20 траўня 2024, панядзелак, 23:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Алег Воўчак: Аперацыя КДБ «Хросны ксёндз» правалілася

8
Алег Воўчак: Аперацыя КДБ «Хросны ксёндз» правалілася

З самага пачатку арышт Уладзіслава Лазара быў палітычна матываваным.

Пра гэта заявіў кіраўнік «Прававой дапамогі насельніцтву», былы следчы пракуратуры Алег Воўчак, каментуючы сайту charter97.org вызваленне ксяндза Лазара з турмы КДБ.

«З самага пачатку гэта затрыманне выглядала вельмі дзіўна, улічваючы тое, што ні сваякі, ні знаёмыя, ні прыхаджане не маглі зразумець, дзе ён знаходзіцца. Месцазнаходжанне Уладзіслава Лазара трымалі ў такой таямніцы, як быццам гэта кіраўнік асабліва небяспечнага злачыннага сіндыката, арышт якога трэба было хаваць. Тады ў мяне ўзнікла адчуванне, што не ўсё так чыста, калі КДБ не адразу дало якія-небудзь тлумачэнні», - адзначыў праваабаронца.

Юрыст дадаў, што паводле інфармацыі з пэўных крыніц, Лазара выпусцілі з «амерыканкі», бо ён не прызнаў віну.

«Увогуле, калі б і былі досыць важкія падставы для яго затрымання, то па БТ ужо паказалі б серыял «Хросны ксёндз» аб тым, як ён перадае «шпіёнам» грошы і супрацоўнічае з імі», - перакананы былы следчы пракуратуры.

Алег Воўчак мяркуе, што грамадскасці, журналістам і праваабаронцам трэба неадкладна рэагаваць на такія сітуацыі, а не чакаць «правасуддзя».

«Асабіста для мяне ксёндз Лазар застаецца вязнем сумлення і палітвязням, а яго арышт быў чарговым «прагінам» сярэдняга звяна работнікаў спецслужбаў, якія хацелі хутка зарабіць сабе імя, званне і аўтарытэт пасля правалу справы Гайдукова. Але тое, на што разлічвалі супрацоўнікі КДБ, не атрымалі. І дай Бог, каб ксёндз Лазар канчаткова апынуўся на волі», - падсумаваў кіраўнік «Прававой дапамогі насельніцтву».

Нагадаем, ксяндза Лазара выпускаюць з турмы КДБ, але крымінальная справа супраць святара не спынена.

26 ліпеня Лукашэнка заявіў аб затрыманні супрацоўніка беларускіх спецслужбаў, які працаваў на замежныя дзяржавы праз прадстаўнікоў каталіцкай царквы. Супрацоўнік спецслужбаў, удакладніў ён, «не толькі здаваў інфармацыю, але праз яго дзейнасць пацярпелі людзі, якія працуюць за мяжой». Праз некаторы час стала вядома аб затрыманні ксяндза Уладзіслава Лазара.

Аказалася, што ксёндз з Барысава Уладзіслаў Лазар быў арыштаваны яшчэ ў канцы траўня і змешчаны ў СІЗА КДБ. І толькі праз 3 месяцы кіраўніцтву беларускай каталіцкай царквы паведамілі, што святара абвінавацілі ў перадачы грошай чалавеку, які падазраецца ў шпіянажы супраць Беларусі.

Фота: bymedia.net

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках