«Беркут» ачапіў Вярхоўную Раду Украіны
15- 3.12.2013, 10:12
- 22,452
Байцы спецпадраздзялення Беркут праваахоўных органаў Украіны раніцай 3 снежня ачапілі будынак Вярхоўнай Рады ў Кіеве.
Побач з ім сабраліся ўдзельнікі антыўрадавых дэманстрацый, паведамляе агенцтва «Інтэрфакс».
Цяпер перад мітынгоўцамі выступаюць апазіцыйныя палітыкі і актывісты. Дэманстранты спелі гімн Украіны і скандуюць лозунг «міліцыя з народам». У сваю чаргу міністэрства ўнутраных спраў Украіны ўжо папярэдзіла аб магчымых правакацыях у будынку Рады і іншых урадавых устаноў.
Улады ў ноч на 3 снежня ў спешным парадку мантавалі каля будынка Рады сцэну. Побач з ёй былі заўважаныя маладыя людзі спартыўнага целаскладу, так званыя «цітушкі», гэта значыць правакатары. Паводле слоў дэпутата, побач са сцэнай усталявалі палявыя кухні і палаткі для абагрэву, піша «Украинская правда».
Дэманстранты застаюцца дзяжурыць таксама каля будынка ўкраінскага ўрада, заблакаваўшы усе ўваходы ў яго. Ад самога будынка дэманстрантаў аддзяляе шэраг міліцыянтаў. Усяго каля цэнтральнага ўваходу ва ўрад цяпер стаяць каля ста апазіцыянераў і дзесяць аўтобусаў з міліцыяй.
Прэм'ер-міністр Украіны Мікалай Азараў вечарам 2 снежня заявіў, што мае інфармацыю пра падрыхтоўку захопу будынка Вярхоўнай Рады краіны. Ён абвінаваціў неназваныя палітычныя сілы ў спробах маніпуляваць масавымі акцыямі пратэсту і запатрабаваў разблакаваць усе дзяржаўныя аб'екты, доступ да якіх перакрыла апазіцыя, піша Lenta.ru.
Масавыя антыўрадавыя дэманстрацыі пачаліся на Украіне пасля адмовы прэзідэнта Віктара Януковіча падпісаць пагадненне аб асацыяцыі з Еўразвязам. «Беркут» 30 лістапада разагнаў дэманстрацыю ў цэнтры Кіева, аднак ужо 1 снежня на вуліцы ўкраінскай сталіцы выйшлі да паўмільёна чалавек, якія патрабавалі адстаўкі ўрада і прэзідэнта. Мітынгоўцы захапілі будынак гарадской адміністрацыі, а раніцай 2 снежня блакавалі ўсе подступы да будынка кабінета міністраў.