29 сакавiка 2024, Пятніца, 0:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аляксандр Надсан: Беларускія ўлады падобныя да янычараў

40
Аляксандр Надсан: Беларускія ўлады падобныя да янычараў

Дзень 25 сакавіка 1918 года стаў «пуцяводнай зоркай» для многіх пакаленняў беларусаў, але не для цяперашніх уладаў.

Напярэдадні Дня волі айцец Аляксандр Надсан, святар Беларускай грэка-каталіцкай царквы і апостальскі візітатар для беларусаў замежжа, адказаў на пытанні сайта charter97.org.

- Праз некалькі дзён мы будзем адзначаць Дзень Волі - 95 гадавіну абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. Перш за ўсё, дазвольце павіншаваць вас з гэтым святам і спытаць, чым асабіста для вас яно з'яўляецца.

- Дзякуй. Я хацеў бы таксама павіншаваць вашых чытачоў з днём 25 сакавіка. Гэтае свята - сімвал, пуцяводная зорка, якая асвятляе наш шлях. Абвяшчэнне Беларускай Народнай Рэспублікі дало нам надзею на тое, што калі-небудзь беларусы здабудуць сапраўдную незалежнасць. Без гэтага ўчынку нам было б нашмат складаней жыць далей.

- Чаму, на вашую думку, афіцыйныя ўлады не проста не ўспрымаюць гэтае свята, а перашкаджаюць звычайным беларусам адзначаць яго - разганяюць мірныя дэманстрацыі і збіваюць іх удзельнікаў?

- Пытанне ў тым, ці беларуская гэта ўлада. Напэўна, не. Таму і перашкаджаюць. З гісторыі мы можам узгадаць, што калісьці яшчэ ў Асманскай імперыі было войска з янычараў. Улады забіралі малых дзяцей у бацькоў, якія не былі туркамі. Іх гадавалі ў нянавісці да ўсяго роднага ім. Гэтыя салдаты былі найбольш бязлітаснымі ва ўсім турэцкім войску. Цяперашнія людзі ва ўладзе крыху падобныя да янычараў. Яны ненавідзяць усё беларускае. Безумоўна, Лукашэнка не служыць нашаму народу. Для яго самае важнае — гэта жаданне адзінаасобнай улады. Узгадайце першыя гады яго кіравання. Тады ў яго былі яшчэ большыя амбіцыі, у прыватнасці, стаць кіраўніком суседняй дзяржавы, але гэта яму не ўдалося. Не таго маштабу чалавек. Яму прыйшлося абмежавацца Беларуссю, якая стала яго асабістай вотчынай.

- Вядома, што спробы адрадзіць незалежнасць Беларусі неаднаразова былі пасля 1918 года. Быў «Слуцкі збройны чын», былі спробы падчас Другой Сусветнай вайны, быў антысавецкі партызанскі рух. Чаму не атрымалася дасягнуць мэты ў той час?

- Было шмат прычын. Перш з ўсё, гэта геаграфічнае становішча Беларусі - без натуральных абаронаў на межах. Утрымаць незалежнасць было вельмі цяжка. Другая прычына - у тым, што нацыянальная свядомасць беларусаў толькі пачынала фарміравацца. Гэты працэс фактычна пачаўся ў пачатку ХХ стагоддзя, з «Нашай Нівы». І за некалькі дзесяткаў гадоў было вельмі цяжка дабіцца таго, каб разуменне важнасці незалежнай дзяржавы дайшло да ўсяго насельніцтва. Думаю, што большасць людзей, асабліва ў вёсках, былі абыякавымі да гэтага.

- Пасля заканчэння вайны вы з'ехалі з Беларусі і ўдзельнічалі ў партызанскай барацьбе немцаў у Францыі, а таксама ваявалі ў складзе войска генерала Андэрса. Ці шмат беларусаў з'ехалі тады разам з вамі? Ці ўдзельнічалі яны ў вайсковых дзеяннях на «заходнім» баку антыгітлераўскай кааліцыі? На што спадзяваліся?

- Гэта быў 1944 год, яшчэ ішла вайна. Я з'ехаў разам з групай людзей, якія былі свядомымі беларусамі і вельмі спадзяваліся, што наша краіна стане незалежнай. Мы бачылі становішча: на Захадзе тады нічога не было вядома пра Беларусь. Нас запісвалі то палякамі, то расейцамі. І мы спрабавалі змяніць гэтае стаўленне. Перш за ўсё, нам трэба было ваяваць за тое, каб нас прызнавалі беларусамі, каб разумелі, што ёсць такая краіна - Беларусь.

