19 красавiка 2024, Пятніца, 4:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ітан Голдрыч: Я ўжо прачытаў па-беларуску «Зорку Венеру»

12
Ітан Голдрыч: Я ўжо прачытаў па-беларуску «Зорку Венеру»

Часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі распавёў, чаму пачаў вывучаць беларускую мову і навошта беларусам ведаць біяграфію Франкліна.

Стэнд «Кніг, якія вызначылі Амерыку» ў рамках Менскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу прадстаўляў асабіста кіраўнік амерыканскай дыпламатычнай місіі Ітан Голдрыч. Паводле яго слоў, размешчаныя на стэндзе 88 кніг спецыяльна для прадстаўлення беларусам сабралі куратары і спецыялісты бібліятэкі Кангрэса ЗША. Творы розныя: ад «Хаціны дзядзькі Тома» да дзіцячай кніжкі аб'ёмам усяго ў 220 слоў.

«Бібліятэкар Кангрэса Джэймс Білінгтан заявіў, што гэты спіс складзены з мэтай нараджэння дыскусіі, абмеркавання кніг, напісаных аўтарамі, якія паўплывалі на нашае жыццё. І выказаў надзею, што беларусы прапануюць нейкія іншыя творы, якія, на іх погляд, можна было б уключыць у спіс «Кніг, якія вызначылі Амерыку», - сказаў Ітан Голдрыч.

А таксама запрасіў да ўдзелу ў конкурсе «Кніга, якая вызначыла маё жыццё», які ладзіць амбасада. Што тычыцца сваіх любімых кніг, то Ітан Голдрыч назваў «Вялікага Гэтсбі» Скота Фiцджеральда, «Панесеныя ветрам» і «Ноч, якую трэба памятаць», прысвечаную катастрофе «Тытаніка».

У канцы прэзентацыі стэнда Голдрыч пагадзіўся адказаць на пытанні карэспандэнта «Еўрарадыё».

- Ці хапае ў вас цяпер часу на мастацкую літаратуру? Можа нават паспелі пазнаёміцца з беларускімі аўтарамі?

- Я заўсёды імкнуся да таго, каб у мяне быў вольны час на тое, каб пачытаць. На жаль, пакуль у мяне не было часу, каб прачытаць раман або вялікі твор беларускага аўтара, але я чытаў вершы. І адзін з гэтых вершаў - «Зорка Венера» Багдановіча.

- Вы чыталі верш у арыгінале або ў перакладзе?

- У арыгінале, але з вялікай дапамогай маёй настаўніцы па беларускай мове.

- Вы вывучаеце беларускую мову?!

- Пакуль што гэта толькі вельмі простыя фразы. Акрамя таго, зусім нядаўна я скончыў чытаць «Майстра і Маргарыту» Булгакава, але ў перакладзе на англійскую мову. І зараз я чытаю кнігу на англійскай мове амерыканскага аўтара. Гэта кніга па гісторыі, можна сказаць, па гісторыі XX стагоддзя, але гэта мастацкі твор пад назвай «Зіма свету».

- Што вас падштурхнула да вывучэння беларускай мовы?

- У нас была сустрэча з беларускімі выкладчыкамі англійскай мовы і яны спыталі ў мяне, што я магу сказаць па-беларуску. Мяне зусім не ўзрадавала тое, што мог сказаць усяго адну ці дзве фразы. І тады я папрасіў сваю настаўніцу, каб яна дапамагала мне практыкавацца больш. І магчыма, пры наступнай сустрэчы я змагу з вамі размаўляць па-беларуску. Але, на жаль, не ў гэты раз!

- Ці плануеце вы працягваць даўнюю традыцыю і праводзіць на тэрыторыі амбасады фестываль «Амбасовішча»?

- Так, мы плануем працягваць гэтую традыцыю і летам правесці чарговае «Амбасовішча».

- Што з амерыканскай літаратуры вы параіце прачытаць беларусам?

- Беларусь - маладая краіна, перад вамі стаіць шмат пытанняў, на якія трэба шукаць і знаходзіць адказы. І таму, магчыма, беларусам ёсць сэнс чытаць кнігі пра станаўленне нашай нацыі. Адной з такіх работ маглі б стаць «Федэралісцкія паперы» - кніга, якая апавядае аб тым, што прывяло да стварэння Канстытуцыі Злучаных Штатаў. А таксама - біяграфія аднаго з бацькоў-заснавальнікаў Бенджаміна Франкліна.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках