5 траўня 2024, Нядзеля, 23:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Незалежных журналістаў абвінавацілі ў шпіянажы на фэрме

81
Незалежных журналістаў абвінавацілі ў шпіянажы на фэрме

Намеснік старшыні СВК «Лебядзянка» абвінаваціў журналістаў «Белсата» ў «прамысловым шпіянажы» падчас здымак сюжэту.

Яны хацелі сустрэцца з работнікамі гэтай гаспадаркі, каб мець магчымасць спраўдзіць або зняпраўдзіць інфармацыю пра тыя парушэнні, пра якія распавядаў у сваім пісьмовым звароце да мясцовых улад у газэце «Магілёўскі Выбар» грамадскі актывіст Валерый Вусік, піша ПЦ «Вясна».

У час наведвання адной з жывёлагадоўчых фэрмаў гаспадаркі, дзе яны размаўлялі з працаўнікамі СВК «Лебядзянка» аб іхных сапраўдных заробках і варунках працы, на жывёлагадоўчы аб'ект прыбыў намеснік старшыні кааператыва. Ён абвінаваціў журналістаў Белсата ў «прамысловым шпіянажы» і запатрабаваў ад іх неадкладна пакінуць «сакрэтны» аб'ект, пагражаючы выклікаць супрацоўнікаў Бялыніцкай міліцыі.

Увечары 28 лютага дамоў да Валерыя Вусіка ў сяло Лебядзянка завітаў інспэктар Сяргей Карыткін, які спрабаваў даведацца, «на якой падставе Валерый Вусік запрасіў тэлевізію».

«Я ўвогуле адмовіўся размаўляць з гэтым чалавекам, які так некарэктна паставіўся да мяне раней, - кажа Валерый Вусік. - Я сказаў, што не абавязаны яму даваць справаздачу ў нейкіх сваіх учынках і запатрабаваў, каб ён пакінуў мой двор. Крыху пазней інспэктар сышоў».

Аднак на гэтым гісторыя з візітам журналістаў «Белсата» ў стратэгічную вёску Лебядзянка не скончылася. Як паведаміў 2 сакавіка Валерый Вусік, на двух удзельнікаў гутарак з карэспандэнтамі незалежнага тэлеканала супрацоўнікамі міліцыі складзеныя пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні. Якая афіцыйная прычына для складання гэтых пратаколаў, пакуль наш карэспандэнт удакладніць не здолеў.

Са слоў Валерыя Вусіка, гэта проста чарговая спроба запалохаць працаўнікоў СВК «Лебядзянка» з боку міліцыі і мясцовых улад, каб яны баяліся хоць нешта казаць з нагоды праблем, якія існуюць у гаспадарцы.

Напісаць каментар 81

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках