1 траўня 2024, Серада, 13:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дзень Волі стартаваў у Варшаве

26
Дзень Волі стартаваў у Варшаве

Шэсце і мітынг беларусаў прайшлі 23 сакавіка ў Варшаве.

У акцыі, прымеркаванай да 95-х угодкаў абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі, у Варшаве ўзялі ўдзел больш за 60 чалавек.

Людзі, што сабраліся, прайшлі цэнтрам Варшавы ад плошчы Трох Крыжоў па галоўнай турыстычнай вуліцы Новы Свят. Падчас шэсця людзі скандавалі лозунгі «За вашу і нашу свабоду!», «Жыве Беларусь!» і раздавалі ўлёткі, якія інфармуюць аб палітычнай сітуацыі ў Беларусі. Акцыя прывабіла вялікую ўвагу жыхароў і гасцей Варшавы: у натоўпе луналі дзясяткі бел-чырвона-белых сцягоў, а таксама сцягі ЕЗ і Польшчы. Мінакі актыўна фатаграфаваліся на фоне шэсця і цікавіліся сітуацыяй у Беларусі.

Маніфестацыя прадоўжылася на Замкавай плошчы, дзе прайшоў мітынг. На ім выступілі каардынатар «Еўрапейскай Беларусі» і дырэктар «Беларускага дома ў Варшаве» Зміцер Бародка, лідар Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Зянон Пазняк і галоўны рэдактар сайта charter97.org Наталля Радзіна.

Падчас свайго выступу Зміцер Бародка заклікаў беларусаў «прадаўжаць справу нашых продкаў».

«Нашы слаўныя беларускія продкі 95 гадоў таму заклалі першыя камяні ў падмурак беларускай незалежнасці. Яны гэта зрабілі, таму што верылі ў Беларусь, верылі ў нашую будучыню. Іх будучыня - гэта мы. Таму мы павінны прадоўжыць тую справу, якую яны пачалі, і будаваць наш дом, які завецца Беларуссю», - заявіў ён.

Лідар Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Зянон Пазняк заклікаў беларусаў аб'яднацца на аснове нацыянальнай ідэі.

«Дзень Волі важны для беларусаў, таму што гэтая дата стала сакральным знакам нашай нацыі. Гэты сімвал кансалідуе ўсіх, незалежна ад палітычных поглядаў. Большасць даследчыкаў, кажучы пра тое, чаму не рэалізавалася Беларуская Народная Рэспубліка ў той час, прыводзяць шмат прычын. Я акцэнтую ўвагу не на тых аб'ектыўных прычынах, а на тым подзвігу, які даў магчымасць абвясціць незалежнасць БНР, пракласці дарогу на будучыню. Таму што калі б не была абвешчаная Беларуская Народная Рэспубліка, то мы б не мелі сёння незалежнасці. Гэта быў першы крок, гэта была праграма на будучую барацьбу, і праз 73 гады яна была выкананая. Незалежная дзяржава сёння ў пэўным сэнсе ёсць, незалежна ад таго, якая там улада. Дзяржава як міжнародны суб'ект права існуе. Важна акцэнтаваць на тых пазітыўных рэчах, на той пазітыўнай ролі гісторыі, якую адыграла 25 сакавіка.

Ёсць некалькі найважнейшых фактараў, якія вядуць да перамогі. Па-першае, павінна быць нацыянальная ідэя, якая кансалідуе ўсё грамадства. Такая ідэя была. Па-другое, павінна існаваць арганізацыя, якая б гэтую нацыянальную ідэю рэалізоўвала. Такая арганізацыя была - Беларуская сацыялістычная грамада, іншыя арганізацыі, якія вакол гэтай ідэі кансалідаваліся. Трэці важны фактар - міжнародная салідарнасць, гэта хваля барацьбы народаў за адну ідэю.

Чаму нам сёння так цяжка? Чаму мы ўжо 20 гадоў не можам пазбавіцца ад гэтага ідыёцкага шызафрэнічнага рэжыму, быўшы нашмат мацнейшымі і ў сэнсе палітычным, і ў сэнсе ведання гісторыі? Таму што мы засталіся адныя. Таго працэсу, той агульнай хвалі - няма. Усе краіны ўжо пайшлі значна далей. Яны ўжо ўваходзяць у Еўрапейскі Звяз. Наша барацьба моцна зацягнулася, але яна абавязкова скончыцца перамогай. Трэба набрацца цярпення, трымацца і памятаць пра тых людзей, якія 95 гадоў таму ў вельмі цяжкіх варунках паднялі гэты сцяг, і гэты сцяг быў пераможным. Кансалідавацца трэба на гэтай аснове. Якія б не былі палітычныя рознагалоссі, але ёсць сітуацыя, калі трэба быць усім разам. Дзень Волі кансалідуе ўсіх. І няхай гэта будзе свята нашай кансалідацыі», - заявіў Зянон Пазняк.

Наталля Радзіна заклікала беларусаў замежжа працаваць для таго, каб наблізіць перамены на радзіме.

«Мне вельмі горка, што гэты Дзень Волі я адзначаю не ў Беларусі, як гэта рабіла амаль усё жыццё, а за яе межамі. Але мы ўсімі думкамі сёння ў Беларусі, дзе людзі гераічна далей змагаюцца за свабоду. Мы ўсе былі вымушаныя пакінуць радзіму праз палітычныя рэпрэсіі, і сёння я заклікаю ўсіх вас задаць сабе адно простае пытанне: што я магу зрабіць для Беларусі? Кожны з вас можа зрабіць шмат, каб наблізіць той час, калі краіна здолее стаць свабоднай і дэмакратычнай. Сёння мы не павінны проста жыць за мяжой, мы павінны працаваць для таго, каб наблізіць перамены і вярнуцца ў Беларусь. Я веру, што нашая краіна зойме сваё месца ў сям'і вольных еўрапейскіх народаў і мы адзначым Дзень Волі ўсе разам на радзіме. Жыве Беларусь!»- заявіла Наталля Радзіна.

У канцы мітынгу на Замкавай плошчы выступіў беларускі гурт «Мятліца», і ўсе ахвотныя маглі пачаставацца стравамі нацыянальнай беларускай кухні - дранікамі і крупнікам.

Сярод удзельнікаў акцыі былі таксама такія вядомыя людзі, як былы начальнік штаба кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава і каардынатар «Еўрапейскай Беларусі» Уладзімір Кобец, былы палітвязень і каардынатар «Еўрапейскай Беларусі» Аляксандр Атрошчанкаў з сям'ёй, былы палітвязень Дзмітрый Дрозд, судырэктар «Беларускага Дома ў Варшаве» Алесь Зарэмбюк, намеснік старшыні «Звязу для дэмакратыі ў Беларусі» Ігар Коктыш, дачка каардынатара «Еўрапейскай Беларусі» і былога палітвязня Зміцера Бандарэнкі Юлія ды іншыя.

Арганізатарамі акцыі выступілі грамадзянская кампанія «Еўрапейская Беларусь» і «Беларускі Дом у Варшаве».

Напісаць каментар 26

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках