Мінпрацы «дазволіла» беларусам ехаць на заробкі
73- 3.10.2013, 12:54
- 93,169
Яшчэ зусім нядаўна жыхароў краіны, вымушаных шукаць працу за мяжой, называлі ледзь не здраднікамі.
Некалькі дзён таму намеснік міністра працы і сацыяльнага забеспячэння Пётр Грушнік пацвердзіў, што беларусаў, якія афіцыйна не працуюць на радзіме, прымусяць цалкам аплачваць даціраваныя дзяржавай сацыяльныя паслугі - праезд, камуналку, медыцыну.
Цяпер чыноўнікі змянілі танальнасць выказванняў. Усё той жа Пётр Грушнік зусім знайшоў у часовым выездзе беларусаў на заробкі за мяжу «пэўныя пазітыўныя наступствы», піша БелТА.
«Міграцыйныя патокі паміж Рэспублікай Беларусь, Расейскай Федэрацыяй, іншымі краінамі - гэта рэаліі цяперашняга часу, - сказаў першы намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны. - Адток кадраў з Беларусі ў асноўным носіць характар часовай падпрацоўкі з мэтай матэрыяльнай падтрымкі сваіх сем'яў, якія працягваюць жыць, вучыцца, працаваць у рэспубліцы».
Паводле яго слоў, часовы выезд беларусаў на заробкі за межы краіны нясе ў сабе і пэўныя пазітыўныя наступствы. Так, працоўная міграцыя садзейнічае вырашэнню праблемы залішняй занятасці ў арганізацыях. Наймальнікі атрымліваюць магчымасць сканцэнтравацца на павышэнні эфектыўнасці вытворчасці і, адпаведна, на павышэнні прадукцыйнасці працы, заработнай платы, пашырэнні занятасці ў будучыні. Зніжаецца ціск на нацыянальны рынак працы. Працоўныя-мігранты ўзбагачаюцца прафесійнымі навыкамі і ведамі для далейшага прымянення іх на радзіме. Акрамя таго, часовы экспарт працы суправаджаецца інтэнсіўнымі інвалютнымі пераводамі ў краіну.
Пра тое, ці паўплывае змена меркавання Міністэрства працы на намер уладаў увесці «падатак на дармаедаў» чыноўнік маўчаў.