29 сакавiка 2024, Пятніца, 12:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Віктар Карняенка: Нельга пагаджацца з ігнараваннем Беларуссю пастаноў ААН

10
Віктар Карняенка: Нельга пагаджацца з ігнараваннем Беларуссю пастаноў ААН

У Гомелі 12 лютага прайшла сустрэча грамадзян, скаргі якіх разгледзеў або зарэгістраваў Камітэт правоў чалавека ААН.

Удзельнікі абмеркавалі праблему адмовы беларускіх уладаў выконваць пастановы Камітэта правоў чалавека ААН. Прынамсі, з 1997 года Камітэт прыняў 40 станоўчых пастаноў паводле скаргаў беларусаў на парушэнні дзяржавай тых ці іншых правоў чалавека, але ўрад адмаўляецца выканаць пастановы, матывуючы гэта тым, што яны носяць рэкамендацыйны характар і не абавязковыя для выканання, паведамляе ПЦ «Вясна».

На сустрэчы была агучаная прапанова стварэння рэспубліканскай грамадскай арганізацыі, якая будзе займацца пошукам магчымасцяў развязання пытання, здольнага змяніць практыку ігнаравання цяперашнім кіраўніцтвам краіны абавязанняў Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Мяркуецца, што арганізацыя аб'яднае намаганні ўсіх, хто мае адпаведныя пастановы Камітэта, а таксама тых, хто звярнуўся са скаргамі, і хто проста цікавіцца гэтай праблемай і гатовы працаваць над яе развязаннем. Удзельнікі сустрэчы прапанавалі стварыць аргкамітэт, у які ўвойдуць гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка, сустаршыня кампаніі «За справядлівыя выбары» Віктар Карняенка, віцебскі праваабаронца Павел Левінаў.

Віктар Карняенка адной з мэтаў стварэння РГА назваў інфармаванне насельніцтва аб тым, што існуюць магчымасці механізмаў міжнароднай абароны правоў чалавека.

«Хай яны сціплыя, але яны існуюць, і калі сёння не даюць выніку, то праз год-два, пазней могуць даць. Людзі арыентуюцца на тое, што абавязкова трэба дамагчыся рэалізацыі іх правоў. Яшчэ адна мэта стварэння арганізацыі - гэта далей уплываць на сам Камітэт правоў чалавека, які таксама, мы мяркуем, можа патрабаваць рэалізацыі прынятых пастаноў ад дзяржаў, якія ратыфікавалі пагадненне. Механізмы працы такога аб'яднання могуць быць самыя розныя. Першае - гэта дапамагаць кожнаму чалавеку, які прайшоў усе ўнутраныя працэдуры прававой абароны, у нарэшце аформіць скаргі належным чынам. Другое - ні ў якім разе не згаджацца з тым, што кажуць дзяржаўныя структуры, што пастановы Камітэта правоў чалавека ААН не абавязковыя да выканання, бо гэта не так. Проста пакуль улада іх не выконвае. У тым ліку і таму, што мы не даводзім гэтую справу да канца. Самае галоўнае - каб і Камітэт, і беларускія ўлады разумелі, што іх дзейнасць знаходзіцца пад пільным грамадскім кантролем», - пералічыў мэты стварэння аб'яднання Віктар Карняенка.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках