29 сакавiка 2024, Пятніца, 16:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Клаўдыё Гуджэроці: Папа Рымскі насіў беларускі народ у сваім сэрцы

10
Клаўдыё Гуджэроці: Папа Рымскі насіў беларускі народ у сваім сэрцы

Апостальскі нунцый Ватыкана ў Беларусі распавёў пра сваю апошнюю сустрэчу з Бэнэдыктам ХVI.

Клаўдыё Гуджэроці ў інтэрв'ю парталу Catholic.by нагадаў, што падчас гэтай сустрэчы Папа Рымскі перадаў свае блаславенне беларусам.

«Незабыўнай застанецца для мяне сустрэча з Папам, калі я распавёў яму пра маю працу ў Беларусі і пра тое, як я наведаў некаторых зняволеных. З якім хваляваннем ён прасіў перадаць беларускаму народу сваё блаславенне! Папа насіў гэты народ у сваім сэрцы і маліўся за яго. Я ніколі не думаў, што гэта будуць астатнія словы, якія я пачуў ад яго як ад Папы. Гэтыя словы застануцца для мяне каштоўнай спадчынай», - сказаў Клаўдыё Гуджэроці.

Таксама апостальскі нунцый распавёў аб тых цяжкасцях, з якімі сутыкнулася Каталіцкая царква апошнімі гадамі.

«Гэта быў вельмі складаны час, напружаны перыяд эканамічнага крызісу, які выклікаў дэпрэсію ў значнай часткі насельніцтва свету. Рост палітычнай нестабільнасці, найперш на Блізкім Усходзе, меў драматычныя наступствы для шмат якіх хрысціянскіх меншасцяў, якія цягам стагоддзяў жылі на гэтых тэрыторыях, і ў гэты момант іх прысутнасць скарацілася да маленькіх груп. Усё гэта адбываецца ў сітуацыі агульнага маўчання з боку сусветнай супольнасці. СМІ не інфармуюць пра тое, што кожны дзень вялікую колькасць людзей забіваюць толькі за тое, што яны хрысціяне. Чаму? Чые інтарэсы хаваюцца за гэтым?

У заходняй культуры з'явіўся адкрыты супраціў рэлігіі. Выяўленнем такога проціборства з'яўляецца не атэістычная прапаганда даўно мінулых часоў, а нізкая і дакладна зладжаная кампанія распаўсюджвання ідэалогіі, якая кпіць з рэлігійных перакананняў. Тое, што рэлігія не дазваляе чалавеку сваволіць, выстаўляецца як абвінавачванне ў гвалце над сумленнем.

Вынікам такой кампаніі з'яўляецца глыбокае, бяздумнае, а часам і агрэсіўнае непрыманне рэлігіі як устаноўленага ў грамадстве фэномэна. Такая з'ява парушыла падваліны грамадскага ладу, аслабіла моц супрацоўніцтва і знізіла ўзровень талерантнасці паміж людзьмі, пазбаўляючы іх цвёрдай глебы пад нагамі і штурхаючы ў прорву нонсэнсу і пустэчы. Гэтая ідэалогія абрабавала чалавека, пазбаўляючы яго матывацыі да жыцця і жадання змагацца за дабро, ператвараючы чалавека ў марыянэтку, здольнасці якой абмяжоўваюцца толькі спажываннем», - адзначыў Клаўдыё Гуджэроці.

Апостальскі нунцый таксама распавёў аб дыпламатычнай працы, якую праводзіць Каталіцкая царква.

«Падчас пантыфікату Бэнэдыкта XVI голас дыпламатыі Святога Пасаду быў чутны на ўсіх міжнародных форумах, звяртаючы ўвагу на павагу да асобы, абаронцам якой з'яўляецца Бог. Ён паўтараў, што вызваленне чалавека ад абавязку адрозніваць дабро ад ліха з'яўляецца вызваленнем яго ад адказнасці за зроблены выбар, што з'яўляецца разбуральнай абразай асобы.

Дыпламатыя Святога Пасаду імкнулася паказаць, што такое псэўдавызваленне стварае ўмовы для адраджэння страхотных дыктатур, падобных да тых, што паўсталі ў ХХ стагоддзі і былі жахлівым прыніжэннем годнасці асобы. Гэта пасланне было пачутае і дайшло да сумлення шмат якіх палітыкаў, дыпламатаў і дзяржаўных дзеячаў. Былі таксама і тыя, якія занядбалі або наўмысна скрывілі гэта пасланне.

Тут, у Беларусі, галоўнай задачай дыпламатыі Святога Пасаду было спрыянне кожнаму дыялогу, у кожны час і на ўсялякім узроўні. Нежаданне размаўляць нікому не дапамагае, а шкодзіць усім», - адзначыў Клаўдыё Гуджэроці.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках