24 красавiка 2024, Серада, 11:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Паўночная Карэя абвясціла вайну Паўднёвай (Відэа)

278
Паўночная Карэя абвясціла вайну Паўднёвай (Відэа)

(абноўлена - 12.15) Улады КНДР абвясцілі, што ўступаюць у «стан вайны» з Паўднёвай Карэяй.

Пра гэта раніцай у суботу, 30 сакавіка, паведамляе Lenta.ru са спасылкай на паўночнакарэйскае Цэнтральнае тэлеграфнае агенцтва (ЦТАК).

Паводле звестак Agence France-Presse, у заяве, распаўсюджанай ва ўсіх дзяржаўных органах і ўстановах КНДР, кажацца, што з гэтага часу «ўсе пытанні паміж дзвюма Карэя будуць развязвацца згодна з варункамі ваеннага часу».

Як пазней ўдакладніла РІА "Новости", у арыгінальным тэксце заявы з Пхеньяна гаворыцца толькі пра тое, што Паўночная Карэя будзе дзейнічаць "па законах ваеннага часу" у выпадку правакацый супраць яе, якія могуць перарасці ў "поўнамаштабную" і нават "ядзерную" вайну.

Стан няпэўнасці на Карэйскай паўвыспе, які нельга назваць ні вайной, ні мірам, падышоў да канца, кажацца ў супольнай заяве «партыі, міністэрстваў ды іншых устаноў» КНДР, зачытанай у эфіры мясцовай тэлевізіі.

«Сітуацыя на Карэйскай паўвыспе, якая не з'яўляецца ні мірам, ні вайной, падышла да канца», - цытуе заяву паўночнакарэйскіх улад паўднёвакарэйскае агенцтва Рэнхап.

Белы дом вельмі стрымана адрэагаваў на ваяўнічыя заявы Паўночнай Карэі: падстаў для пачатку баявых дзеянняў на Карэйскай паўвыспе няма, КНДР можа ісці да міру шляхам ліквідацыі ядзернай праграмы. Такую пазіцыю ўрада ЗША выклаў намеснік прэс-сакратара Белага дома Джошуа Эрнэст на просьбу пракаментаваць абвяшчэнне Пхеньянам «плану тэхнічнай падрыхтоўкі стратэгічных ракетных войскаў да нанясення ўдару па вайсковых базах у ЗША, а таксама ў Паўднёвай Карэі, у выпадку правакацыі».

Чыноўнік заявіў, што ўзброеныя сілы ЗША маюць усе магчымасці для адказу на агрэсіўныя дзеянні. Тым не менш, ён упэўнены, што да гэтага не дойдзе, перадае «Эхо Москвы».

Сітуацыю на Карэйскай паўвыспе пракаментавала прадстаўніца Рады нацыянальнай бяспекі ЗША Кэйтлін Хэйдэн:

«Мы звярнулі ўвагу на паведамленне пра новыя неканструкцыйныя заявы Паўночнай Карэі. Мы ўспрымаем гэтыя пагрозы сур'ёзна і падтрымліваем шчыльныя кантакты з нашымі паўднёвакарэйскімі хаўруснікамі. Мы таксама ўлічваем, што ваяўнічая рыторыка і пагрозы доўжацца ўжо працяглы час. Цяперашняя заява прагучала ў тым жа ключы».

Кэйтлін Хэйдэн дадала, што ўлады ЗША робяць дадатковыя захады супраць пагрозы з боку КНДР.

Нагадаем, што Паўночная Карэя прыняла пастанову абарваць астатні канал сувязі з Паўднёвай, у сувязі з тым, што «вайна можа пачацца ў кожны момант», паведамляе Reuters. Днём раней ЗША і Паўднёвая Карэя заявілі аб сваёй гатоўнасці пачаць атаку ў выпадку агрэсіі з боку Паўночнай Карэі. Гэты крок з'яўляецца апошнім у чарадзе пагроз Паўночнай Карэі ў адказ на санкцыі ААН, уведзеныя пасля ядзерных выпрабаванняў, якія праводзіліся ў лютым.

Улады Паўночнай Карэі ўжо пакінулі адказваць на тэлефанаванні з ЗША. «У сітуацыі, калі вайна можа распачацца ў кожны момант, няма патрэбы падтрымліваць вайсковую сувязь», - паведамляе інфармацыйнае агенцтва Паўночнай Карэі са спасылкай на вайсковага прадстаўніка. «Не існуе ніякага дыялогу, каналаў і сродкаў сувязі паміж КНДР і ЗША і паміж поўначчу і поўднем».

У пятніцу, 29 сакавіка стала вядома, што паўночнакарэйскія ракеты нацэленыя на сталіцу ЗША Вашынгтон, такая выснова была зробленая на грунце фотаматэрыялаў, апублікаваных на сайце Цэнтральнага тэлеграфнага агенцтва КНДР. Раней лідар краіны Кім Чэн Ын папярэдзіў свае ўзброеныя сілы пра тое, што «трэба праводзіць вучэнні ў варунках, максімальна набліжаных да баявых».

Варта адзначыць, што фактычна вайна паміж дзвюма дзяржавамі Карэйскай паўвыспы не сканчалася з 1953 года, бо пасля вайны паміж КНДР і Паўднёвай Карэяй не была ўкладзеная мірная ўмова.

Даведка:

Вытокі цяперашняй напружанасці на Карэйскай паўвыспе былі закладзеныя ў 1945 годзе, калі скончылася Другая сусветная вайна, паведамляе РІА Новости.

Аж да 1945 года Карэя з'яўлялася калоніяй Японіі, яе генерал-губернатарствам. Разбіццё войскамі Чырвонай Арміі Квантунскага войска Японіі прычынілася да вызвалення Паўночнай Карэі ў жніўні 1945 года. Паводле пагаднення паміж хаўруснікамі ў антыгітлераўскай кааліцыі ў Карэі былі вызначаныя дзве часовыя зоны для прыймання капітуляцыі японскага войска: савецкая - на поўнач ад 38-й паралелі і амерыканская - на поўдзень ад яе. У верасні 1945 года на поўдні краіны высадзіліся войскі ЗША.

У 1947 годзе пытанне аб стварэнні ў Карэі адзінай дзяржавы з ініцыятывы ЗША перададзенае на абмеркаванне ААН, якая прыняла пастанову аб правядзенні выбараў пад наглядам камісіі ААН. У траўні 1948 года ў Паўднёвай Карэі праведзеныя парламенцкія выбары і 15 жніўня 1948 абвешчаная Рэспубліка Карэя.

У адказ на Поўначы былі праведзеныя выбары ў Вярхоўны народны сход Карэі і 9 верасня 1948 абвешчаная Карэйская Народна-Дэмакратычная Рэспубліка (КНДР).

Вайскова-палітычныя супярэчнасці паміж дзяржавамі з розным сацыяльна-палітычным ладам прычыніліся ў пачатку 1950-х гадоў да вайны.

Канфлікт пачаўся 25 чэрвеня 1950. У баявых дзеяннях на баку Рэспублікі Карэі бралі ўдзел кантынгенты УС ЗША і 15 іншых краін, якія дзейнічалі пад сцягам шматнацыянальных сіл ААН, на баку КНДР - кантынгенты ад Кітая і СССР.

У ліпені 1951 фронт стабілізаваўся прыкладна па 38-й паралелі, г.зн. там, дзе ваенныя дзеянні і пачаліся. Вайна набыла пазіцыйны характар. Напрадвесні 1953 стала відавочна, што кошт перамогі для кожнай стараны будзе занадта высокі. 27 ліпеня 1953 года ў Пханмунджоме было ўкладзенае Пагадненне аб спыненні агню.

Паводле Пагаднення аб замірэнні Паўночную і Паўднёвую Карэю падзяляе вайскова-дэмаркацыйная лінія, абапал якой праходзіць дэмілітарызаваная зона агульнай шырынёй 4 кіламетры.

Карэйская паўвыспа фармальна дагэтуль знаходзіцца ў стане вайны, бо Карэйская вайна скончылася падпісаннем замірэння, а не мірнай умовы. Яе падпісалі начальнікі войскаў КНДР і Кітая - з аднаго боку, і ЗША пад сцягам ААН - з другога.

ЗША адмаўляюцца падпісваць пагадненне аб міру з Паўночнай Карэяй, захоўваючы на ​​поўдні Карэйскай паўвыспы блізу 28 тысяч сваіх вайскоўцаў.

У ліпені 1972 падпісаная Супольная заява Поўначы і Поўдня, у якой зафіксаваныя асноўныя прынцыпы аб'яднання - самастойна, без апоры на замежныя сілы; мірным шляхам; на падставе «вялікай нацыянальнай кансалідацыі».

Аб'яднанне краіны ў Пхеньяне бачаць шляхам стварэння канфедэрацыі (канфедэратыўная дэмакратычная рэспубліка Карэя) паводле формулы «адна нацыя, адна дзяржава - дзве сістэмы, два ўрады».

У 1991 годзе КНДР і РК уклалі Пагадненне аб прымірэнні, ненападзе, супрацоўніцтве і абменах, у 1992 годзе прынялі Супольную дэкларацыю аб дэнуклеарызацыі Карэйскай паўвыспы.

13-15 чэрвеня 2000 года ў Пхеньяне адбыўся першы ў гісторыі міжкарейскі саміт. У яго выніку Кім Чэн Ір і Кім Дэ Джун, які займаў у той час пасаду прэзідэнта РК, падпісалі Супольную дэкларацыю Поўначы і Поўдня (15 чэрвеня), цяпер разгляданую як асноватворны дакумент у пытаннях аб'яднання на доўгатэрміновую перспектыву. У дэкларацыі, у прыватнасці, абвешчана аб намеры старон дамагацца аб'яднання краіны «сіламі самой карэйскай нацыі».

2-4 кастрычніка 2007 года ў Пхеньяне прайшла другая міжкарэйская сустрэча на найвышэйшым узроўні, у выніку якой Кім Чэн Ір і прэзідэнт РК Но Му Хён падпісалі «Дэкларацыю аб развіцці міжкарэйскіх стасункаў, міру і росквіту», якая развівае ідэі і прынцыпы Супольнай дэкларацыі 2000 года.

Характэрнай асаблівасцю развіцця палітычнага дыялогу, дачыненняў Поўначы і Поўдня застаецца іх нестабільнасць, схільнасць да ўздымаў і стромых спадаў.

Абвастрэнне сітуацыі на паўвыспе адбывалася ў кастрычніку 2006 года і ў траўні 2009 года, калі КНДР правяла падземныя ядзерныя выпрабаванні. Яны выклікалі пратэсты з боку міжнароднай супольнасці. У адказ на дзеянні Пхеньяна Рада бяспекі ААН прыняла рэзалюцыі 1718 і 1874, якія патрабуюць ад КНДР спыніць дзейнасць у ядзернай сферы і вярнуцца да перамоваў аб дэнуклеарызацыі Карэйскай паўвыспы.

Неаднаразова паміж Паўночнай і Паўднёвай Карэямі адбываліся ўзброеныя сутыкненні, якія прычынялі чалавечыя ахвяры і ставілі ўвесь працэс міжкарэйскага збліжэння на мяжу зрыву.

Ступені надмернага абвастрэння міжкарэйскія стасункі дасягнулі пасля згубы 26 сакавіка 2010 года ў Жоўтым моры паўднёвакарэйскага карвета «Чхонан», які затануў у раёне кантраляванай Сэулам выспы Пэнэндо недалёка ад мяжы з КНДР у выніку моцнага выбуху, прычына якога не выяўленая. На борце знаходзіліся 104 чалавекі, загінулі 46 маракоў. У Сэуле абвінавацілі Пхеньян у знішчэнні карабля, КНДР уважае вынікі расследавання за фальсіфікацыю.

23 лістапада 2010 года на Карэйскай паўвыспе ў раёне выспы Ёнпхэндо ў Жоўтым моры, дзе праходзіць спрэчная лінія падзелу паміж КНДР і Паўднёвай Карэяй, адбыўся найбуйнейшы за апошнія паўстагоддзя ўзброены інцыдэнт. Паводле паведамленняў з Сэула, выспа падпала пад артабстрэл з боку Поўначы, і паўдзённікі распачалі агонь у адказ. У выніку загінулі двое паўднёвакарэйскіх жаўнераў, 14 атрымалі аскепкавыя раны.

Пачаткам чарговага крызісу на Карэйскай паўвыспе сталіся трэція лікам ядзерныя выпрабаванні, якія КНДР правяла 12 лютага 2013. У адказ на гэтыя выпрабаванні Рада Бяспекі ААН 7 сакавіка прыняла рэзалюцыю нумар 2094 з новымі санкцыямі.

Непасрэднай падставай абвастрэння стасункаў паміж Пхеньянам і Сэулам паслужылі буйнамаштабныя вайсковыя вучэнні Паўднёвай Карэі і ЗША «Кі рызолв» і «Токсуры - Фоўл ігл» у сакавіку 2013 года. Супольныя вучэнні ЗША і Рэспублікі Карэя традыцыйна разглядаюцца Пхеньянам як «рэпетыцыя вайны» на Карэйскай паўвыспе і суправаджаюцца пагрозамі з боку КНДР нанесці ўдар у адказ у выпадку нападу на яе тэрыторыю. Таксама ўлады Паўночнай Карэі неаднаразова заяўлялі, што ў выпадку агрэсіі гатовыя выкарыстоўваць ракеты, здольныя дасягнуць берагоў ЗША.

5 сакавіка КНДР спыніла дзеянне Пагаднення аб замірэнні, якое было ўкладзенае для заканчэння Карэйскай вайны 1950-1953 гадоў з ЗША, 8 сакавіка заявіла аб аднастаронняй адмове ад усіх пагадненняў пра ненапад, якія дзейнічаюць паміж Пхеньянам і Сэулам, і аб разрыве лініі простай тэлефоннай сувязі паміж дзвюма краінамі.

Праз некалькі дзён Сэул паведаміў, што гэтая лінія застаецца ў дзейным стане.

26 сакавіка 2013 года КНДР заявіла аб павышэнні баявой гатоўнасці ўзброеных сіл для магчымага нанясення ўдараў па вайсковых базах ЗША на выспе Гуам і Гаваях, а таксама па амерыканскіх аб'ектах на кантыненце. Пасля гэтага Паўднёвая Карэя паведаміла, што яе войскі ў прымежным з КНДР рэгіёне былі на некалькі гадзін прыведзеныя ў павышаную баявую гатоўнасць пасля таго, як паўднёвакарэйскі памежнік кінуў гранату ў «неапазнаны аб'ект», што рухаецца ў памежнай зоне.

27 сакавіка ўлады КНДР зноў заявілі аб разрыве лініі экстранай тэлефоннай сувязі паміж Сэулам і Пхеньянам. У гэты ж дзень КНДР накіравала ў РБ ААН ліст з заявай свайго замежнапалітычнага міністэрства аб тым, што сітуацыя на Карэйскай паўвыспе на мяжы ядзернай вайны.

28 сакавіка два самалёты В-2 Spirit, здольныя несці ядзерную зброю, вылецелі ў рамках планавага навучальна-баявога палёту з авіябазы ў штаце Місуры, пераадолелі адлегласць больш за 20 тысяч кіламетраў і паспяхова патрапілі ва ўмоўныя цэлі на адным з палігонаў на тэрыторыі Паўднёвай Карэі. Вылет створаных паводле тэхналогіі «стэлз» малапрыкметных для радыёэлектронных сродкаў ворага самалётаў ажыццяўляўся ў рамках праводжаных УС ЗША і Паўднёвай Карэі з 1 сакавіка да 30 красавіка буйнамаштабных вайсковых вучэнняў Foal Eagle.

У ноч на 29 сакавіка лідар КНДР Кім Чэн Ын загадаў прывесці ракетныя войскі КНДР у стан гатоўнасці да магчымага ўдару па кантынентальнай частцы ЗША і амерыканскіх вайсковых базах у Паўднёвай Карэі і ў Ціхім акіяне.

У ноч на 30 сакавіка ўлады КНДР абвясцілі аб тым, што ўступаюць у «стан вайны» з Паўднёвай Карэяй і мерацца развязаць усе пытанні паміж дзвюма краінамі «паводле законаў ваеннага часу».

Напісаць каментар 278

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках