18 траўня 2024, Субота, 11:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Станіслаў Багданкевіч: Рызыка абвалу рубля велізарная

56
Станіслаў Багданкевіч: Рызыка абвалу рубля велізарная

Рублёвая грашовая маса павялічваецца, а стваранага прадукту няма.

Сёння «рызыкі абвалу беларускага рубля велізарныя», хоць яшчэ ёсць магчымасць гэтага пазбегнуць, заявіў экс-кіраўнік Нацыянальнага банка Станіслаў Багданкевіч 18 лiстапада ў Брэсце на сустрэчы з журналістамі, перадае БелаПАН. «У нас ёсць рэцэсія. У гэтым годзе аб'ём прамысловай вытворчасці ў Беларусі знізіўся амаль на 4,5%, сельскагаспадарчай - больш чым на 3%, грузазварот - на 8%», - адзначыў эксперт.

Валавы прадукт за кошт сферы паслуг вырас на 1,1%. «Але калі ўлічыць, што ў нас на 10 трыльёнаў павялічыліся рэшткі непрададзенай гатовай прадукцыі, то можам разумець: на самой справе няма росту і валавога прадукту», - дапоўніў Багданкевіч.

На думку былога галоўнага банкіра, існуе і шэраг іншых праблем, якія павялічваюць верагоднасць абвалу беларускага рубля. У іх ліку падзенне аб'ёмаў знешняга гандлю ў рамках Мытнага саюза, зніжэнне золатавалютных рэзерваў.

«Калі ўзяць у цэлым банкаўскую сістэму, то золатавалютныя рэзервы знізіліся да нуля. Тыя рэзервы, якія былі ў камерцыйных банкаў, выкарыстаныя на выкуп аблігацый Мінфіна, Нацбанк скупіў свабодныя грошы: даў рублі, а валюту забраў да сябе, - падкрэсліў Багданкевіч. - Таму золатавалютныя рэзервы каля 7 млрд. даляраў як быццам бы ёсць. Але на самой справе іх няма, калі ўзяць усю банкаўскую сістэму. Такая асаблівасць была, калі ў 2011 годзе адбыўся абвал беларускага рубля».

Пры гэтым Багданкевіч заявіў, што сёння яшчэ можна не дапусціць абвалу нацыянальнай валюты.

«Мы чакаем яшчэ 440 млн. даляраў крэдыту Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС, Мінфін выпускае абавязацельствы на 500 млн. даляраў. Ёсць магчымасць прадаць дзяржаўныя актывы. Акрамя таго, маюцца нявыдаткаваныя рэзервы ў Нацыянальным банку», - сказаў Багданкевіч.

Ён назваў у прынцыпе правільнай крэдытную палітыку Нацбанка ў цяперашніх эканамічных умовах.

«Крэдыт спецыяльна робіцца дарагім, каб рэальны сектар эканомікі выпускаў тую прадукцыю, якая мае збыт, а не замарожваў свае абаротныя сродкі ў неліквідах. Прадай і не вяртайся ў банкі», - рэзюмаваў Багданкевіч.

У той жа час ён лічыць, што неабходна праводзіць больш узважаную адсоткавую крэдытную палітыку, у прыватнасці, для малога і сярэдняга бізнесу.

«Нам неабходная структурная перабудова. І я б назваў больш важным, чым прыватызацыя, развіццё малога і сярэдняга бізнесу. Але ў актыўных прадпрымальнікаў для гэтага няма сродкаў. І на гэта трэба даць ім танныя грошы», - заявіў Багданкевіч.

Напісаць каментар 56

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках