Баўмгертнер застаўся ў новым савеце дырэктараў «Уралкалію»
29- 29.11.2013, 11:36
- 26,278
Гендырэктар «Уралкалію», які знаходзіцца ў адным з маскоўскіх СІЗА, увайшоў у новы склад савета дырэктараў кампаніі.
29 лістапада ў горадзе Бярэзнікі адбыўся пазачарговы агульны сход акцыянераў ААТ «Уралкалій».
«Рашэннем агульнага сходу быў абраны новы Савет дырэктараў Кампаніі. У яго склад ізноў увайшлі чатыры незалежных дырэктара, у тым ліку Аляксандр Валошын, сэр Роберт Маргетс, Пол Остлінг і Гордан Сэдж. Таксама ў Савет дырэктараў «Уралкалію» былі абраныя Антон Аверын, Уладзіслаў Баўмгертнер, Віктар Белякоў, Павел Грачоў і Ганна Каланчына», - гаворыцца ў паведамленні кампаніі.
Нагадаем, Уладзіслаў Баўмгертнер быў затрыманы ў Менску 26 жніўня, яму было прад'яўленае абвінавачванне ў злоўжыванні ўладай і службовымі паўнамоцтвамі і прымененая мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту. Праз месяц мера стрымання была замененая на хатні арышт, удакладненае абвінавачванне. У канцы кастрычніка на 2 месяцы падоўжаныя тэрміны расследавання крымінальнай справы ў дачыненні да гендырэктара «Уралкалію», ён пакінуты пад хатнім арыштам.
У кастрычніку таксама ў дачыненні да Баўмгертнера Басманным раённым судом Масквы завочна абраная мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту. 22 кастрычніка 2013 года ў ходзе двухбаковых кансультацый прадстаўнікам Генпракуратуры Беларусі быў перададзены запыт аб яго выдачы для прыцягнення да крымінальнай адказнасці.
Экстрадыцыі і вызвалення Уладзіслава Баўмгертнера неаднаразова патрабавалі прадстаўнікі ўлады Расейскай Федэрацыі.
21 лістапада ён быў экстрадаваны ў Расею. Цяпер ён знаходзіцца ў адным з маскоўскіх СІЗА.
Фота: ІТАР-ТАСС