«Сімвал драўлянага Гомеля» знясуць дзеля шматпавярхоўкі
14- 29.10.2013, 16:50
- 19,984
Міністэрства культуры ўхваліла знос гістарычнай драўлянай забудовы Гомеля.
Грамадскія арганізацыі амаль год спрабавалі дамагчыся таго, каб будынкам на вуліцы Валатаўской надалі статус помнікаў. Як стала вядома сайту charter97.org, на днях Міністэрства культуры нарэшце прыняло рашэнне. Статус надалі 4 драўляным дамам на вуліцы Парыжскай Камуны, якім нічога не пагражае. А знакаміты «дом Ірыны Паскевіч» - сімвал Гомеля, які ўяўляе найбольшую цікавасць сярод драўляных будынкаў, дазволілі знесці.
«Абсурднае рашэнне, але цалкам вытлумачальнае. Буйны бізнес вырашае ў гэтай сітуацыі ўсё: на месцы будынка на вуліцы Валатаўской, 17 у цэнтры горада ўзведзены яшчэ адзін узор безгустоўнай шматпавярховай забудовы», - заяўляюць праціўнікі зносу.
Яшчэ ў лістападзе 2012 года ААТ «Электрапрам» пры падтрымцы мясцовых чыноўнікаў пачаў будаўніцтва элітнага шматпавярховага дома на Валатаўской. Па плане пад бульдозер павінны былі трапіць лепшыя прыклады гістарычнай забудовы Гомеля XIX - пачатку ХХ стагоддзяў. Супраць варварскага зносу пратэставалі грамадскія актывісты Гомельскага ТБМ і «Талакі». Яны тэрмінова сабралі і адправілі ў Міністэрства культуры ўсе неабходныя дакументы для надання статусу помнікаў унікальнай архітэктуры Гомеля.
Сотні лістоў і зваротаў паступалі ў Міністэрства культуры і выканаўчы камітэт Гомеля і ад іншых неабыякавых гараджан. Грамадскія арганізацыі і ініцыятывы Гомеля падпісалі петыцыю за захаванне драўлянай забудовы. Некалькі дзесяткаў прафесараў і кандыдатаў гістарычных навук або мастацтвазнаўства прызналі ўнікальнасць дома па вуліцы Валатаўской, 17 і падпісалі адмысловы зварот. Гісторыкі і архітэктары распрацавалі праекты пераносу дамоў і стварэння турыстычнага маршруту. З'явіліся інвестары, гатовыя за свой кошт рэстаўраваць будынкі. У абарону драўлянай забудовы горада выказаліся вядомыя дзеячы Адам Мальдзіс і Юрый Жыгамонт. Аднак, як высветлілася, гэтыя аргументы не падзейнічалі на Міністэрства культуры.