19 траўня 2024, Нядзеля, 8:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ланская зняла кліп ў спальні княгіні Радзівіл

48

Спявачцы забаранялі хадзіць па дыване княгіні за 60 000 еўра. Затое дазволілі паляжаць на княжацкім ложку.

- Ой, толькі не хадзіце, калі ласка, па дыване, - умольвала ахоўніца парадку ў спальні княгінь з роду Радзівіл. - Бо за яго на аўкцыёне аддалі вялікія грошы - 60 тысяч еўра!

У гэты час Алёна Ланская, беларуская ўдзельніца «Еўрабачання-2013», застыўшы ў дзвярным праёме спальні ў маленькай чорнай сукенцы, з-пад якой выглядвала карункавая падвязка чорных панчох, хавала гарачы позірк пад палямі стылёвага капелюша, піша «Комсомольская правда в Беларуси».

Фота: Павел МАРЦІНЧЫК

Далей здымалі дапытлівы позірк у акно праз рымскія шторы, крокі басанож па бальнай зале з туфлікамі ў руках. Самая пікантная і адкрытая сцэна: Ланская апранаецца ў спальні князя Радзівіла...

Нясвіжскі замак - трэцяе і апошняе месца, дзе здымалі сюжэт для кліпа Алены Ланской на англамоўную песню Speak (і рускую версію «Спит»). І, бадай, самае пафаснае месца. Старадаўні інтэр'ер і дзівосная мэбля ў спальні апошняй княгіні Радзівіл - усё, што трэба, для стварэння шыкоўнай карцінкі ў кліпе. Здымачнай групе нават на арэнду замка траціцца не прыйшлося: Міністэрства культуры дазволіла здымаць бясплатна.

Дакладнага сцэнарнага плана ў кліпа не было, здымалі, як гаворыцца на хаду, абапіраючыся на асноўную сюжэтную лінію. Сэнс песні такі: дзяўчына закахалася ў паспяховага маладога чалавека, які, дасягнуўшы ўсіх вышынь, раптам страціў цікавасць да жыцця, да каханай і стаў пустэльнікам. Дзяўчына ж, у сваю чаргу, спрабуе дастукацца да яго сэрца.

Фота: Павел МАРЦІНЧЫК

Таму спачатку кліп здымалі ў трэнажорнай зале. Для гэтага здымачнай групе прыйшлося на дзень заняць залу і распранальню ў фітнес-цэнтры Максіма Мірнага. Другая частка кліпа здымалася ў паўразбураным замку пад Лідай. Там Ланская таксама была ў адкрытым уборы: чорная сукенка да падлогі з празрыстымі ўстаўкамі. Дарэчы, у падобнай сукенцы пару тыдняў таму Анжаліка Агурбаш шыканула на дні народзінаў у Юдашкіна (ён яе і стварыў для спявачкі). У Ланской чорная сукенка таксама ад куцюр - беларускага дызайнера Марыны Парфяновіч. Прычым зноў зэканомілі: грошай за шыкоўны ўбор дызайнер не ўзяла, проста дала яго на пару дзён здымак.

Не абыйшлося і без сюрпрызаў. Напрыклад, з маладым чалавекам Сяргеем, з якім па сюжэце кліпа ў спявачкі каханне, Алену пазнаёмілі толькі ў апошні здымачны дзень.

- А раптам яна перадумае? Скажа, падавай іншага: гэты, маўляў, не падабаецца, - распавёў пра свае хітрыкі рэжысёр кліпа Віктар Аскірка. - А я хацеў паказаць не саладжавага малога, а чалавека з выдатнай душой. Пакуль Алена не дала адназначнага адказу, ці падабаецца ёй партнёр, але я ўпэўнены, што калі яна ўбачыць канчатковы вынік, то прыме маю задумку.

Фота: Павел МАРЦІНЧЫК

Каб Алена і Сяргей не перасякаліся, рэжысёр здымаў іх у розныя дні. Ды і як бы ён раней паказаў героя спявачцы? Сяргей, запэцканы чорнай сажай, як радавы Раян, з даўжэзнай барадой калоў дровы дзесьці ў тайзе - паказваў пустэльніка. Ужо ў сценах Нясвіжскага замка Сяргей паўстаў перад Алёнай у поўным парадзе: у белай кашулі, строгім касцюме...

- Віктар не раскрываў да канца сюжэт, і часам здавалася, што ён здымае нешта няўцямнае. Але калі ўсё гэта зманціруе, упэўнены, атрымаецца шэдэўр, - распавёў новы дырэктар прадзюсарскага цэнтра «Спамаш» Дзяніс Шпітальнікаў.

У лістападзе Алёна Ланская збіраецца прэзентаваць свой новы англамоўны альбом Solayoh, а заадно і кліп на песню Speak.

Напісаць каментар 48

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках