3 траўня 2024, Пятніца, 5:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Новы ўказ аб канцэртах: «чорныя спісы» узаконяць

32
Новы ўказ аб канцэртах: «чорныя спісы» узаконяць

У адміністрацыі Лукашэнкі рыхтуецца новы ўказ аб арганізацыі канцэртаў.

Плануецца, што арганізатарам зноў давядзецца ўзгадняць з уладамі кожную імпрэзу. Арганізатары канцэртаў з трывогай абмяркоўваюць змены, якія ўводзяцца ў закон «Аб правядзенні культурна-відовішчных мерапрыемстваў». Кажуць, каб правесці канцэрт, з 1 траўня трэба будзе зноў браць гастрольныя пасведчанні, скасаваныя ў 2011 годзе, паведамляе «Еўрарадыё».

«Праект указа ёсць, але ці будуць унесеныя змены 1-га траўня нам не вядома, - даюць скупы каментар у Міністэрстве культуры. – Рэч у тым, што не мы рыхтуем гэты дакумент, яго рыхтуе адміністрацыя Лукашэнкі. Каментаваць чужы дакумент мы проста не маем права».

Магчыма, такім чынам адміністрацыя выконвае даручэнне Лукашэнкі «разабрацца з чорнымі спісамі», што прагучала на прэс-канферэнцыі правадыра дзяржавы 15 студзеня. Распрацоўку новага закона аб арганізацыі канцэртаў ускосна пацвердзілі ва ўправе культуры Менгарвыканкама. Праўда, таксама без каментароў. Дык якую ж дзяржаўную таямніцу абараняюць чыноўнікі?

«Вяртаемся да таго, ад чаго ўжо адышлі: бюракратыі і пісаніны, - разважае на тэму арганізатар канцэртаў Антон Сасноўскі. - Я думаю, гэта ўсё робіцца, каб не тое, што ўзаконіць, але рэгламентаваць усю канцэртную дзейнасць. У тым ліку, і чорныя спісы. Перш за ўсё, менавіта рэгуляваць кожны канцэрт, асабліва ў сітуацыі, калі да нас едуць даслоўна ўсе, ад Земфіры да Мілен Фармэр да Арміна Ван Бюрэна ... Інакш, відаць, дзяржаўная машына проста не дае рады».

Вяртанне «гастролек» значна павялічыць часавыя выдаткі на арганізацыю канцэрта. Раней на афармленне ішло да двух тыдняў.

«Цяпер усё можна рабіць аператыўна, і адно ад іншага не залежыць, - тлумачыць розніцу Антон Сасноўскі. - Рэкламная кампанія ідзе асобна, квіткі друкуюцца асобна. Пасля змен гэта ўсё трэба будзе рабіць разам. Бо, каб расклеіць афішы і наогул выйсці на рэкламу, трэба паказваць звесткі з гастрольнага пасведчання. Трэба паказваць, што я маю права на арганізацыю імпрэзы».

Усё гэта адаб'ецца на гледачах: кошт гастрольнага пасведчання арганізатары будуць дадаваць да кошту квітка.

«У свой час былі «гастролькі» аднолькавыя коштам для беларускіх і для замежных гуртоў, - прадаўжае аб магчымых наступствах яшчэ адзін арганізатар канцэртаў, Віталь Супрановіч. - Напрыклад, заплаціць 1 тысячу даляраў за пасведчанне для замежнай групы, натуральна, можна. Але калі столькі ж будзе каштаваць пасведчанне для беларускага гурта, у якога, магчыма, бюджэт усяго канцэрту - 1 тысяча ... З пасведчаннем атрымаецца ўдвая даражэй, і тады з канцэртамі беларускіх музыкаў узнікнуць праблемы».

Быў час, калі кошт «гастролькі» вагаўся ў залежнасці ад колькасці гледачоў. Напрыклад, калі на канцэрт планавалася сабраць да 300 чалавек, яна каштавала 10 базавых адзінак. Сёння гэта 1 мільён рублёў. Гэтую суму дзелім на колькасць наведвальнікаў і атрымліваем «дадатак» да кошту білета. Але тут варта ўлічваць, што клубы бываюць і на 100, і на 80 чалавек. Да таго ж, арганізатары рэдка плануюць аншлагі і рызыкаваць сваімі грашыма не будуць.

Але «гастролькі» могуць і не даць! Напрыклад, раней музыкам з «чорных спісаў» адмаўлялі праз «нізкі мастацкі ўзровень». Адным з першых з такой фармулёўкай сутыкнуўся гурт «Крама»: у 2007 годзе забаранілі прэзентацыю яго альбома «Усё жыццё - дзіўны сон».

Нагадаем, гастрольныя пасведчанні скасаваныя 1 студзеня 2011 года. З гэтага часу ў Беларусі існуе паведамляльны прынцып арганізацыі імпрэзаў. Гэта значыць, дастаткова проста папярэдзіць выканкам, што пройдзе пэўны канцэрт. Праўда, як паказала практыка, гэта не перашкаджае скасоўваць некаторыя канцэрты ў абыход закона таямнічым тэлефонным званком.

Напісаць каментар 32

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках