Леанід Заіка: Пятля на шыі Лукашэнкі зацягваецца
35- 13.03.2013, 13:27
Патрабаванне аддаць МАЗ і «Азот» за кантрабанду «растваральнікаў» - гэта адна з формаў здзеквання над беларускім дыктатарам.
Такім чынам эканаміст і кіраўнік аналітычнага цэнтра «Стратэгія» Леанід Заіка пракаментаваў сайту charter97.org кампенсацыю за страты расейскага бюджэту ад кантрабанды «растваральнікаў» у выглядзе прадпрыемстваў МАЗ і «Гродна Азот».
«Я лічу, што ўсе гэтыя размовы несур'ёзныя. Дадзеныя прадпрыемствы ўяўляюць сабой прадмет мясцовага гандлю. Сутнасць жа заключаецца ў тым, што пасля снежня 2010 года Лукашэнка падпісаў 17 пагадненняў з Масквой. Цяпер з кожным месяцам пятля на яго шыі ўсё больш зацягваецца. Я кажу пра тое, што на дадзены момант Беларусь вінна Расеі велізарныя грошы, якіх аддаць не можа. Таму Крэмль кожны раз прыдумляе новыя здзекі», - адзначыў аналітык.
Эканаміст дадаў, што на праблему з «растваральнікамі» Расея магла б паглядзець скрозь пальцы.
«Гэтае пытанне досыць дробнае для расейскага боку. Яго наогул можна было пазбегнуць, калі б беларусы заплацілі за маўчанне пэўным асобам. Сітуацыя нагадвае дзевяностыя гады, калі бандыты нешта прад'яўлялі адзін аднаму. Цяпер вось Крэмль прад'яўляе беларускаму кіраўніку, і выглядае гэта даволі смешна. Гэта ўсяго толькі чарговая форма здзеку над Лукашэнкам», - сказаў на заканчэнне вучоны.
Нагадаем, беларускія прадпрыемствы МАЗ і «Гродна Азот» могуць стаць кампенсацыяй за страты расейскага бюджэту ад кантрабанды растваральнікаў.
Пра гэта заявіла крыніца, знаёмая з ходам перамоваў наконт стварэння сумесных прадпрыемстваў на базе МАЗа і «Азота».