27 красавiка 2024, Субота, 9:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пенсіянеры пратэстуюць супраць ушчыльнення Серабранкі

23

Учора ў ЖЭСе №41 прайшла прэзентацыя праекта будаўніцтва шматкватэрнага 19-павярховага жылога дома на вуліцы Малініна.

На сустрэчу з замоўцам і архітэктарам, прызначаную а 16:00, прыйшлі ўсяго некалькі мясцовых жыхароў - пенсіянеры. Нягледзячы на гэта, спрэчка вакол новабудоўлі атрымалася гарачай, а пад канец ледзь не перарасла ў лаянку, піша onliner.by.

Замоўцам аб'екта выступае нейкая арганізацыя «Будучы дом». Яе дырэктар прадставіўся расейскім бізнэсоўцам, які мае ахвоту і магчымасць рэалізаваць у Менску адразу некалькі праектаў у галіне нерухомасці. З жыхарамі ён практычна не меў стасункаў, даверыўшы гэты занятак архітэктару Уладзіміру Крывашэеву. Ад апошняга людзі даведаліся, што новабудоўля запраектаваная паміж дамамі №8 і №12 на вуліцы Малініна, побач з каналам Сляпянскай воднай сістэмы. Цяпер праз гэтую пляцоўку пракладзеная сцежка.

А праз пару гадоў тут можа з'явіцца тыпавы панэльны гмах.

- Гэты квартал праектаваўся паводле старых нормаў, і цяпер тут ёсць шэраг недахопаў, якія можна выправіць за кошт інвестара, - пачаў архітэктар. - У першую чаргу гэта праблема захоўвання аўтатранспарту. Цяпер на тры існыя жылыя дамы прыпадае 32 арганізаваных аўтамабільных месцаў. Інвестар жа створыць 135 дадатковых месцаў:55 для новага жылога дома і 80 для дамоў №8, 10 і 12.

- Ідзем далей. Дзіцячыя пляцоўкі. Яны даўно непрыдатныя. Інвестар абсталюе дзіцячы гарадок, створыць новую дзіцячую пляцоўку і тэнісныя корты паблізу дома. На першым паверсе новабудоўлі размесціцца фізкультурна-аздараўленчы цэнтр, - распавядае далей аб праекце Уладзімір Крывашэеў. - Гэта значыць, з ушчыльненнем забудовы будзе падвышацца якасць вашага жыллёвага асяроддзя.

- Дзіўная рэч. Мы прасілі арганізаваць дадатковыя паркоўкі як раз на тым месцы, дзе вы хочаце будаваць дом. Чыноўнікі адказалі: нельга, зялёная зона. Цяпер, выходзіць, можна і дом на зялёнай зоне пабудаваць. Як гэта разумець? - Абурыўся адзін з жыхароў.

Архітэктар растлумачыў, што будаўніцтва тут не забароненае, гэта не ландшафтна-рэкрэацыйная зона. Тым больш што будзе ссечанае ўсяго адное дрэва.

- Зрабіце нармальную дзіцячую пляцоўку, а дом нам не патрэбны, - прагучала патрабаванне.

- Зразумейце, цяпер адная дарога: інвестар атрымлівае надзел, будуе дом і даводзіць да парадаку навакольную тэрыторыю. У горада на добраўпарадкаванне кожнага двара сродкаў няма, - адказаў архітэктар.

- А на што мы плацім падаткі?

У памяшканні падняўся шум. Пенсіянеры некалькі разоў паўтаралі адны і тыя ж патрабаванні. Перажывалі, што давядзецца шукаць абыходныя шляхі ў краму, калі пад вокнамі пачнецца будоўля і вырыюць катлаван. Хтосьці ўспомніў пра старыя 42-гадовыя камунікацыі, якія, магчыма, не справяцца з дадатковай нагрузкай.

- Вы хочаце, каб усім было дрэнна, толькі вам добра, - не вытрымаў архітэктар. - Падумайце аб вашых унуках, праўнуках. Для іх і дзіцячая пляцоўка, і гарадок. Яны захочуць застацца ў Менску, магчыма, у гэтым жа раёне. А каб усім камфортна жылося, трэба будаваць новае жыллё. Чаму вы супраць?

Узаемаразумення архітэктар з пенсіянерамі так і не знайшоў.

Дырэктар ТАА «Будучы дом» распавёў, што будоўля можа распачацца ўжо ў гэтым годзе. Дом будзе будавацца за кошт сродкаў кампаніі, а кватэры збіраюцца прадаваць пасля здачы аб'екта ў эксплуатацыю. Арыентыровачны кошт квадратнага метра Аляксандр назваць не здолеў.

Напісаць каментар 23

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках