18 траўня 2024, Субота, 14:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Менск зачысцяць ад п'яных і бяздомных перад ЧС

12
Менск зачысцяць ад п'яных і бяздомных перад ЧС

Вязні Акрэсціна сцвярджаюць, што турма перапоўненая так званымі асацыяльнымі элементамі.

Іх забіраюць, каб потым накіраваць у ЛПП і ачысціць Менск да чэмпіянату па хакеі, перадае «Радыё Свабода».

«У раённыя РУУС зверху паступіў загад, каб да чэмпіянату свету ачысціць Менск ад бамжоў і алкаголікаў. Так пад гэтую марку хапаюць нецвярозых людзей, даюць ім не штрафы, а саджаюць на суткі, каб потым было лягчэй аформіць іх у ЛПП і выканаць загад аб зачыстцы сталіцы да чэмпіянату», - распавёў Леанід Смоўж, які з 10 па 15 лістапада адбываў пакаранне ў менскай турме на вуліцы Акрэсціна за тое, што на мітынгу ў Лошыцкім Яры апрануў майку з надпісам «За Беларусь без Лукашэнкі».

Галоўным уражаннем Смоўжа ад турмы было тое, што камеры забітыя тымі, каго абвінавачваюць у алкагалізме, часта - зусім несправядліва.

«У нашай камеры было некалькі чалавек. Сярод іх і тыя, каго ППСнікі (міліцыянты патрульна-паставой службы) затрымалі ўсяго толькі за распіццё на вуліцы бутэлькі піва. Але калі раней ім за гэта пагражаў штраф, то цяпер - суткі арышту. І многія з іх лічаць, што потым будзе прымусовае накіраванне ў ЛПП. Такіх гісторый ужо шмат і становіцца ўсё больш. Людзі гэта наўпрост звязваюць з чэмпіянатам свету па хакеі. Нават кажуць, што ёсць загад РУУС гэтым займацца, каб ачысціць Менск», - распавёў Смоўж.

Вадзім Цярлецкі, які з 12 па 15 лістапада таксама быў на Акрэсціна, пацвердзіў словы Смоўжа.

«Сапраўды, гэта так. Людзі кажуць, што такое ёсць. Цяжка вызначыць, ці ёсць такі загад, але відавочна, што колькасць затрыманых за распіццё спіртных напояў там вялікая і ўсе гавораць, што іх становіцца ўсё больш», - кажа Цярлецкі.

Атрымаць каментар да гэтых звестак у менскім цэнтры ізаляцыі адміністрацыйных правапарушальнікаў на Акрэсціна не ўдалося. Дзяжурны не стаў нічога каментаваць, а тэлефоны кіраўніцтва маўчалі.

Ці законна тое, што ў Беларусі людзей па суду можна накіраваць на прымусовае лячэнне ад алкагалізму? Па словах праваабаронцы Алега Гулака, у Беларусі штогод да 5 тысяч чалавек так пазбаўляюцца волі на розныя тэрміны, што праваабаронца лічыць незаконным.

«Такі закон прыняты, але ён цалкам супярэчыць Дэкларацыі аб правах чалавека і абавязальніцтвам, якія ўзяла на сябе Беларусь па абароне гэтых правоў, калі падпісала Дэкларацыю. Тут парушаюцца правы чалавека ў плане прымусовага пазбаўлення волі, што магчыма толькі за злачынства, між тым як алкагалізм не з'яўляецца злачынствам, гэта сацыяльная хвароба. Па-другое, парушаецца права чалавека, бо ў нас па Канстытуцыі забароненая прымусовая праца. Да таго ж гэта цалкам неэфектыўны спосаб барацьбы з алкагалізмам. Фактычна грамадства робіць выгляд, што змагаецца, а на самой справе хвароба проста адкладаецца на некаторы час. Людзі выходзяць з ЛПП і бяруцца за сваё. Бо яны азлобленыя на ўсё грамадства і часта пазбаўленыя любой матывацыі да нармальнага жыцця», - кажа праваабаронца.

Па словах прадстаўнікоў грамадскасці, у Беларусі прымусовае лячэнне ад алкагалізму выкарыстоўваецца і як сродак ціску на людзей з іншымі палітычнымі поглядамі. Праваабаронцы згадваюць былога палітвязня Арцёма Грыбкова, якога суд не толькі адправіў за краты на 3 гады за ўдзел у Плошчы, але і прымусіў лячыцца ў ЛПП. На судзе Грыбкоў сказаў, што ніколі не меў залежнасці ад алкаголю, але міліцыянты ў Карэлічах, адкуль ён родам, афармлялі яму затрыманні ў сувязі з гэтым, пасля яго антыўрадавых выказванняў.

Другі прыклад - лёс былога палітвязня Васіля Парфянкова, які зараз прымусова праходзіць лячэнне ў ЛПП. У 2011 годзе Парфянкоў быў асуджаны за Плошчу на 4 гады, выйшаў на волю па амністыі, але працягваў апазіцыйную дзейнасць, трапіў пад прафілактычны нагляд і па судзе быў накіраваны на 6 месяцаў у арыштны дом у Баранавічах. Праз некалькі месяцаў, як актывіста, яго адправілі ў ЛПП у Светлагорск.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках