магчымых) па палітычных правах і 6 - па грамадзянскіх свабодах, перадае «Радыё Свабода».
У 2012 годзе са 195 краін ў рэйтынгу Freedom House толькі 90 былі свабоднымі. У 27 краінах назіралася пагаршэнне сітуацыі, у тым ліку - у Казахстане, Кеніі, Малі, Нігерыі, Расеі, Турцыі і Украіне, у той час як у 16 дзяржавах адбылося паляпшэнне. Гэта ўжо сёмы год запар, калі лік краін, дзе сітуацыя пагоршылася, перавышаў колькасць тых, дзе сітуацыя стала лепш.
З 47 краін, названых несвабоднымі, дзевяць атрымалі мінімальна магчымыя ацэнкі як па палітычных правах, так і па грамадзянскіх свабодах: Эрытрэя, Экватарыяльная Гвінея, Паўночная Карэя, Саудаўская Аравія, Самалі, Судан, Сірыя, Туркменістан і Узбекістан. Яшчэ 5 краінаў атрымалі вынікі, якія былі крыху вышэй, чым у горшых. Гэта Беларусь, Чад, Кітай, Куба, Лаос і Паўднёвая Асеція.
Адной з галоўных тэндэнцый 2012 сталі наступствы «арабскай вясны». Гэта выклікала паляпшэнне сітуацыі з узроўнем свабоды ў такіх краінах, як Лівія і Туніс.
Аднак падзеі ў краінах «арабскай вясны» выклікалі рэакцыю з боку аўтарытарных лідэраў у іншых краінах Блізкага Усходу, што паменшыла ўзровень свабоды ў Іраку, Іарданіі, Кувейце, Ліване, Амане, Сірыі і Аб'яднаных Арабскіх Эміратах.
Высновы справаздачы асабліва змрочныя для краін Еўразіі. Паводле Freedom House, у Расеі адбылося істотнае пагаршэнне сітуацыі пасля вяртання Уладзіміра Пуціна на пасаду прэзідэнта. У Расеі быў прыняты шэраг законаў, накіраваных на падаўленне апазіцыі, у прыватнасці, устанаўленне высокіх штрафаў за несанкцыянаваныя дэманстрацыі, абмежаванне магчымасці грамадзянскіх груп збіраць сродкі, а таксама ўмацаванне кантролю ў інтэрнэце.
Сярод суседзяў Беларусі, Расея, як і Беларусь, - несвабодная краіна, Украіна - часткова свабодная, Латвія, Літва і Польшча - свабодныя.
Даклад заклікае Злучаныя Штаты і іншыя дэмакратычныя краіны прадэманстраваць лідэрства ў барацьбе за свабоду. Дакумент крытыкуе і адміністрацыю Абамы, і апазыцыйную рэспубліканскую апазіцыю за няздольнасць узяць на сябе гэтае лідэрства.
«Перамога свабоды адбываецца звычайна пры актыўнай падтрымцы дэмакратычных краін, такіх як Злучаныя Штаты і еўрапейскія дэмакратыі. А там, дзе яны адмовіліся ад барацьбы, вынік, як правіла, - гэта паражэнне свабоды», - заявіў кіраўнік Freedom House Дэвід Крэмер.