Як гэта было 20 гадоў назад? (Відэа)
45- 24.03.2013, 17:58
Урачыстая музыка, бел-чырвона-белыя сцягі... Васіль Быкаў, Ніл Гілевіч, Станіслаў Шушкевіч і Зянон Пазьняк - разам і ў святочным настроі на Дні Волі-1993.
У 1993 годзе Дзень Волі ўпершыню святкавалі на афіцыйным узроўні. Многія з беларусаў тады з энтузіязмам віталі свята, якое стала на той момант сімвалам адраджэння ідэалаў краіны і натхняла на будаўніцтва новай Беларусі, паведамляе «Белсат».
Святочныя мерапрыемствы з удзелам тагачаснага кіраўніка краіны Станіслава Шушкевіча і старшыні Рады БНР Язэпа Сажыча прайшлі ў Дзяржаўнай філармоніі. Удзельнікаў урачыстага сходу віталі знакавыя для беларускай культуры асобы: прадстаўнікі культурнай інтэлігенцыі, тагачасныя палітыкі і дзеячы беларускай эміграцыі.
Імпрэзу распачалі музыкі ў шляхецкіх кунтушах і нацыянальных касцюмах, якія затрубілі ў рогі. З вуснаў афіцыйных асоб, якія выйшлі на сцэну, - гучала нязмушаная беларуская мова. Авацыі, натхнёныя твары прысутных і выкананне ўсёй залай, стоячы, гімна БНР «Мы выйдзем шчыльнымі радамі».
Палітык Віктар Івашкевіч назваў гэта святкаванне самым удалым: «І кіраўнік беларускай дзяржавы Шушкевіч выступаў, і гэта было афіцыйнае дзяржаўнае мерапрыемства».
Чальцы Саюза беларускіх афіцэраў правялі ў 1993 годзе арганізаванае шэсце на праспекце Ф. Скарыны ў Менску. Удзельнікі пашыхтаваліся ў спецыяльныя калоны і ішлі пад бой барабанаў выразным вайсковым крокам. У маршы ўзялі ўдзел некалькі дзесяткаў тысяч чалавек: калі галава калоны, да якой далучаліся мінакі, дасягнула Кастрычніцкай плошчы, яе хвост з плошчы Незалежнасці яшчэ не выйшаў. На чале калоны тады ішоў кіраўнік арганізацыі вайскоўцаў – сёння палітвязень Мікалай Статкевіч.
Шэсце скончылася ў скверы Янкі Купалы, дзе каля помніка паэту адбыўся мітынг, прысвечаны 75-й гадавіне абвяшчэння БНР. Сярод яго ўдзельнікаў былі пісьменнік Васіль Быкаў і кіраўнік БНФ Зянон Пазняк, а таксама старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады Алег Трусаў і мастак Мікола Купава.