29 сакавiка 2024, Пятніца, 0:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Справы выкрадзеных апазіцыянераў закрыюць?

27
Справы выкрадзеных апазіцыянераў закрыюць?

У 2014 годзе мінае тэрмін даўніны па расследаванні крымінальных спраў зніклых беларускіх апазіцыянераў.

Увесну і ўвосень 1999 года ў Менску невядомымі былі выкрадзеныя беларускія апазіцыянеры экс-міністр унутраных спраў Юрый Захаранка і былы віцэ-спікер Вярхоўнага Савета 13-га склікання Віктар Ганчар, а таксама яго сябар, прадпрымальнік Анатоль Красоўскі. Улетку 2000 года бясследна знік аператар расейскага тэлеканала ОРТ Зміцер Завадскі, які раней з'яўляўся асабістым аператарам Лукашэнкі. Да гэтага часу пра іх далейшы лёс нічога не вядома. Расследаванне крымінальных спраў у апошнія гады практычна не рухаецца, а ў 2014 годзе яны могуць быць зачыненыя ў сувязі з заканчэннем тэрміну даўніны, паведамляе Deutsche Welle.

Чаму злачынствы не раскрытыя

Праваабаронцы і апазіцыйныя палітыкі ў сувязі з гэтым вінавацяць улады ў бяздзейнасці і настойваюць на перакваліфікацыі злачынстваў, каб іх расследаванне было працягнута. Анатоль Лябедзька, старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі (АГП), у лік лідэраў якой уваходзілі Захаранка і Ганчар, называе іх знікненні «палітычным забойствам, сляды якога вядуць на самы верх улады». Таму, лічыць палітык, кіраўніцтва краіны і робіць усё для таго, каб дацягнуць да апошняга, а потым спісаць крымінальныя справы ў архіў.

Алег Алкаеў, які знаходзіцца цяпер у эміграцыі ў Германіі, былы начальнік менскага СІЗА № 1 МУС Беларусі, дзе прыводзіліся ў выкананне смяротныя прысуды, распавядаў, што ў распараджэнні пракуратуры больш за дзесяць гадоў знаходзіцца рапарт начальніка Галоўнага ўпраўлення крымінальнай міліцыі МУС генерала Мікалая Лапаціка.

Ён, па словах Алкаева, паведаміў Уладзіміру Навумаву, які ў той час ўзначальваў МУС, аб датычнасці да выкраданняў апазіцыянераў тагачаснага камандзіра САХРа <>bЗмітра Паўлічэнкі, а таксама сакратара Савета бяспекі Віктара Шэймана.

«Усё замерла»

Кіраўнік юрыдычнай камісіі Беларускага Хельсінскага камітэта (БХК) Гары Паганяйла ў гэтай сувязі звяртае ўвагу на той факт, што да лістапада 2000 года яшчэ вяліся нейкія следчыя дзеянні. Аднак менавіта ў тым лістападзе было прызначэнне Шэймана Генеральным пракурорам, пасля чаго, па словах юрыста, «усё замерла». Толькі падаўжаліся тэрміны расследавання.

Што тычыцца крымінальнай справы зніклага без вестак у ліпені 2000 года Змітра Завадскага, то, як падкрэсліў Паганяйла, яно было прыпыненае яшчэ ў 2006 годзе, і з тых часоў расследаванне не прасунулася ні на міліметр.

Палітолаг Валерый Карбалевіч падкрэслівае, што грамадству вядомыя прозвішчы тых, хто можа быць датычны да спраў аб знікненні апазыцыянераў, маюцца і адпаведныя дакументы, напрыклад, даклад прадстаўніка ПАСЕ Хрыстаса Пургурыдыса.

Але паколькі няма палітычнай волі для раскрыцця гэтых злачынстваў, то і расследаванне не рухаецца. Карбалевіч згодны з Лябедзькам у тым, што ніткі злачынства вядуць да палітычнага кіраўніцтва краіны. Таму ўлады і не зацікаўленыя ў аб'ектыўным расследаванні. Аднак родныя і паплечнікі зніклых без вестак вераць, што лёс Захаранкі, Ганчара, Красоўскага і Завадскага праясніцца.

Беларускія праваабаронцы, як і палітыкі, гатовыя зрабіць усё, каб вінаватыя ў гэтых злачынствах панеслі заслужанае пакаранне. «Ні для нас, ні для дзяржавы не існуе ніякіх тэрмінаў даўніны, пакуль не будуць знойдзеныя трупы або самі зніклыя», - падкрэслівае прадстаўнік БХК Гары Паганяйла.

Злачынствы без тэрміну даўніны

Па словах юрыста, «у дадзеным выпадку кваліфікацыя злачынства павінна быць змененая, і вінаватыя павінны адказваць па артыкуле 128 Крымінальнага кодэкса - палітычна матываванае выкраданне, за якім стаяць знікненні гэтых людзей і магчымыя пазасудовыя пакаранні смерцю». Па гэтым артыкуле, тлумачыць Паганяйла, тэрміны даўніны адсутнічаюць. Пакуль у родных і блізкіх выкрадзеных жывая памяць пра гэтых людзей, рана ці позна гэтыя справы будуць даведзеныя да канца, упэўнены прадстаўнік БХК.

Анатоль Лябедзька дадае, што АГП ужо пачала актыўную кампанію па прыцягненні ўвагі грамадскасці ў краіне і за яе межамі да праблемы выкрадзеных апазіцыянераў. Ужо запланаваныя кансультацыі і круглыя сталы на тэму, што можна зрабіць для таго, каб не дапусціць простага закрыцця гэтых спраў. Па словах палітыка, неабходна працаваць з прадстаўнікамі пракуратуры і праваахоўных органаў, каб дамагчыся перакваліфікацыі злачынства, пра што вышэй казаў Гары Паганяйла.

«Мы павінны прыцягнуць увагу цяперашніх кіраўнікоў сілавых структур да таго, што яны сёння нясуць адказнасць за расследаванне гэтых спраў. Калі мы атрымаем адпіскі, то на парадак дня стане так званы «спіс Ганчара-Захаранкі», і могуць рушыць услед новыя санкцыі ў адносінах да асобаў, якія наўмысна спісваюць гэтыя справы ў архіў», - заявіў Лябедзька. Лідэр АГП правёў паралель паміж такім магчымым спісам і «спісам Магніцкага», які ўжо дзейнічае ў дачыненні да шэрагу расейскіх чыноўнікаў, якія на думку амерыканскіх уладаў, маюць дачыненне да смерці ў турме расейскага аўдытара Сяргея Магніцкага.

Напісаць каментар 27

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках