Пратэсты ў Тунісе: дэманстрантаў разганяюць газам
- 7.02.2013, 17:34
Пасля забойства апазіцыйнага лідэра ў Тунісе ўжо другі дзень запар не спыняюцца беспарадкі.
У чацвер у цэнтры Туніса на авеню Хабіб Бугрыба выйшла некалькі сотняў чалавек, якія скандавалі: «народ патрабуе падзення рэжыму». На падыходзе да міністэрства ўнутраных спраў, якое размешчана на гэтай галоўнай артэрыі сталіцы, паліцыя пусціла ў ход слёзатачывы газ. Праваахоўныя органы сцвярджаюць, што зрабілі гэта ў адказ на кінутыя ў бок паліцыянтаў камяні, перадае RFI.
7 лютага многія палітычныя і грамадскія дзеячы Туніса наведалі дом забітага напярэдадні Чокры Белаіда, удава якога ў чарговы раз паўтарыла: «Я абвінавачваю ў забойстве майго мужа ўрад».
У сераду прэм'ер-міністр Туніса Хамад Джэбалі абвясціў пра роспуск урада. Ён паабяцаў сфармаваць новы кабінет, у які запросіць не палітыкаў, а тэхнароў, каб супакоіць вуліцу, якая паўстала супраць кіруючай партыі. Але дэпутаты ад кіруючай партыі «Энахда» ў чацвер заявілі, што будуць галасаваць супраць гэтага.
Галоўны прафсаюз Туніса заклікаў да ўсеагульнай забастоўкі ў пятніцу, назваўшы гэты дзень «нацыянальнай жалобай» па забітым апазіцыянеры.