- Вы ўдзельнічалі ў стварэнні аднаго з самых моцных аб'яднанняў беларусаў за мяжой у пасляваенны час - Згуртавання беларусаў Велікабрытаніі. Якія мэты тады ставіла перад сабой беларуская дыяспара? Наколькі ўдалося іх дасягнуць?

- Першай мэтай было захаванне сваёй беларускасці, дапамога адзін аднаму. Таксама вельмі важным было распаўсюджванне інфармацыі пра нашу краіну. Пасля вайны трэба было пачынаць жыццё нанова ў чужой дзяржаве. І вельмі важнай была ўзаемная дапамога адзін аднаму не толькі дзеля таго, каб уладкавацца, але і дзеля таго, каб не забыцца, што мы — беларусы. Было вельмі цяжка, але, прынамсі, удалося дабіцца таго, каб Беларусь ужо не была такой невядомай, як раней. Мы былі маладыя і энэргічныя і ў нас атрымалася стварыць нешта. Што тычыцца Велікабрытаніі, то гэта і Згуртаванне беларусаў і выдавецтва Belarusian Studies. Мы прыцягнулі да тэмы Беларусі заходніх вучоных, славістаў, зацікавілі іх.

- Якія галоўныя задачы стаяць, на вашую думку, перад беларусамі замежжа сёння. Якія галоўныя кірункі працы дыяспары вы бачыце? Як беларусы замежжа могуць уплываць на сітуацыю ўнутры краіны?

- Уплываць цяжка. Пакаленне той хвалі эміграцыі, да якой належу я, ужо сталага веку, яны ўжо адыходзяць. Маіх равеснікаў засталося вельмі мала. Цяпер ёсць новая хваля эміграцыі, якія прыехалі ў канцы мінулага і пачатку гэтага стагоддзя. Многія з іх добра ўладкоўваюцца, знаходзяць працу, але я бачу ў іх вельмі мала ахвоты да таго, каб заняцца беларускай справай. Мне заўсёды сумна, калі я не бачу той ахвярнасці, якая была ў нас, калі мы, яшчэ маладыя, пачыналі стваральную працу з нічога, на пустым месцы. Вельмі добра, што яны не адракаюцца ад сваёй беларускасці, але шкада, што вельмі мала хто з іх нешта робіць дзеля сваёй краіны. Ёсць выключэнні з гэтага правіла. Ёсць людзі, якія выехалі за мяжу і працуюць вельмі добра і ахвярна. Але, калі параўнаць з той вялікай колькасцю выхадцаў з Беларусі, якія ёсць на Захадзе, такіх вельмі мала, літаральна адзінкі. Але мы павінны дзякаваць Богу і за гэтых адзінак, якія нешта робяць.

- На прыкладзе нашых суседзяў, напрыклад той жа Польшчы, мы ведаем пра вырашальную ролю царквы ў барацьбе за свабоду. Якую ролю царква (маюцца на ўвазе ўсе традыцыйныя хрысціянскія канфесіі) адыгрывае зараз у барацьбе за свабоду беларусаў? Якую ролю павінна адыгрываць? Што для гэтага неабходна?

- Гэта цікавае і адначасова складанае пытанне. Мэтай царквы не ёсць змаганне за нацыянальную незалежнасць. Але з іншага боку, мы, як хрысціяне, як вернікі, павінны заўсёды змагацца за справядлівасць. Прычым, за справядлівасць для ўсіх - незалежна ад нацыянальнасці, сацыяльнага статусу і гэтак далей. Я раблю гэта, як святар. Як беларус, я заўсёды кажу пра тое, што наш народ павінен заняць сваё месца ў вялікай Божай сям'і ўсіх народаў.

- Ці плануеце вы сустрэчу з новым Папам Рымскім Францішакам? Пра што хацелі б з ім паразмаўляць?

- Калі Бог дасць сілы, я б хацеў прыехаць у Рым і папрасіць аўдыенцыі ў Папы. Пакуль што пра гэта рана казаць. Галоўнае, што б я папрасіў — гэта каб Папа Рымскі Францішак маліўся за Беларусь.

- Некаторыя заходнія палітыкі сёння называюць Лукашэнку быццам бы гарантам незалежнасці Беларусі і заклікаюць весці з ім перамовы. Наколькі слушная такая пазіцыя? Хто з'яўляецца сёння гарантам незалежнасці Беларусі?

