26 красавiка 2024, Пятніца, 15:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Вясна» спадзяецца пераехаць у новы офіс у сакавіку

1
«Вясна» спадзяецца пераехаць у новы офіс у сакавіку

Чакаецца, што праца зліквідаванага ўладамі праваабарончага цэнтра «Вясна» ў новым офісе пачнецца ў сакавіку.

Як паведаміў БелаПАН праваабаронца Валянцін Стэфановіч, пераезд у новае памяшканне, які планаваўся ў лютым, зацягваецца. «Мы спадзяемся, што ў сакавіку правядзем дзень адчыненых дзвярэй і з усімі ўбачымся, - адзначыў Стэфановіч. - Усё выявілася крыху складаней, чым мы меркавалі. Думалі, што цягам лютага развяжуцца ўсе пытанні, але не атрымалася. Гэтая затрымка звязаная з дапасаваннем офіса да працы, таму што там усё ў даволі дрэнным стане, непрыдатнае для жыцця і працы».

Пры гэтым ён падкрэсліў: нягледзячы на адсутнасць офіса, праваабаронцы «Вясны» не спынялі працы. «З некаторымі карэктывамі, вядома, бо ёсць пэўныя тэхнічныя складанасці, - дадаў Стэфановіч. - Самае галоўнае - мы пакуль не можам працаваць усім калектывам так, як звыклі за шматгадовую практыку. Чальцы каманды вельмі залежныя адзін ад аднаго і прызвычаіліся працаваць разам, а цяпер атрымліваецца, што частка людзей працуе дома. Гэта, вядома, адбіваецца на дзейнасці арганізацыі».

Да адкрыцця новага офіса плануецца прымеркаваць прэзентацыю некалькіх аналітычных дакладаў, падрыхтаваных праваабаронцамі паводле вынікаў іх дзейнасці за 2012 год. «Па-першае, гэта будзе агляд работы за мінулы год, а па-другое, даклад, які тычыцца пенітэнцыярнай сістэмы Беларусі», - распавёў Стэфановіч.

Ён таксама паведаміў, што ў хуткім часе будзе абнародаваны дакумент, прысвечаны сітуацыі з палітвязнямі ў Беларусі. Праваабаронцы падрыхтавалі яго супольна з Міжнароднай федэрацыяй правоў чалавека.

«У ім мы акумуліравалі ўсю інфармацыю аб ужытых да палітвязняў спагнаннях. Яна даказвае, што стаўленне да іх не такое, як да звычайных зняволеных, як дэкларуюць улады, а ўсё ж персаніфікаваная і выбарчае», - адзначыў Стэфановіч.

Першачарговая задача цяпер - «дамагчыся вызвалення палітвязняў, у тым ліку старшыні «Вясны» Алеся Бяляцкага», падкрэсліў ён.

Праваабаронцы «Вясны» змушаныя былі 26 лістапада мінулага года выехаць са свайго офіса, які яны займалі цягам 12 гадоў. Офіс месціўся ў кватэры, якая належыць лідару «Вясны» Алесю Бяляцкаму. Ён, як вядома, асуджаны паводле абвінавачвання ва ўхіленні ад выплаты падаткаў на 4,5 гады пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках