3 лiпеня 2015, Пятніца, 15:21

Як беларусы змянілі віленскі Akropolis

105

Наплыў турыстаў з Беларусі паўплываў на рынак тавараў і паслуг у літоўскай сталіцы.

Віленскі гандлёвы цэнтр Akropolis падлічвае, што кліенты з Беларусі могуць скласці да 5% усіх пакупнікоў, піша ru.DELFI.lt.

Прадстаўнікі гандлёва-забаўляльнага цэнтра сцвярджаюць, што асартымент тавараў дзеля гасцей з суседняй краіны не змяніўся, аднак даводзіцца падладжвацца ва ўзроўні абслугоўвання.

Кіраўнік віленскага Akropolis Чэславас Урбанавічус сказаў DELFI, што праз значную колькасць замежных кліентаў давялося змяніць шыльды на ўваходах: «І для літоўцаў, і беларусаў, я думаю, так больш зручна, калі трэба дамовіцца, дзе сустрэцца, або, скажам, выклікаць таксі».

Са слоў Урбанавічуса, назіраюцца змены ў крамах і на рынку паслуг.

«Напрыклад, крамы спрабуюць наймаць прадаўцоў, якія валодаюць расейскай мовай. У мінулым годзе ў цэнтры адкрылася філія банка, у якім адранку можна памяняць больш як 20 валют розных краін, у тым ліку беларускія рублі, украінскія грыўні, балгарскія левы», - пералічыў змены кіраўнік цэнтра.

Купляюць больш ежы

Урбанавічус распавёў, што найбольш папулярныя сярод беларусаў - адзенне і абутак. На другім месцы - электронныя тавары, побытавая тэхніка. На трэцім - ювелірныя вырабы. Як і касметыка.

«Зазвычай беларусы аддаюць перавагу вядомым брэндам і больш дарагім таварам», - сведчыць ён.

Урбанавічус таксама адзначае, што апошнім часам беларусы часцей купляюць харчовыя тавары.

«Гэтая тэндэнцыя ўмацавалася ў гэтым годзе - з 1-га студзеня частку падаткаў можна вярнуць пры куплі ўсіх харчовых тавараў, за выняткам алкаголю і тытуню», - растлумачыў суразмоўца.

Прадстаўнік Akropolis падлічвае, што ў сярэднім пакупнік з Беларусі выдаткоўвае блізу 600-800 літаў.

«Суму, якую ў сярэднім выдаткоўвае пакупнік з Беларусі за апошні год крыху скарацілася. Гэта збольшага звязана з ростам плыні пакупцоў - раней у Літву закупляцца ехалі альбо больш багатыя пакупнікі, альбо тыя, хто першымі адкрыў для сябе карысць такіх паездак. Апошнія тавары куплялі не толькі для сябе, але і для сваіх блізкіх, сяброў, суседзяў. Даводзілася назіраць, як адразу купляліся два ці нават тры тэлевізары і гэтак далей», - распавёў ён.

Цяпер заўважана, што ў цэнтр прыязджаюць тыя, каму тавары раней прывозілі сябры, а таксама прадстаўнікі сярэдняга класа.

Калекцыі адзення для беларусаў не замаўляюць

Хоць большасць грамадзян Беларусі Літва зацікавіла адзеннем і абуткам, генеральны дырэктар кампаніі Apranga Рымантас Первеняцкас кажа, што асартымент тавараў у Akropolis ня прыпасоўваецца пад густ кліентаў з Усходу.

«Мы знарок асартымент пад беларусаў не фармуем. Мы арыентуемся на жыхароў Літвы, Латвіі і Эстоніі, - сказаў ён. - У прынцыпе, мы купляем еўрапейскую моду. Думаючы пра тое, як крама будзе выглядаць, мы спрабуем засяродзіцца на тым, каб яна не вельмі рознілася ад еўрапейскага».

Кіраўнік кампаніі, якая гандлюе брэндамі Mango, Pull & Bear, Zara, Bershka ды іншымі, падкрэсліў, што беларусам акурат падабаецца, што ў Літве ім прапануюць не тое, што яны могуць знайсці ў сваёй уласнай краіне.

«Яны таксама хочуць купляць болей еўрапейскую моду. Тут яны знаходзяць і еўрапейскія кошты, і еўрапейскія калекцыі», - сказаў прадстаўнік Apranga.

Тым не менш, суразмоўца прызнаў, што некаторы тып адзення ўсё ж карыстаецца большай папулярнасцю сярод грамадзян Беларусі.

«Болей выбіраюць адзенне з бліскаўкамі, правакацыйнага крою. Літоўцы больш стрыманыя, беларусы - больш эмацыйныя, так што ім трэба нешта больш кідкае», - аб перавагах гасцей з суседняй краіны распавёў Первеняцкас.

Змяніўся не толькі Akropolis, але і Старое места

Тым часам, стыліст Кястуціс Рымджус мяркуе, што густ кліентаў з Беларусі робіць уплыў на прапанову сталічных крам.

«На чыім вазку едзеш, таму і песенькі спявай», - кажа ён.

«Я думаю, што ў прынцыпе не толькі Akropolis, але і Старое места ў гэтым сэнсе змянілася. Маю на ўвазе тыя крамы, якія арыентуюцца на багатага кліента», - працягвае стыліст.

Ён упэўнены, што славянскі густ у адзенні прыкметна розніцца ад таго, што прынята насіць у краінах Балтыі. «І ўсё адно робяцца рэверансы ў бок суседняй краіны, трэба прызнаць, што ўсё, што звязана з сэктарам адзення, трэба падладжваць да тых, хто купляе гэнае адзенне», - кажа стыліст.

падзяліцца