25 красавiка 2024, Чацвер, 13:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Юрась Чавусаў: Новыя ініцыятывы рэгіструюцца ў выглядзе ўстаноў альбо за мяжой

Юрась Чавусаў: Новыя ініцыятывы рэгіструюцца ў выглядзе ўстаноў альбо за мяжой

Большасць новых беларускіх ініцыятыў імкнуцца рэгістраваць установы, а не грамадскія аб'яднанні.

Пра гэта заявіў юрыст Асамблеі НДА Юрась Чавусаў, каментуючы вынікі дзейнасці органаў юстыцыі для рэгістрацыі грамадскіх аб'яднанняў у 2012 годзе.

Параўнальна просты працэс рэгістрацыі ўстаноў прымушае нават тыя ініцыятывы, якія заснаваныя на аб'яднанні сяброў, аддаваць перавагу гэтай не заснаванай на сяброўстве арганізацыйна-прававой форме.

«Агульная лічба рэгістрацыі грамадскіх арганізацый за 2012 прыкладна адпавядае той дынаміцы, якая была апошнія 5 гадоў - блізу 100 новых грамадскіх аб'яднанняў штогод. Варта адзначыць, што фактычна спыніўся працэс прымусовых ліквідацый зарэгістраваных арганізацый праз суды - цяпер такія выпадкі з'яўляюцца адзінкавымі. За кошт гэтага агульная колькасць зарэгістраваных арганізацый паступова расце. Цяпер гэтая лічба набліжаецца да 2500», - распавёў Юрась Чавусаў.

На ягоную думку, у галіне рэгістрацыі новых грамадскіх аб'яднанняў назіраецца стагнацыя. Шмат якія арганізацыі папросту не падаюць дакументы для рэгістрацыі ў Мінюст і дзейнічаюць у фармаце або незарэгістраваных ініцыятыў, альбо рэгіструюць установы, што значна прасцей. Іншыя шукаюць шляхі легалізацыі праз рэгістрацыю арганізацый за мяжой.

«У Мінюста цяпер значна менш падстаў даваць адмовы ў рэгістрацыі. За мінулы год адмовы ў рэгістрацыі можна ўспомніць хіба што з нагоды ініцыятывы аматараў кінематографа «Кінамост» і Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, прадстаўнікі аргкамітэта якой у чарговы раз штурмуюць рэгістрацыйны орган», - кажа ён.

На думку Чавусава, цяпер арганізацыям папросту няма падстаў звяртацца за рэгістрацыяй у якасці грамадскага аб'яднання: усе звыкліся да таго што прабіцца праз палітычнае сіта органаў юстыцыі папросту немагчыма. Таму і колькасць адмоў зніжаецца, а Міністэрства юстыцыі можа рапартаваць аб тым, што абсалютная большасць заявак задавальняецца.

«Паралельна ідзе выцясненне з Беларусі арганізацый грамадзянскай супольнасці. Усё больш арганізацый рэгіструюцца ў Літве, Польшчы, Украіне, нават у Нямеччыне і Вялікабрытаніі. Ім адмаўляюць у рэгістрацыі ў Беларусі, альбо яны нават і не спрабуюць атрымаць рэгістрацыю і адразу рэгіструюцца за мяжой. Гэта дае ім пэўныя магчымасці для дзейнасці: кіраўнік арганізацыі можа з’яўляцца і выступаць ад імя гэтай арганізацыі, ёсць доступ да еўрапейскага фінансавання ў якасці еўрапейскай арганізацыі, каб не падпадаць пад драконаўскае беларускае заканадаўства аб замежнай бязвыплатнай дапамозе, а таксама праводзіць фактычную дзейнасць, накшталт публікацый і правядзення акцый», - кажа Юрась Чавусаў.

Нагадаем, Асамблея НДА тройчы спрабавала атрымаць легальны статус у Беларусі, аднак безвынікова. У 2010 годзе арганізацыя была зарэгістраваная ў Літве.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках