Новы амбасадар Беларусі ў Вялікабрытаніі - супрацоўнік КДБ?
42- 8.02.2013, 20:26
Вось ужо месяц Сяргей Алейнік не атрымлівае згоду МЗС Вялікабрытаніі на ягонае прызначэнне амбасадарам Беларусі.
Як паведаміў сайту charter97.org дырэктар Беларускага Свабоднага тэатра Мікалай Халезін, з вартых даверу крыніц яму стала вядома, што Сяргей Алейнік працаваў у Камітэце дзяржбяспекі ў канцы 80-х - пачатку 90-х гадоў, куды трапіў адразу пасля заканчэння Менскага педагагічнага інстытута замежных моў.
«Ва ўсіх афіцыйных біяграфіях гэты факт схаваны, і наўрад стаў бы здабыткам грамадскасці, калі б калегі Алейніка не распавялі пра тое, чым ён займаўся ў гэты перыяд. Месяц таму ён быў прызначаны на пасаду амбасадара ў Вялікабрытаніі, але дагэтуль яе не заняў.
Чаму менавіта ён прызначаны ў Лондан, здагадацца няцяжка - гэта адзін з цэнтраў процідзеяння беларускай дыктатуры, і, паводле версіі ўлад, прадстаўляць Беларусь тут павінен чалавек, які будзе адпраўляць асноўныя рапарты зусім не ў Міністэрства замежных спраў, а ў тую службу, якая займаецца палітычным вышукам - у Камітэт дзяржбяспекі. Да таго ж, статус Вялікабрытаніі ў вачах Лукашэнка падвышаецца прысутнасцю тут былога кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава», - упэўнены Халезін.