6 траўня 2024, панядзелак, 20:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Крэмль кампенсаваў Менску страту старых каналаў нафтавай кантрабанды

39
Крэмль кампенсаваў Менску страту старых каналаў нафтавай кантрабанды

У другім квартале 2013 года Расея пагадзілася захаваць беспрэцэдэнтныя аб'ёмы паставак сырой нафты на беларускія НПЗ...

...5,75 млн. тон, зыходзячы з запытанага Менскам гадавога балансу ў 23 млн. тон.

Амаль адначасова Мінэнерга Украіны абвясціла вайну дэмпінгу беларускіх нафтапрадуктаў на сваім рынку. Як звязаныя гэтыя падзеі?

Ці быў дэмпінг?

Падпісаны шчодры баланс паставак расейскай нафты на беларускія НПЗ выклікаў у расейскіх удзельнікаў рынка здзіўленне. Бо Мінэнерга РФ патрабавала, каб Менск паставіў у 2013 годзе на расейскі рынак 2,1 млн. тон нафтапрадуктаў у абмен на 18,5 млн. тон сыравіны. А пасля ўзгаднення аб'ёмаў на другі квартал расейцы хочуць атрымаць ужо 3,3 млн. тон прадукцыі беларускіх НПЗ.

12 сакавіка, калі прэм'ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч праводзіў у Маскве перамовы аб пастаўках нафты ў другім квартале бягучага года, расейская газета «Коммерсант" апублікавала артыкул пад гучным загалоўкам «Пастаўкі з Беларусі прымушаюць расейскія НПЗ зніжаць кошты на бензін». У ім, у прыватнасці, паведамлялася, што 4-7 сакавіка ў Расеі праз біржу было прададзена ажно 12 тысяч тон беларускага бензіну, а 11 сакавіка «Лукойл» прадаў «Раснафце» яшчэ адну партыю Аі-92, вырабленага ў Беларусі па давальніцкай схеме. Памер партыі - 5 тысяч тон. На думку газеты, гэтыя здзелкі, праведзеныя «па ніжняй мяжы рынка», прывялі да падзення коштаў на бензін на ўсім расейскім рынку.

Не ставячы пад сумнеў матывы паважаных калег з «Коммерсанта», дазволім сабе прывесці некалькі лічбаў для параўнання. У лютым расейскія кампаніі прадалі на ўнутраным рынку 2,7 млн. тон бензіну. Між тым, па дадзеных расейскіх удзельнікаў рынка, продажы беларускага бензіну ў Расею праз пляцоўку «Белнафтахіма» склалі ў тым жа месяцы 36 тысяч тон, а ў студзені - усяго 18 тысяч тон. Іншымі словамі - толькі 1,3% ад расейскага рынку.

Такім чынам, выходзіць, што Беларусь наўрад ці магла абваліць кошты на расейскім рынку бензіну, пастаўляючы гэтак нязначныя аб'ёмы (аб гэтым, насуперак гучнаму загалоўку, гаворыцца і ў згаданым артыкуле «Коммерсанта»).

Больш за тое, атрымліваецца, што Менск - як і ў 2012 годзе - па-ранейшаму ігнаруе патрабаванні падпісанага з РФ балансу. Паводле апошніх звестак Белстата, у студзені Беларусь экспартавала ў Расею 75 тысяч тон нафтапрадуктаў, з якіх «лёгкія дыстыляты», да якіх адносіцца бензін, склалі 46 тысяч тон. Іншымі словамі - трэць ад узгодненага на гэты месяц балансу па нафтапрадуктах.

Тым не менш, Менск працягвае атрымліваць ад Расеі нафтавыя падарункі - у выглядзе беспрэцэдэнтных аб'ёмаў сыравіны.

Дарэчы - аб аб'ёмах.

Легенды аб магутнасці беларускай нафтаперапрацоўкі

Беларусь яшчэ ніколі не перапрацоўвала 23 млн. тон нафты за год. У 2011 і 2012 гадах, калі Масква пагаджалася забяспечыць «поўную загружанасць» беларускіх НПЗ, максімальны аб'ём перапрацоўкі дасягаў 21,5 млн. тон. Рэальная вытворчая магутнасць беларускіх НПЗ з'яўляецца таямніцай за сям'ю пячаткамі, якая ўзмоцнена засцерагаецца ўладамі Cінявокай.

У адрозненне ад расейскіх НПЗ, якія нядаўна былі вымушаныя прайсці аўдыт, які выявіў, дарэчы, маштабнае завышэнне нафтавымі кампаніямі магутнасцяў сваіх заводаў, адзіная крыніца інфармацыі аб магчымасцях нафтаперапрацоўкі Беларусі - заявы беларускіх чыноўнікаў. Наколькі гэтыя крыніцы вартыя даверу, можна меркаваць па тым, як у 2011 годзе віцэ-прэм'ер Беларусі Уладзімір Сямашка абяцаў за некалькі месяцаў давесці магутнасці айчыннай нафтаперапрацоўкі да 26 млн. тон у год. Хоць раней апублікаваныя праграмы мадэрнізацыі «Нафтану» і Мазырскага НПЗ ставілі мэтай дасягнуць магутнасці 12 млн. тон у год для кожнага завода толькі да 2015 года - пры ўмове выканання плана па інвестыцыях.

Не выключана, што напярэдадні перамоваў аб нафтавым балансе расейскія ўлады спрабавалі правесці нефармальны аўдыт беларускай нафцянкі, і арыштаваны аператар Наваполацкага НПЗ Андрэй Гайдукоў падазраецца ў сліве інфармацыі (ніяк, дарэчы, заканадаўча не закрытай) аб аб'ёмах перапрацоўкі на сваім заводзе расейскім спецслужбам, а зусім ня ЦРУ.

Як бы там ні было, да гэтага дня пры адсутнасці знешніх абмежаванняў на пастаўкі сыравіны, устноўлены рэкорд нашых НПЗ - 21,5 млн. тон. І гэта пры падазрэнні экспертаў, што скандальны экспарт з РБ «змазачных матэрыялаў» у 2011-2012 гадах хаваў кантрабанду ня бензіну, а рээкспарт сырой нафты. Раней Naviny.by пісалі таксама аб падазронай пагрузцы экспартнага мазуту ў Клайпедзе і Таліне на танкеры, прызначаныя для перавозкі сырой нафты.

Такім чынам, што тычыцца бягучага года, то, калі беларускія НПЗ не павялічылі чароўным чынам сваю магутнасць разам на 1,5 млн. тон, то выходзіць, што Крэмль проста кампенсаваў Менску ліквідацыю ранейшых кантрабандных каналаў. Іншымі словамі, замест бяспошліннага экспарту бензіну пад выглядам растваральнікаў, змазачных матэрыялаў і прадуктаў перапрацоўкі венесуэльскай нафты - дазволіў рээкспартаваць паўтара мільёна тон у год сырой нафты.

Хто субсідуе беларускую нафтаперапрацоўку?

У гэтым ключы зразумела і абурэнне ўкраінскіх нафтаперапрацоўшчыкаў, чыя сітуацыя ненашмат палепшылася ад замены адной беларускай кантрабанднай схемы на іншую. Афіцыйны Кіеў зноў споўніўся рашучасці разабрацца з дэмпінгам беларускіх нафтапрадуктаў на ўкраінскі рынак. Прычым прычынай паслужыў зусім не скандальна вядомы «біядызель».

Як паведаміў інтэрнэт-газеце Naviny.by дырэктар кансалтынгавай групы «А-95» Сяргей Куюн, імпарт у Украіну бяспошліннага біядызелю з Беларусі спыніўся яшчэ ў верасні 2012 года. Удзельнікі рынку ў РФ таксама пацвярджаюць рэзкае скарачэнне паставак расейскага дызеля ў Беларусь і, адпаведна, яго рээкспарту ва Украіну.

Але афіцыйны Кіеў турбуе не кантрабанда, а субсідыі афіцыйнаму экспарту беларускіх НПЗ. Для чалавека, знаёмага з беларускай эканамічнай мадэллю, такія абвінавачванні могуць здацца дзіўнымі. Атрымліваецца, што гэта звышканкурэнтная беларуская прамысловасць субсідуе беларускі нафтавы экспарт, а не наадварот, як лічылі наіўныя аглядальнікі?

Тыя ж грошы, але па новых кантрабандных каналах

На самай справе, калі адкінуць малаверагодныя тлумачэнні накшталт «гумовых» магутнасцей беларускіх НПЗ, сітуацыя вымалёўваецца наступным чынам.

У мінулым годзе Крэмль ліквідаваў «растваральнікавы» і «венесуэльскі» беларускія афшоры, праз якія на экспарт бяспошлінна выцякаў расейскі бензін, неабходны ўнутранаму рынку гэтай краіны. Але наўзамен Крэмль пакуль дазваляе Менску рээкспартаваць 1,5-2 млн. тон расейскай нафты пад выглядам нафтапрадуктаў. Пры цяперашняй экспартнай пошліны на нафту ў 420 даляраў за тону і пошліны на нафтапрадукты ў 277 даляраў за тону, гадавы прыбытак Менска ад новага канала кантрабанды можа скласці каля 250 млн. даляраў. За кошт гэтых сродкаў, відавочна, і субсідуецца афіцыйны нафтавы экспарт Беларусі, у тым ліку - ва Украіну. У прыватнасці, кампенсуецца забаронная пошліна на экспарт бензіну, вырабленага ў РБ.

Такім чынам, падобна, што, як і меркавалі Naviny.by, Крэмль кампенсаваў Беларусі скарачэнне нафтавай кантрабанды, насуперак пажаданням расейскага Белага дома. Праўда, у дадзенай сітуацыі нельга выключаць і сумеснай гульні расейскага кіраўніцтва ў дачыненні да Менска - у «добрага-дрэннага паліцэйскага».

Як бы там ні было, фактам застаецца тое, што беларускія ўлады пакуль атрымліваюць нафтавыя льготы, нягледзячы на парушэнні ўмоваў па пастаўках нафтапрадуктаў на расейскі рынак. А за захаванне кантрабандных даходаў Менск па-ранейшаму плаціць толькі абяцаннямі прыватызацыі цікавых Крамлю актываў.

Стась Івашкевіч, «Белорусские новости»

Напісаць каментар 39

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках