Дзень нараджэння Кастуся Каліноўскага
31- 2.02.2013, 11:42
175 гадоў таму нарадзіўся лідар нацыянальна-вызваленчага паўстання ў Літве і Беларусі.
Бацькам Кастуся Каліноўскага быў беззямельны шляхціц з Гародні, уладальнік невялікай ткацкай мануфактуры Сямён Каліноўскі. Маці, Вераніка Рыбінская, памерла, калі сыну было 5 гадоў.
Будучы лідэр паўстанцаў нарадзіўся ў маёнтку Мастаўляны на Гарадзеншчыне 1 лютага 1838 г.
У 1856-1860 гадах, пасля заканчэння Свіслацкай гімназіі, ён навучаўся на юрыдычным факультэце Петэрбуржскага ўніверсітэта. У студэнцкія гады разам са старэйшым братам Віктарам актыўна ўдзельнічаў у дзейнасці студэнцкіх зямляцтваў і ў рэвалюцыйных гуртках.
Адразу пасля вяртання на радзіму ў 1861 годзе Каліноўскі разам са сваімі паплечнікамі стварыў рэвалюцыйныя гурткі ў Гарадзенскай і Віленскай губернях, якія ўвайшлі ў адзіную канспірацыйную арганізацыю.
У 1862 ён стаў на чале кіраўнічага органа гэтай арганізацыі Камітэта руху, які пазней стаў Літоўскім правінцыйным камітэтам паўстання.
У 1862-1863 кіраваў выданнем і распаўсюдам «Мужыцкай праўды» - першай нелегальнай рэвалюцыйнай газэты на беларускай мове.
Узначаліўшы ў 1863 паўстанне супраць расейскіх улад у Беларусі і Літве, Каліноўскі выступіў за шырокае далучэнне да барацьбу сялян, за пашырэнне паўстання на ўсход і на поўнач - на тэрыторыю Расеі.
Пры тым, што ён уважаў за патрэбу шчыльную злучнасць з паўстанцамі ў Польшчы, Каліноўскі паслядоўна заклікаў да незалежнасці Літвы-Беларусі. «Кастусь Каліноўскі з настроем герцэнаўскай школы на чале славалюбных асоб з чырвоных літвінаў настойліва праводзіў ідэю аб самастойнасці Літвы», - пісалі пра яго ў рапартах віленскаму генерал-губернатару.
У варунках жорсткіх дзеянняў урадавых сіл, знаходзячыся ў глыбокім падзем’і, Каліноўскі кіраваў паўстанцамі да свайго арышту ў канцы студзеня 1864 года.
Прысуджаны да смерці, Каліноўскі працягваў барацьбу, звяртаючыся да народа з «Лістамi з-пад шыбеніцы».
У іх ён заклікаў не прызнаваць расейскую ўладу і ваяваць «за свайго Бога, за сваё права, ... за сваю Радзіму".
Кастуся Каліноўскага пакаралі смерцю ў Вільні ў 1864 годзе.
Беларускія патрыёты адзначаюць нараджэння нацыянальнага героя нашай краіны. Сёлета да знакавай даты прымеркаваная агульнанацыянальная дыктоўка паводле тэксту «Ліста з-пад шыбеніцы» - перадсмяротнага запавету Кастуся Каліноўскага.
Стаць удзельнікам акцыі можа кожны ахвотны, выкарыстоўваючы відэазапіс, на якім тэкст дыктоўкі чытаюць вядомыя беларускія палітычныя, грамадскія і культурныя дзеячы.