Ірына Халіп: Жанчыны не павінны баяцца
8- 10.03.2013, 16:31
Міжнародная федэрацыя ў абарону свабоды слова нагадала пра пагрозы, з якімі сутыкаюцца жанчыны ў розных краінах свету.
На сайце арганізацыі з'явіліся гісторыі змагарак за свабоду - журналістак і грамадскіх актывістак з сямі краін: Філіпін, Бахрэйна, В'етнама, Венесуэлы, Калумбіі, Расеі і Беларусі. IFEX нагадала пра рэпрэсіі, з якімі сутыкнуліся гэтыя жанчыны ў сваіх краінах. Таксама арганізацыя папрасіла іх падзяліцца сваімі пажаданнямі напярэдадні 8 сакавіка.
IFEX звярнулася да жанчын, якія бралі ўдзел у акцыі «23 дзеянні за 23 дні», якая прайшла ў лістападзе мінулага года і была прысвечаная Міжнароднаму дню барацьбы з беспакаранасцю, у тым ліку - да беларускай журналісткі Ірыны Халіп.
У 2011 годзе яна была асуджаная на два гады з адтэрміноўкай выканання прысуду за ўдзел у пратэстах супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў, што адбыліся 19 снежня 2010 года, нагадвае сайт арганізацыі (пераклад - charter97.org). Ірыне Халіп было забаронена выязджаць з Менска. Чыноўнікі тады таксама прыстрашылі забраць яе маленькага сына.
У Міжнародны жаночы дзень журналістка сказала, што спадзяецца ўбачыць свет, у якім жанчыны «не будуць баяцца любіць, нараджаць, шчыра казаць і змагацца з несправядлівасцю, жыць і выхоўваць сваіх дзяцей у сваёй краіне, быць прафесіяналкамі і грамадзянкамі. Не будуць баяцца сапраўды быць жанчынамі».