7 чэрвеня 2024, Пятніца, 22:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ажыятаж у сталічных абменніках

80
Ажыятаж у сталічных абменніках

Жыхары Менска па-свойму зразумелі словы Лукашэнкі «не чакайце дэвальвацыі».

Абменнік на праспекце Незалежнасці, які належыць аднаму з камерцыйных банкаў, здзівіў прыстойнай чаргой. Пенсійнага выгляду наведвальнікі стаялі ўперамешку з работнікамі банка, піша «Салiдарнасць».

«Ой, я буду за вамі, - сказала чарговая дзяўчына ў банкаўскай форме, пакуль яе калегі куплялі да незадавальнення чаргі хто 500, а хто 600 даляраў.

На пытанне, што за ажыятаж, дзяўчына з банка паўшэптам адказала: «З дня на дзень камерцыйным банкам забароняць купляць валюту на біржы, акрамя той, што прыйдзе ад выручкі ў абменніках».

Дзяўчына замовіла адразу 900 даляраў. Мабыць, ні работнікі банка, ні астатнія жадаючыя набыць валюту, не чыталі ранішнія навіны, у якіх Нацбанк назваў чуткі пра абмежаванне абароту валюты «рэдкім глупствам».

«Брэд абсалютны. Любы разважны чалавек разумее, што ў краіне з адкрытай эканомікай, ва ўмовах Мытнага саюза і фармавання Еўразійскага эканамічнага саюза рэалізацыя такіх забаронных мер проста немагчымая», - цытуе начальніка ўпраўлення інфармацыі Нацыянальнага банка Аляксандра Цімашэнку «Інтэрфакс».

Заклікаў суайчыннікаў да спакою і Лукашэнка, падчас наведвання ААТ «Керамін».

«Вы бегаеце па абменніках і чакаеце нейкай дэвальвацыі. Проста раю вам: не рабіце гэтага і не чакайце (дэвальвацыі)», - заявіў Лукашэнка, наведваючы прадпрыемства.

Беларусы ўспрынялі словы кіраўніка як заклік да дзеяння.

Журналісты пацікавілася ў эканаміста Леаніда Злотнікава, наколькі апраўданыя асцярогі беларусаў?

«Пакуль Нацбанк яшчэ можа выкарыстоўваць нейкія рэзервы. Аднак з чэрвеня Нацбанк прадае больш валюты чым купляе. Гэта значыць, фактычна стрымлівае рост курсу даляра. Каб не было скокаў курсу, пры неабходнасці ён умешваецца і прадае валюту. Адпаведна, каб працягваць гэты працэс, патрэбная яшчэ валюта, таму што рэзерваў хопіць на пару месяцаў», - сказаў ён.

Эксперт звяртае ўвагу на тое, што ў сённяшняй заяве Нацбанка не гаворыцца, на працягу якога часу не будуць абмяжоўваць абарот валюты.

«Больш двух-трох месяцаў такой магчымасці не відаць. Другі варыянт пазбегнуць дэвальвацыі - «скінуць» на чвэрць узровень жыцця насельніцтва і прадпрыемстваў, якія куплялі больш, чым прадавалі. Імпарт знізіўся ўсяго на 10% за 8 месяцаў, а экспарт на 20% вырас. Утварыліся небяспечныя «нажніцы». Скараціўся прыток валюты ў параўнанні з адтокам. Магчыма, сёння прагучала завэлюмаванае адкрыццё Нацбанка - мы адпускаем курс, хлопцы. Потым заўсёды можна сказаць - а мы папярэдзілі. У любым выпадку, у сітуацыі калі ў краіне завышаны ўзровень спажывання, выхады два - ці панізіць узровень жыцця, ці запусціць дэвальвацыю», - адзначыў Леанід Злотнікаў.

Напісаць каментар 80

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках