Незалежны прафзвяз дамогся саступак ад «Белнафтахіма»
7- 23.02.2013, 13:53
Беларускі незалежны прафзвяз у Салігорску абараніў свае пазіцыі.
Спатрэбілася амаль два месяцы, каб «Белнафтахім» прызнаў: пры ўкладанні калектыўных дамоў афіцыйны і незалежны прафзвязы маюць роўныя правы, паведамляе «Радыё Рацыя». Пра гэта распавёў старшыня Беларускага незалежнага прафзвяза Мікалай Зімін. Першапачаткова незалежны прафзвяз не ўключылі ў тарыфнае пагадненне.
«Тыя арганізацыі, якія не маюць калектыўных дамоў, могуць выкарыстоўваць нормы тарыфнага пагаднення. А тыя, якія падпісалі калектыўную дамову, могуць яе ўдасканаліць, грунтуючыся на іншых пунктах тарыфнага пагаднення. Гэта дакумент, які абараняе чальцоў прафзвяза ад дзеянняў наймальніка, і абараняе іх у сферы працоўных стасункаў», - кажа прафзвязны лідар.
Цяпер Беларускі незалежны прафзвяз прызнаны паўнапраўным суб'ектам тарыфнага пагаднення. Са слоў Мікалая Зіміна, большасць чальцоў прафзвяза - гэта шахцёры і калійнікі Салігорска.