25 красавiка 2024, Чацвер, 2:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Фільм Лазніцы - найлепшы на кінафэсце ў Трыесце

4
Фільм Лазніцы - найлепшы на кінафэсце ў Трыесце

«У тумане» паводле аповесці Васіля Быкава названы найлепшым фільмам XIV Міжнароднага кінафестывалю ў Трыесце.

Пра гэта паведаміла прэс-сакратарка рэжысёра Марыя Бэйкер. Паводле рэгламенту фестывалю, які праходзіць пад эгідай асацыяцыі ALPE ADRIA CINEMA, усе галоўныя прызы прысуджаюцца ў выніку галасавання гледачоў. Асноўнай задачай асацыяцыі з'яўляецца падтрымка і прасоўванне кінематографа Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы, піша «Вечерний Брест».

«Мне незвычайна прыемна атрымаць гэтую ўзнагароду, асабліва таму, што гэта першы прыз у маёй кар'еры, прысуджаны гледачамі, а не журы», - заўважыў Сяргей Лазніца.

Рэжысёр упершыню пабываў на фэсце ў Трыесце ў 2011 годзе, калі там праходзіла першая ў Італіі рэтраспектыва ягоных дакументальных фільмаў. «У тумане» - драма паводле матываў аднайменнага твора Васіля Быкава пра падзеі перыяду Другой сусветнай вайны. Фільм адзначаны прызам ФІПРЭССІ на МКФ у Канах і ўзнагародамі міжнародных і расейскіх фестываляў. У траўні 2013 «У тумане» выйдзе на экраны Італіі. Анансаваныя паказы фільма ў кінатэатрах Беларусі.

У той жа час Лазніца не забывае аб дакументалістыцы. Гэтымі днямі ў конкурсе Tiger Awards for Short films МКФ у Ратэрдаме (IFFR) дэманструецца ягоная 20-хвілінная стужка «Ліст» - пра прытулак для псіхічнахворых на паўночным захадзе Расеі.

Сяргей Лазніца нарадзіўся 5 верасня 1964 года ў Баранавічах, пасля чаго сям'я амаль адразу ж перабралася ў Кіеў. У 1987 годзе скончыў Кіеўскі політэхнічны інстытут са спецыяльнасцю інжынер-матэматык. З 1987 да 1991 года працаваў у кіеўскім Інстытуце кібернетыкі, дзе займаўся распрацоўкай экспэртных сістэм і праблемамі штучнага інтэлекту. Таксама працаваў перакладчыкам з японскай мовы. У 1997 годзе скончыў Усерасеійскі дзяржаўны інстытут кінематаграфіі (ВГИК), майстэрню рэжысуры ігравога кіно.

Сяргей Лазніца здымае дакументальнае кіно з 1996 года. Аўтар 12 дакументальных фільмаў. Лаўрэат расейскіх нацыянальных прэмій «Ніка» і «Лаўр», уладальнік шматлікіх міжнародных узнагарод. Аўтар мантажнай стужкі «Блакада», заснаванай на архіўнай хроніцы жыцця абложанага Ленінграда. На сённяшні дзень жыве ў Нямеччыне.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках