29 сакавiка 2024, Пятніца, 11:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Хтосьці яшчэ будзе казаць, што мы свой народ напружваем коштамі?»

122
«Хтосьці яшчэ будзе казаць, што мы свой народ напружваем коштамі?»

Намеснік міністра с/г і харчавання не ведае, чаму людзям здаецца, што кошт прадуктаў харчавання занадта высокі.

Аб гэтым першы намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Марыніч заявіў сёння ў часе прэс-канферэнцыі ў БелТА.

На пытанне інфармагенцтва, наколькі сёння ў Беларусі кошты адпавядаюць рынкавым варункам і здароваму сэнсу, чыноўнік выдаў дзіўны адказ:

- Гэта пытанне, якое ў нас у краіне заўсёды пэўнай катэгорый людзей «закранаецца». Кажуць чамусьці, што ў Беларусі самыя высокія кошты на ўнутраным рынку харчавання. Але напраўду гэта не так.

Я падам звесткі, якія сведчаць аб тым, што на сёння кошт мяса, малака ды іншай сельгаспрадукцыі, якая рэалізуецца для перапрацоўкі, у залежнасці ад прадукцыі на 6-18-23% ніжэйшы, чым у Расеі. То бок наш АПК перадае сваю прадукцыю перапрацоўнікам значна танней у параўнанні з закупнымі коштамі ў Расеі. Нашыя гуртовыя і раздробныя кошты ў залежнасці ад прадукцыі таксама на 4-6-8% ніжэйшыя, чымся ў Расеі. У нас у краіне склалася несправядлівая грамадская думка аб кошце прадуктаў харчавання. Але чаму ў СМІ кажуць, што кошты высокія, чаму людзі так мяркуюць, я не ведаю.

Вось, калі ласка, параўнальны аналіз беларускіх і расейскіх коштаў у далярах, каб было больш зразумела.

Так, закупныя кошты ў жывой вазе на буйную рагатую жывёлу складаюць $ 1,9 у Беларусі і $ 2,4 у Расіі. Закупны кошт свініны ў жывой вазе складае $ 2 у Беларусі і $ 2,3 у Расіі - розніца 16%. Сярэдні продажны кошт, гэта значыць ужо пасля перапрацоўкі, ялавічыны ў Беларусі - $ 4,7, у Расеі - $ 5,4 - розніца 16%. Сярэдні продажны кошт каўбас вараных у Беларусі роўны $ 4,3, у Расеі - $ 9,7.

І што, ведаючы пра тое, што вараная каўбаса ў Расеі каштуе ўдвая даражэй, у Беларусі нехта яшчэ будзе казаць, што мы свой народ напружваем коштамі? З іншага боку, вядома, трэба прызнаць, што кошт рэалізацыі прадукцыі, гэта мы добра бачым у мытных справаздачах, фактычна ніжэйшы за беларускі.

Ёсць шэраг суб'ектыўных і аб'ектыўных чыннікаў, гэта і прыродна-кліматычныя варункі, і ўзровень арганізацыі вытворчасці, і аб'ём вытворчасці на аднаго працоўнага, і колькасць працоўных на прадпрыемствах сельгасвытворчасці, аўтаматызацыя, мадэрнізацыя - тут можна ўзяць мноства чыннікаў, якія ўплываюць на фармаванне ўнутранага кошту ў канкрэтнай дзяржаве.

Таму ў нас кошты адпавядаюць рэальнаму становішчу ў эканоміцы сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, я мяркую.

***

Нагадаем, учора Белстат апублікаваў звесткі, якія сведчаць аб тым, што Беларусь лідар у росце коштаў ва ўсёй Еўразіі.

Напісаць каментар 122

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках