29 сакавiка 2024, Пятніца, 2:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ігар Коктыш: Беларускія спецслужбы спрабавалі забіць мяне ў Польшчы

13
Ігар Коктыш: Беларускія спецслужбы спрабавалі забіць мяне ў Польшчы

Беларускі рэжым працягвае пераследваць і запалохваць сваіх апанентаў нават за мяжой.

Аб гэтым расказаў сёння на прэс-канферэнцыі ў Варшаве актывіст апазіцыі Ігар Коктыш. У ёй таксама прынялі ўдзел экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Алесь Міхалевіч і лідэр арганізацыі «Беларуская нацыянальная памяць» Анатоль Міхнавец.

Ігар Коктыш звязаў павышаную ўвагу да сябе з боку беларускіх уладаў з удзелам у кампаніі байкота «парламенцкіх выбараў» 2012 года. Менавіта тады, як удалося высветліць падчас нядаўняга затрымання ў Германіі, яго дадзеныя былі ўнесены ў базу дадзеных Інтэрпола. Ён распавёў яшчэ пра адзін інцыдэнт, які адбыўся з ім на тэрыторыі Польшчы ў той жа час, паведамляе карэспандэнт charter97.org.

«Невядомымі і нявызначанымі польскай паліцыяй асобамі былі зробленыя пэўныя тэхнічныя змены ў аўтамабілі, на якім езджу я і мая сям'я. Шланг тармазной сістэмы быў пашкоджаны такім чынам, што пры спробе рэзкага прыпынення тормазы проста адмовілі б. У любы момант я са сваёй жонкай і дзецьмі маглі б разбіцца», - заявіў Ігар Коктыш.

Актывіст апазіцыі ўпэўнены, што за гэтым інцыдэнтам стаяць беларускія ўлады, якія такім чынам хочуць запалохаць сваіх праціўнікаў, якія разгарнулі актыўную дзейнасць на тэрыторыі іншых краін. Яшчэ адным прыкладам гэтага было яго затрыманне летам 2007 года ў Севастопалі, пра падрабязнасці якога нагадаў Ігар Коктыш.

«Аперацыю па маім захопе праводзіў Зміцер Паўлічэнка, які абвінавачваецца ў датычнасці да гвалтоўных знікненняў беларускіх палітыкаў. Сярод белага дня, у момант, калі я ішоў па набярэжнай, раздаліся стрэлы і на мяне накінуліся невядомыя людзі. Як потым аказалася, гэта былі Паўлічэнка і яшчэ некалькі яго калегаў. Яны скруцілі мяне і павезлі ў мясцовае аддзяленне міліцыі. Там спачатку не разумелі, у чым справа. Толькі пасля таго, як Паўлічэнка паказаў пасведчанне і пагутарыў з начальнікам Крымінальнага вышуку, мяне пагадзіліся пакінуць у аддзяленні да высвятлення акалічнасцяў», - распавёў актывіст апазіцыі.

Тады Еўрапейскі суд прызнаў затрыманне Ігара Коктыша незаконным і забараніў яго экстрадыцыю ў Беларусь. Пасля гэтага актывіст змог пакінуць тэрыторыю Украіны і выехаць у Польшчу, дзе і папрасіў палітычнага прытулку.

Анатоль Міхнавец нагадаў пра іншых палітычных бежанцаў, выдачы якіх патрабаваў беларускі бок. Ён перакананы, што ад такога не застрахаваны ніхто з беларускіх актывістаў, якія цяпер вымушаныя знаходзіцца за мяжой.

«Мы плануем звярнуцца ў міністэрства замежных спраў і ва ўпраўленні па справах бежанцаў для таго, каб забяспечыць прадастаўленне аператыўнай інфармацыі пра тых людзей, якія ў будучыні патрапяць у тую ж сітуацыю, у якой апынуўся Ігар Коктыш. Таксама неабходна абнародаванне спісаў тых актывістаў, якія знаходзяцца ў вышуку па патрабаванні беларускіх улад», - сказаў ён.

Алесь Міхалевіч адзначыў, што беларускі рэжым ужо не ў першы раз спрабуе выкарыстаць міжнародныя дамоўленасці і сяброўства краіны ў міжнародных арганізацыях для рэпрэсій супраць сваіх апанентаў.

«Неабходна ўзмацніць ціск па ўсіх каналах на Інтэрпол для таго, каб спыніць яго выкарыстанне ў якасці механізму пераследу беларускіх дэмакратаў. На жаль, гэтая арганізацыя не можа цалкам адмовіцца ад супрацоўніцтва з рэжымам. Але запэўненне аб дбайнай пераправерцы ўсёй інфармацыі, якая паступае з Беларусі, нам ужо паступіла.

Не варта таксама забываць пра тое, што Беларусь мае двухбаковыя дамовы аб прававой дапамозе практычна з усімі еўрапейскімі краінамі і рэжым іх выкарыстоўвае на поўную сілу. Прыклад гэтаму - справа Алеся Бяляцкага», - заявіў палітык.

Удзельнікі прэс-канферэнцыі таксама заклікалі еўрапейскія краіны да ўвядзення мэтанакіраваных эканамічных санкцый супраць беларускага рэжыму. Толькі так, па іх словах, можна пакласці канец рэпрэсіям супраць апанентаў рэжыму як унутры Беларусі, так і за яе межамі.

Нагадаем, намесніка старшыні «Зьвязу для дэмакратыі ў Беларусі» Ігара Коктыша затрымалі раніцай 7 лютага ў ФРГ па запыце беларускіх уладаў.

Актывіст быў арыштаваны ў горадзе Ангермюндэ пад Берлінам. Яго вызвалілі толькі праз 8 гадзін пасля затрымання пасля ўмяшання СМІ, апазіцыйных актывістаў і праваабаронцаў.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках