2 траўня 2024, Чацвер, 21:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

МУС: На перадавой барацьбы са снегам былі АМАП і ўнутраныя войскі

128
МУС: На перадавой барацьбы са снегам былі АМАП і ўнутраныя войскі

Амапаўцы адносілі п'яных у апорныя пункты, а ўнутраныя войскі чысцілі прыпынкі.

Прэс-служба МУС апісала гераічнае супрацьстаянне супрацоўнікаў міліцыі і снежнай стыхіі 15-17 сакавіка.

Аказваецца, у першых шэрагах герояў барацьбы за жыцці беларусаў, якія замярзалі, апынуліся міліцыянты ППСМ, АМАП і вайскоўцы ўнутраных войскаў.

Амапаўцы «аказвалі дапамогу ў дастаўцы грамадзян дадому ў тых месцах, дзе рух грамадскага транспарту быў ускладнены. Усяго ў апорныя пункты і медустановы было дастаўлена больш за дзвесце чалавек, якія знаходзіліся ў стане алкагольнага ап'янення, папярэдзіўшы тым самым выпадкі іх абмаражэння».

«Дапамогу камунальным і дарожным службам аказвалі вайскоўцы ўнутраных войскаў МУС Беларусі, расчышчалі снег на вуліцах і прыпыначных пунктах. А афіцэры вайсковай часткі 5523, вяртаючыся з камандзіроўкі з Магілёва, неаднаразова спыняліся і аказвалі дапамогу аўтамабілістам, якія з'ехалі ў кювет або трапілі ў ДТЗ. Да расчысткі дарог, а таксама для эвакуацыі аўтамабіляў, была прыцягнутая спецтэхніка на гусенічным ходзе, якая знаходзіцца на ўзбраенні ўнутраных войскаў», паведамляе прэс-служба МУС.

Нагадаем, абурэнне беларусаў выклікала заява аператыўнага дзяжурнага Галоўнага ўпраўлення камандуючага ўнутранымі войскамі пра тое, што «ўнутраныя войскі ў ліквідацыі наступстваў снегападу не прымалі ўдзелу. У нас іншая задача - ахоўваць правапарадак». Менавіта ў гэтыя дні ўнутраныя войскі адзначалі чарговы юбілей і кіраўніцтву відавочна было не да снежных заносаў.

Дзеля справядлівасці варта адзначыць, што сапраўды гераічна сябе павялі супрацоўнікі ДАІ, якія разам з МНС і вайскоўцамі змагаліся з заторамі на галоўных трасах краіны.

Супрацоўнікі ДАІ, выязджалі на месцы ДТЗ і затораў, давалі для абагравання службовыя аўтамабілі кіроўцам і пасажырам машын, у якіх скончылася гаручае, паілі гарачым чаем. Па магчымасці падвозілі да населеных пунктаў тых, чые аўтамабілі ўжо не маглі працягваць рух. У першую чаргу дапамога аказвалася кіроўцам транспартных сродкаў, у якіх знаходзіліся дзеці.

Так, супрацоўнікі спецпадраздзялення ДПС «Страла» выязджалі па выкліку ў раён Кургана Славы. Там у заторы стаяў аўтобус з 46 вучнямі 5-6 класаў адной з менскіх школ, якія вярталіся з экскурсіі з Барысава. Міліцыянты вывелі аўтобус са школьнікамі з затору і суправадзілі яго да Менска.

Таксама быў выратаваны са «снежнага палону» аўтобус з дзецьмі з Клімавіч. На ім 25 вучняў вярталіся дадому з Менска з урачыстай цэрымоніі ўручэння пашпартоў. На выездзе са сталіцы ў магілёўскім кірунку ўтварыўся затор, рух быў цалкам паралізаваны. Дзякуючы разумным дзеянням супрацоўнікаў Дзяржаўтаінспекцыі, аўтобус вывелі з затору, дзяцей размясцілі на начлег у пасёлку Прывольны.

На гэтай жа трасе супрацоўнікамі ДАІ была выратаваная маладая жанчына з нованароджаным дзіцем. Разабраўшы бар'ерную агароджу, вартавыя дарог вывелі аўтамабіль з затору і суправадзілі яго ў сталіцу.

На скрыжаванні МКАД і Партызанскага праспекта ў інспектараў ДПС ДАІ папрасіў дапамогі мужчына, жонка якога знаходзілася ў перадродавым стане, а выкліканая па тэлефоне брыгада «хуткай дапамогі» не змагла пад'ехаць. Супрацоўнікі міліцыі неадкладна прынялі ўсе неабходныя меры і дапамаглі аўтамабілю з парадзіхай аб'ехаць затор.

«У ГУУС Менгарвыканкама паступіла нямала падзяк ад грамадзян, якім супрацоўнікі міліцыі дапамаглі ў эвакуацыі аўтамабіляў», адзначае прэс-служба МУС.

Напісаць каментар 128

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках