20 красавiка 2024, Субота, 6:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Нарвегія знайшла нафту і газ у падораных Мядзведзевым водах

27
Нарвегія знайшла нафту і газ у падораных Мядзведзевым водах

На тэрыторыі, якую саступіў краіне Мядзведзеў, знайшлі 1,9 млрд барэляў вуглевадародаў.

Пагадненне 2010 года паміж Расеяй і Нарвегіяй, якое ўвянчала шматгадовыя перамовы аб межах у Баранцавым моры, можа апынуцца для Масквы вельмі няўдалым.

Для паўночных суседзяў гэтая дамоўленасць ужо павярнулася найвялікшай радасцю - на тэрыторыі, якая адышла нарвежцам, знойдзеныя вялікія запасы вуглевадародаў. Расейскія чыноўнікі абураюцца: нарвежцы і так губяць паўночныя «рыбныя радзільні», а цяпер ставяць пад удар айчынны промысел траскі, піша NEWSru.com.

«Калі меркаваць па сённяшніх коштах на нафту, пад тоўшчай вады хаваюцца каштоўнасці амаль на 30 млрд еўра», - ці то захапляюцца, ці то абураюцца «Новые известия» ў матэрыяле пад назвай «Царскі падарунак».

Інакш прэзент і не назавеш. Паводле дакладу нарвежскага нафтавага дырэктарата (NPD), у нетрах пад часткай Баранцава мора, якая ў верасні 2010 года адышла Нарвегіі, хаваюцца каля 300 млн кубаметраў вуглевадародаў - у нафтавым эквіваленце гэта амаль 1,9 млрд барэляў. Прычым па прагнозах, арыентыровачны аб'ём карысных выкапняў на справе можа апынуцца роўным 565 млн кубаметраў. З іх на долю нафты прыпадаюць 15%.

«Гэта выдатная навіна... Прадстаўленыя вынікі геолагавыведкі даказваюць, што паўднёва-ўсход Баранцава мора - самы цікавы з новых раёнаў нарвежскага кантынентальнага шэльфа», - цытуе Barents Observer міністра нафты і энергетыкі Нарвегіі Улу Буртэн Муэ. Хуткай выгады чакаць, вядома, не прыходзіцца. «Ад сённяшняга даклада да разведачных работ пройдзе нейкі час, - растлумачыў міністр. - Але калі выведка пачнецца, гэта абавязкова акажа ўплыў на эканоміку паўночных муніцыпалітэтаў».

Навіна пра «залаты кавалак», атрыманы Осла ад Масквы, выклікала ў Нарвегіі сапраўдную эйфарыю, адзначаюць «Новые известия». Запасы нафты ў нарвежскай частцы Паўночнага мора, здабыча якой вялася з 1960-х гадоў мінулага стагоддзя, падыходзяць да канца; заставаліся надзеі на «куфэрак» у Баранцавым моры, змесціва якога не падманула нарвежцаў, тлумачыць газета. Падрыхтоўка да распрацоўкі радовішча ўжо вядзецца: з шэльфа Паўночнага мора перакідваюцца свідравыя платформы, ствараецца берагавая інфраструктура. У прыватнасці, Мінабароны Нарвегіі толькі што прадала за сімвалічную суму ў пяць млн еўра былую звышсакрэтную базу падводных лодак НАТА, якая цяпер будзе выкарыстоўвацца для абслугоўвання здабычы вуглевадародаў, піша «НИ».

Расея можа далучыцца

Перамовы аб неабходнасці размежавання спрэчнай тэрыторыі ў Баранцавым моры плошчай каля 175 тысяч квадратных кіламетраў вяліся паміж СССР і Нарвегіяй з 1970-х гадоў. Расейская пазіцыя складалася ў дзяленні гэтай частцы мора па «сектарным прынцыпе» ў рамках устаноўленай у 1926 годзе мяжы палярных уладанняў, праведзенай па мерыдыяне да Паўночнага полюса. Нарвежская пазіцыя складалася ў дзяленні тэрыторыі Баранцава мора па сярэдняй лініі.

У выніку бакі пагадзіліся падзяліць спрэчную тэрыторыю ў Баранцавым моры і Паўночным Ледавітым акіяне на дзве роўных па значэнні часткі. «Гэта падзея павінна паўплываць на агульную сітуацыю ў рэгіёне, на ўмацаванне міжнароднай і рэгіянальнай бяспекі, на паглыбленне ўзаемадзеяння арктычных дзяржаў», - заявіў тагачасны прэзідэнт Дзмітрый Мядзведзеў пасля падпісання адпаведных дамоў з нарвежскім прэм'ерам Йенсам Сталтэнбергам.

Зрэшты, параўноўваць «падарунак» нарвежцам са шчодрым прэзентам амерыканцам - Аляскай - не варта. У падпісаных у 2010 годзе пагадненнях асобна агаворваецца момант, які тычыцца здабычы вуглевадародаў. Так, калі радовішча перасякае дзяржаўную мяжу і размяшчаецца на тэрыторыях абедзвюх дзяржаў, яно можа распрацоўвацца толькі сумесна, гаворыцца ў дакументах.

Ці «перацякае» нарвежская нафта пад Баранцавым морам у Расею, пакуль не ясна. Ва ўсякім выпадку, у РФ навіны аб выяўленні паўночнікамі 300 млн кубаметраў чорнага золата і блакітнага паліва ажыятажу, як у Нарвегіі, не выклікалі і не ясна, ці ёсць у расейскіх здабываючых кампаній якія-небудзь віды на працы ў памежным сектары Баранцава мора.

Трэска ў небяспецы

Пакуль што з расейскага боку публічна адрэагавалі толькі эколагі, рыбакі ды мясцовыя чыноўнікі, якія яшчэ ў сярэдзіне зімы звярнулі ўвагу на актыўнасць нарвежцаў у Баранцавым моры. Так, расейскае аддзяленне WWF накіравала ліст у МЗС, выказаўшы заклапочанасць заяўленымі Нарвегіяй праектамі па нафтаздабычы ў паўднёва-ўсходняй частцы нарвежскага сектара мора.

«Нарвегія ўзяла курс на здабычу вуглевадародаў, у тым ліку і ў Баранцавым моры - на месцы былой «шэрай зоны». Але наша агульнае мора мае унікальныя запасы трэскі, якія проста неабходна захаваць, - цытуе РІА «Новости» заяву камітэта па прыродакарыстанню і рыбнай гаспадарцы думы Мурманскай вобласці. - Лафатэны ў Нарвежскім моры (у рэгіёне таксама вядзецца нафтаздабыча - заўв. NEWSru.com) - гэта наогул радзільня для рыбы, якая затым плыве ў нашыя воды».

Напісаць каментар 27

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках