У Салігорску забаранілі пікет за новую паліклініку
14- 27.02.2013, 9:23
Галоўны ідэолаг Салігорскага райвыканкама Мікалай Маскевіч забараніў правядзенне пікету ў падтрымку будаўніцтва новай гарадской паліклінікі.
Заяву пра яго правядзенне грамадскія актывісты Салігорска накіравалі мясцовым уладам яшчэ 8 лютага.
Пікет па зборы подпісаў грамадзян пад зваротам да ўладаў мясцовага і нацыянальнага ўзроўню з патрабаваннем будаўніцтва ў горадзе новай сучаснай паліклінікі планавалася правесці 2 сакавіка каля ўнівермага «Салігорск». Заяўнікам мерапрыемства выступаў сябра Аб'яднанай грамадзянскай партыі Віктар Малочка, піша сайт ПЦ «Вясна».
У заяве адзначалася, што падчас «парламенцкіх выбараў» 2012 года збор подпісаў у дадзеным месцы быў дазволены. Аднак гэты аргумент не пераканаў намесніка старшыні Салігорскага выканкама па ідэалагічнай працы. Мікалай Маскевіч адмовіў у правядзенні пікету ў сувязі з неадпаведнасцю месца яго правядзення рашэнню Салігорскага райвыканкаму «Аб мерах па папярэджанні надзвычайных здарэнняў і захаванні законнасці пры правядзенні масавых мерапрыемстваў».
Па словах заяўнікаў мерапрыемства, абскардзіць забарону правядзення пікету яны не плануюць.