- Нажаль, нічога новага ў гэтым няма. Яшчэ перад Другой Сусветнай вайной заходнія палітыкі, дэмакраты, шукалі кампрамісу з Гітлерам. Нічога з гэтага не выйшла. Шукалі кампрамісу з Савецкім Саюзам. Таксама нічога не атрымалася. Цяпер шукаюць кампрамісу з Лукашэнкам. Ён маленькі чалавек, асоба не таго маштабу, як Гітлер ці Сталін, але ў заходнім грамадстве такі менталітэт, што яны шукаюць магчымасці пазбегнуць канфлікту. Каб было ўсё спакойна. Гэта не заўсёды магчыма. Падобныя кампрамісы ніколі не прыводзяць да дабра нікога. Ёсць выпадкі, калі неабходна выказаць сваё маральнае стаўленне, моцную маральную пазіцыю.

Што тычыцца пытання пра тых, хто выступае гарантам незалежнасці, то я больш спадзяюся на беларускую моладзь. Нягледзячы на тое, што знаходжуся далёка ад яе і фізічна і векам, я з цікавасцю і надзеяй гляджу на новае пакаленне. Нягледзячы на цяжкасці, сярод яго ёсць вельмі шмат свядомых беларусаў. Тое, што сёння наша краіна, хай сабе фармальна, але незалежная, ужо ўваходзіць у менталітэт людзей. Нават калі яны не размаўляюць па беларуску, яны разумеюць, што яны - беларусы, грамадзяне Рэспублікі Беларусь.

Для кожнага чалавека вельмі важна рабіць усё ў адпаведнасці з сумленнем. Калі б такое было і ў палітыцы, было б вельмі добра.

- З гісторыі мы ведаем пра тое, якую ролю адыгрывала эміграцыя у жыцці краін, якія знаходзіліся пад акупацыяй. Можна прывесці прыклад польскага ўраду Сікорскага ў выгнанні падчас Другой сусветнай, «Свабоднай Францыі» дэ Голя. Наколькі аўтарытэтнай беларуская дыяспара, на вашу думку, з'яўляецца сёння? Чаго ёй бракуе для павышэння гэтага аўтарытэту?

- Тут вельмі моцны ўплыў аказала колькасць эміграцыі. Тыя ж палякі мелі вельмі шмат людзей, якія з'ехалі за мяжу яшчэ ў 19 стагоддзі. Беларуская эміграцыя зрабіла тое, што было ў яе магчымасцях. А яны былі вельмі абмежаваныя. Пасля апошняй вайны з краіны з'ехалі людзі, якія на новым месцы нічога не мелі. Пры гэтым удалося зрабіць шмат - і ў палітычным, і ў культурным плане. Беларусь ужо не з’яўляецца «белай плямай» на карце Еўропы. У Велікабрытаніі гэта заслуга Англа-беларускага таварыства, якое на працягу 20 гадоў выдавала на англійскай мове «Journal of Belarusian studies», які разыйшоўся па ўсіх буйных бібліятэках свету, сярод многіх палітыкаў і вучоных. Мала таго, ужо вырасла новае пакаленне маладых беларусаў, грамадзянаў заходніх краін, якія адчуваюць сябе беларусамі, памятаюць пра свае карані. Асабліва гэта датычыцца Канады і ЗША.

- У свой час многія ўрады былых савецкіх краін перадалі свае паўнамоцтвы афіцыйным прадстаўнікам сваіх краін. Шмат дзе прадстаўнікі эміграцыі занялі кіруючыя пасады ў новых дэмакратычных урадах сваіх дзяржаў. Ці магчыма такое ў сітуацыі з Беларуссю?

- У свой час прадстаўнікі старой эміграцыі павялі сябе вельмі разумна. У пачатку 90-гадоў многія казалі пра тое, што, напрыклад, Рада БНР павінна перадаць свае паўнамоцтвы беларускаму ўраду. Яны тады так не зрабілі, і я думаю, што паступілі правільна. Але вельмі спадзяюся, што хутка прыйдзе той час, калі гэта стане магчымым, калі ў Беларусі будзе абраны дэмакратычны ўрад.

- Дзякуй за інтэрв'ю.

- Дзякуй. Яшчэ раз хацеў бы павіншаваць з 95 гадавінай абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі і пажадаць усяго найлепшага.

Фота: photo.bymedia.net

Напісаць каментар 40

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках