Планы ўрада: Не падабаецца народ? Знойдзем новы (Дакумент)
283- 25.02.2013, 12:15
Беларускі ўрад распрацоўвае планы па масавым прыцягненні замежнай працоўнай сілы.
У распараджэнне charter97.org патрапіла копія дакумента з красамоўнай назвай «Аб задаволенні попыту прадпрыемстваў у працоўных кадрах».
Ліст за подпісам намесніка міністра архітэктуры і будаўніцтва Беларусі Д.І. Семянкевіча атрымалі кіраўнікі падведамных арганізацый.
Гаворка ідзе пра так званы пілотны праект «Інтэрнацыяналізацыя рынку працы Рэспублікі Беларусь: задаволенне попыту прадпрыемстваў у працоўных кадрах ва ўмовах змяншэння колькасці выпускнікоў устаноў прафесійнай адукацыі» (гл. копію 2 і 3), падрыхтаванага УА «Рэспубліканскі інстытут прафесійнай адукацыі». Удзельнікамі праекта заяўленыя само РІПА, беларускія прадпрыемствы, установы ПТА і ССА Беларусі, Smart Business Solutions Central (Кыргызстан) і замежныя грамадзяне з краін СНД (Кыргызстан і Таджыкістан).
Кіраўнікам арганізацый прапанавана выказаць сваё меркаванне з нагоды магчымасці выкарыстання працоўных кадраў з працазалішніх рэгіёнаў постсавецкай прасторы.
Прапановы па пілотным праекце прапануецца прадаставіць па двух напрамках:
- Рашэнне дэфіцыту працоўных месцаў з выкарыстаннем рэсурсу працоўнай міграцыі (вызначэнне прафесій і колькасць работнікаў);
- Гатоўнасць аплачваць кароткатэрміновае навучанне замежных грамадзян у беларускіх установах прафесійнай адукацыі.
Нагадаем, раней беларускі ўрад і асабіста Аляксандр Лукашэнка неаднаразова выступалі са скандальнымі прапановамі вырашэння праблемы ўцёкаў беларускіх работнікаў ад жабрацкіх заробкаў і кабальных умоў працы на заробкі за мяжу. Самым радыкальным рашэннем стала фактычна ўвядзенне дэкрэтам № 9 «Аб дадатковых мерах па развіццю дрэваапрацоўчай прамысловасці» прыгоннага права на прадпрыемствах дрэваапрацоўкі.
Акрамя гэтага не першы год на ўзроўні каляўрадавых чутак упарта мусіруецца пытанне аб прыцягненні ў Беларусь 650 тысяч кітайских рабочых для будаўніцтва і абслугоўвання беларуска-кітайскага тэхнапарка ў Смалявіцкім раёне.