18 траўня 2024, Субота, 16:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

МЗС растлумачыўся за «Бэнтлі» з дыпламатычнымі нумарамі

36
МЗС растлумачыўся за «Бэнтлі» з дыпламатычнымі нумарамі

Дарагі аўтамабіль належыць ганароваму консулу Беларусі ў Расеі.

Пра гэта БелаПАН паведаміў прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Андрэй Савіных.

Ён адзначыў, што інстытут ганаровых консулаў - гэта распаўсюджаная практыка, якая выкарыстоўваецца ўсімі краінамі свету. «Толькі ў Беларусі дзейнічаюць больш за 20 ганаровых консулаў замежных дзяржаў. Рэспубліка Беларусь выдала консульскі патэнт 56 грамадзянам замежных дзяржаў», - сказаў Савіных.

Паводле яго слоў, статусам ганаровага консула са згоды дзяржавы, якая прымае, надзяляюцца аўтарытэтныя і заможныя грамадзяне краіны знаходжання, якія аказваюць важнае садзейнічанне ў развіцці двухбаковых сувязяў. «Дзейнасць ганаровых консулаў можа быць вельмі разнастайнай. Так, зусім нядаўна ганаровы консул Беларусі на Філіпінах актыўна займаўся высвятленнем сітуацыі з беларускімі грамадзянамі пасля разбуральнага тайфуна», - падкрэсліў ён.

Пры гэтым прэс-сакратар адмовіўся паведаміць, хто менавіта з ганаровых консулаў набыў дарагія аўтамабілі. «Магу сказаць толькі з яго згоды. Пакуль прозвішча называць не будзем. Улічваючы кантэкст з'яўлення гэтых матэрыялаў і агульны скандальны кантэкст, я павінен атрымаць згоду ганаровага консула на разгалошванне імя», - сказаў Савіных, удакладніўшы, што звернецца да ганаровага консула з такім запытам «праз тыдзень-два».

На сайце амбасады Беларусі ў Расеі названыя ўсе чатыры ганаровых консула: Ігар Макараў (Масква), Алег Невяркевіч (Краснадар), Аляксандр Крупадзёраў (Мурманск), Уладзімір Шугля (Цюмень).

Ігар Макараў (улічваючы, што на машынах маскоўскія нумары і заўважаныя яны менавіта ў сталіцы, лагічна выказаць здагадку, што аўто належаць менавіта яму) - расейскі мільярдэр, уладальнік міжнароднай групы кампаній «Ітэра».

Алег Невяркевіч з'яўляецца дырэктарам санаторыя «Белая Русь» (Туапсэ) Упраўлення справамі прэзідэнта Беларусі з 1990 года. Двойчы абіраўся дэпутатам Заканадаўчага сходу Кубані.

Аляксандр Крупадзёраў быў старшынёй савета дырэктараў ААТ «Кольская горна-металургічная кампанія». Са снежня 2011 года з'яўляецца дэпутатам Мурманскай абласной думы пятага склікання. Сябра палітсавета і прэзідыума партыі «Адзіная Расея». Старшыня савета нацыянальнай культурнай аўтаноміі «Беларусы Мурмана».

Уладзімір Шугля быў начальнікам галоўнага ўпраўлення гандлю Цюменскага аблвыканкама, потым узначаліў «Холдынгавую кампанію гандлёвы дом «Мангазея». З'яўляецца членам Саюза пісьменнікаў Беларусі і ўзначальвае Цюменскую гарадскую суполку беларусаў.

Нагадаем, у інтэрнэце з'явіліся фатаграфіі, зробленыя карыстальнікам сеткі «Інстаграм» @RublevkaLive, на якіх паказаныя дарагія аўтамабілі «Бэнтлі» і «Паршэ Каен» з чырвонымі дыпламатычнымі нумарамі і кодам 150. Гэты код замацаваны за Рэспублікай Беларусь.

«Беларускія дыпламаты на такіх машынах не ездзяць. У парку амбасады такіх відаў аўтатранспарту ў нас няма. У амбасадзе беларускія дыпламаты, грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія з'яўляюцца супрацоўнікамі амбасады, маюць дыпламатычныя карткі, акрэдытаваныя пры МЗС РФ, такога аўтатранспарту ў амбасадзе няма. Магчымасці нашай амбасады не дазваляюць мець машыны такога класа», - заявіў прадстаўнік прэс-службы беларускай дыпмісіі.

У расейскай інтэрнэт-базе нумарных знакаў транспартных сродкаў сярод машын з нумарамі беларускай амбасады ёсць як паказаны на фота «Паршэ Каен» з нумарам 150D172, так і яшчэ некалькі такіх жа машын з нумарамі 150D118 і 150D159.

Напісаць каментар 36

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках