25 красавiка 2024, Чацвер, 9:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Юры Стыльскі: Хочацца больш паветра

8
Юры Стыльскі: Хочацца больш паветра

Cёньня «Дай дарогу!» - адна з самых запатрабаваных беларускіх камандаў, канцэрты якой нязьменна зьбіраюць аншлягі.

Музыкі толькі што прадставілі ў сеціве шыкоўны відэапраект «Велаакустыка». Яны сыгралі свае лепшыя песьні ў ангары па рамонце ровараў і зьнялі гэту дзею на кінакамэры 4К. Нягледзячы на безумоўную папулярнасьць, што на яго абрынулася, лідэр гурта Юра Стыльскі застаецца адкрытым і шчырым. Ён такі на сцэне і ў жыцьці.

У інтэрв'ю сайту charter97.org музыка распавёў пра сябе і пра гурт «Дай дарогу!».

- У тваіх песьнях багата згадак пра несалодкія працоўныя будні. Табе сапраўды даводзілася выходзіць на работу па суботах ды грузіць «ванючыя сардзіны»?

- Сапраўды. Гэта зараз можа падацца, што я такі акультураны і глямурны. Ніфіга, я прахаваў столькі г…на, што ў пэўны час ледзьве ў ім не захлынуўся. У мяне немалы стаж працы, павер ты мне. Куды толькі не заносіла. На мясакамбінаце працаваў, напрыклад, на будоўлі, на лясах, на мэблевай фірме. Дык аднойчы сказалі, каб звальняўся па ўласным жаданьні. На год звычайна два адгулы даюць - на пахаваньне й на вясельле. А я ўжо 15 набраў, на канцэртах жа мушу быць па-любому, таму і задзёўб усіх. Пагэтаму звольніўся ды больш нікуды не ўладкоўваўся. Спачатку, можа, было і цяжка, а цяпер ладзім канцэрты, людзі на іх прыходзяць, дзякуй богу, таму ўсё атрымліваецца.

- Ты патрабавальны чалавек у побыце? Хапае табе таго, што маеш з музыкі?

- Не адным гуртом кармлюся, пішу яшчэ музыку да рэклямы. Мне ня трэба шмат, я не абжора, апрануцца магу ў сэкандзе. Так што нават прыкольна па мінімуму выдаткоўваць, а калі нешта моцна спадабалася, дык магу набыць і зусім пра гэта не шкадаваць, нават калі пасьля пакупкі ў кішэні нічога не застанецца.

- Сярод тваіх родных і блізкіх ёсьць клясычныя музыканты, а ты пайшоў у панк-рок. Чаму?

- Клясыку я магу пісаць, адчуваю музыку. Мая родная сястра выкладае піяніна, а два стрыечныя браты - скрыпачы. Муж маёй сястры - заслужаны артыст Беларусі. А я вось не любіў вучыцца. Мне не падабалася школа, прызабіў на вучобу, хаця зараз пра гэта шкадую. З дакладнымі навукамі наогул бяда, у лічбах не рублю, спытаеш мяне, колькі будзе 7 на 6, і я табе не адкажу. У літаратуры пераборлівы, калі тры старонкі не зачэпяць, закрываю адразу, не магу чытаць. Па ракэнролу папёрла, бо, відаць, вырас у трушчобных умовах. Я ж хапануў яшчэ Савецкі Саюз, памятаю, як мама з татам ругаліся, напруга была ў бытавусе - чэргі па каўбасу, ды яшчэ тата быў аматар выпіць трошкі. У нас першая песьня так і звалася - «Бытавуха». Яна пра тое, што я чуў на свае ўласныя вушы.

- Калі ты адчуў, што з музыкай у цябе складаецца ўсур’ёз?

- Яшчэ са школьных часоў, бо мяне пёрла ад гэтага. І, мусіць, жаданьне граць было настолькі моцным, што з дапамогай яго былі пераадолены ўсялякія перашкоды, і пайшла сур’ёзная справа. Я перакрыў іншыя каналы і вырашыў, што мне на астатняе пофіг і я буду займацца гэтым. Відаць, толькі такое імкненьне здольнае прывесьці да таго, каб чалавек знайшоў сябе.

- Калі ты пішаш песьню, ты ўяўляеш для каго гэта робіш? Патэнцыйнага адрасата свайго?

- А яно ўсяляк бывае. Часам бывае так сьмешна, што бяру проста з жыцьця ды запісваю, а часам перамешваю назіраньні з фантастыкай, каб выйшла сьмешна. Ці трагічна. Здараецца, што песьня пішацца доўга - тыднямі і месяцамі, пакуль не народзіцца які цікавы радок. Бо як так магчыма, каб песьня была пустая? Вось раней, якія песьні людзі пісалі! «Помоги мне» з «Бриллиантовой руки» мяне заўжды так кранае, бо там кожны радок важкі. Ці Высоцкі. А для каго менавіта пішу, я зусім ня думаю. Выходзіць часам зусім ужо па-дзіцячаму, а парой вельмі нават па-даросламу. Ці мне падаецца, што нясу занадта ўжо разумняк, нібы мудрэц які 70-гадовы, тады звальняю такую ідэю. Я не настолькі мудры, каб такую пазыцыю займаць і прасоўваць ідэі нібы з вышыні год.

- А ты гатовы сталець разам з сваімі слухачамі?

- Чамусьці навучыць? Хацелася б зь цягам часу. Калі ты яшчэ малы, то пяеш пра ўсялякую лухту - наркотыкі, марыхуана, пойла. А калі ты сталееш, то ў цябе зьяўляюцца іншыя каштоўнасьці, у любым разе ў табе нешта пераключаецца. І я б сапраўды хацеў, каб са мной так адбылося. Сьпяваць толькі пра суцэльнае г…но было б камэрцыяй, гэта значыць завіснуць на адным і нікуды ня рухацца, бо гэтую ж тэму пра бухло і наркотыкі хаваюць. Ад гэтага ўсяго неяк цягне на ваніты.

- Ты неаднойчы казаў пра сваю прыхільнасьць да беларускай мовы, але прызнаваўся ў поўнай сваёй непісьменнасьці. Не адчуваеш сябе няёмка ў сувязі з тым, што ў сваёй краіне ты сказаць ня можаш нічога па-свойму?

- Ды балбес, блін… (усьміхаецца). Хацеў бы ў гэтым пляне неяк разьвіцца, гэтым трэба займацца, прысьвяціць час, а я ў дадзены момант не знаходжу для сябе матыву, каб яно стала для мяне такім важным і каб я над гэтым пачаў працаваць. Відаць, нешта павінна перамкнуць. А мяне, мусіць, яшчэ не перамкнула.

- Ці ты бачыш тут шляхі для далейшага разьвіцьця? У часе разборак зь берасьцейскімі чыноўнікамі ты прараніў такую фразу, што ўсё ідзе да таго, што ты зьедзеш з краіны.

- Ну, хіба калі прыціснуць, як некаторыя кажуць, «калі дапяемся». Хаця я нічога не бачу ў нас такога, за што трэба прэсаваць. Звычайная сацыялка-бытавуха, я наогул ня з кім сварыцца не хачу. Але ў любым выпадку выйсьці за межы краіны нам не нашкодзіла б, бо ўжо перасьледуе адчуваньне, што варымся ва ўласным саку. Нас пытаюць, чаму мы не паедзем у тую ж Расею, дзе запатрабавана наша тэма. Відаць, да гэтага ўсё якраз ідзе. У нас даволі замкнёная прастора, хочацца больш паветра. Беларусы нібы жывуць на нейкай сваёй маленькай плянэце, таму варта езьдзіць, сябе паказваць ды на другіх глядзець.

Размаўляў Сяргей Будкін спецыяльна для charter97.org

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках