30 красавiка 2024, aўторак, 14:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Брус Джэксан: Пастанова Кіева - вынік бяздзейнасці Захаду

36
Брус Джэксан: Пастанова Кіева - вынік бяздзейнасці Захаду

Пастанова Украіны не падпісваць умову аб асацыяцыі з ЕЗ не здзівіла кіраўніка Інстытута пераходных дэмакратый.

Расея лёгка перамагла ў дыпламатычнай вайне за Украіну: пакуль Крэмль з Кіевам размаўляў на мове грошай, Брусэль размахваў абстрактнымі ідэямі, сказаў у інтэрв'ю ru.DELFI.lt кіраўнік Інстытута пераходных дэмакратый, былы супрацоўнік вайсковай выведкі ЗША і дыпламат Брус Джэксан.

Пастанова Украіны не падпісваць умову аб асацыяцыі з ЕЗ не здзівіла яго. На думку Бруса Джэксана, гэта абумоўлена пагаршэннем эканамічнага становішча Украіны, прыняць пастанову дапамаглі і не вельмі прыязныя дзеянні Расеі.

«4-6 месяцаў таму палітыка Украіны пачала мяняцца. Яе змяніла пагаршэнне эканамічнага становішча. (... ) Думаю, што Януковіч падлічыў, што ў такіх варунках ягоная краіна не пратрымаецца бліжэйшыя 10-12 месяцаў», - сказаў Джэксан.

«Я думаю, у Вашынгтоне і Брусэлі ўсё думалі, што гаворка ідзе аб палітычных вартасцях. Не, не ідзе. Гэта эканоміка.

Такая матывацыя Украіны. І гэта памылка, якую ўчынілі амерыканцы і еўрапейцы. Пакуль мы казалі аб палітычных вартасцях, Расея казала пра эканоміку. І гэта быў слушны выбар. Расейцы патлумачылі значэнне грошай лепш, чым ЕЗ - значэнне Еўропы. Мы гаварылі абстрактна, яны - канкрэтна. Мы памыліліся», - сказаў Джэксан.

Яшчэ адной памылкай, з ягоных слоў, была пастанова акцэнтаваць сітуацыю экс-прэм'еркі Юліі Цімашэнкі. Перш за ўсё таму, што ў Захаду яна выклікае больш сімпатый, чым у саміх украінцаў.

На гэтым тыдні на Украіну паехала спікерка Сэйма Літвы Ларэта Граўжыненэ. Яна не толькі не палепшыла стасункі паміж Літвой і ЕЗ ды Украінай, але і справакавала бурную рэакцыю Кіева. Пасля таго, як яна ўдзельнічала ў мітынгу апазіцыі, маршалак Вярхоўнай Рады Уладзімір Рыбак скасаваў сустрэчу з ёй.

«Трэба рабіць усё спакойна, разумна. Ствараць уражанне, што ЕЗ або Літва знаходзіцца па адзін ці іншы бок барыкад, мне здаецца, няправільна», - сказаў Джэксан.

З ягоных слоў, можна сказаць, што ўлады Украіны прынялі дрэнную, непапулярную пастанову. Але нельга сказаць, што гэтая пастанова была незаконнай. Прэзідэнт Даля Грыбаўскайтэ таксама не засталася ўбаку. Яна заявіла свету, што Януковіч прызнаўся праз тэлефон, што зазнаў ціск Расеі. На думку Джэксана, калі гэта і было памылкай, дык невялікай.

З ягоных слоў, тое, што Украіна мае намер працягваць перамовы пра пагадненне аб асацыяцыі, добрая вестка. Кіеў не замыкае дзверы, а ЕЗ і ЗША пакідаюць пэўную свабоду манеўраў.

Апошнімі месяцамі Расея ва Усходняй Еўропе і не толькі атрымлівае адну перамогу за другой. На думку Джэксана, гэта вынік перш за ўсё не намаганняў Крамля, а бяздзейнасці Захаду. Расея не хавае, як будзе весці геапалітычную гульню, але перамагае практычна з паказанымі картамі.

Са слоў Джэксана, Расея не хавала, што, абараняючы зоны свайго ўплыву ва Усходняй Еўропе, яна будзе актыўнай і агрэсіўнай. «Расея зрабіла менавіта тое, што абяцала», - канстатаваў ён.

Украіна пакінула адамкнёныя дзверы для ЕЗ, але, на думку Джэксана, рызыкуе далей. Бо ад умовы з ЕЗ яна адмовілася, яшчэ не дасягнуўшы стабільнай дамоўленасці з Расеяй. «Януковіч атрымаў тое, што хацеў. Пярэрву. Але нічога больш», - сказаў суразмоўца.

Фота: DELFI

Напісаць каментар 36

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках