19 красавiка 2024, Пятніца, 20:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дзень Волі ў Віцебску пад пагрозай з-за «сезонных захворванняў»

7
Дзень Волі ў Віцебску пад пагрозай з-за «сезонных захворванняў»

Старшыня абласной арганізацыі Партыі БНФ Леанід Аўтухоў падаў заяўку ў Чыгуначную раённую адміністрацыю Віцебска, каб 25 сакавіка правесці мітынг на віцебскім стадыёне «Лакаматыў».

Старшыня абласной структуры руху «За Свабоду» Хрыстафор Жаляпаў прапануе арганізаваць мітынг таксама 25 сакавіка, але ў Парку імя 30-годдзя ВЛКСМ.

Прадстаўнікі дэмакратычных сіл вырашылі, што аб'яднаюцца, калі хаця б адно з двух мерапрыемстваў дазволяць, піша ПЦ «Вясна».

У тым, што на заяўкі будуць станоўчыя адказы, ёсць сумневы. Абодва месцы - гарадскія паркі - вызначаныя мясцовымі адміністрацыямі для правядзення масавых акцый. Аднак яшчэ адна ўмова, каб атрымаць дазвол, - гэта наяўнасць дамоўленасцяў з цэнтральнай гарадской паліклінікай, абласным упраўленнем МУС і службамі ЖКГ на абслугоўванне мерапрыемства.

Гэтыя дзве ўмовы вылучае Віцебскі гарвыканкам, яны зацверджаныя адпаведным рашэннем. Але выканаць іх за тры апошнія гады не атрымалася яшчэ нікому з дэмакратычных актывістаў. Бо згаданыя вышэй структуры па розных прычынах адмаўляюцца заключыць дамовы з прадстаўнікамі апазіцыі.

Так здарылася і на гэты раз: ўпраўленне МУС і паліклініка адмовілі абодвум арганізатарам, назваўшы аднолькавыя аргументы. Медыкі спаслаліся на тое, што ўсе брыгады «хуткай дапамогі» занятыя ў сувязі з пікам сезонных захворванняў. І з міліцыі прыйшоў адказ, што дамова будзе заключаная толькі ў тым выпадку, калі мерапрыемства дазволіць раённая адміністрацыя.

Апошняя акалічнасць абурыла арганізатараў: іх абавязваюць выконваць рашэнне гарвыканкама, дзе напісана пра дамоўленасць з міліцыяй як першачарговую ўмову задавальнення заяўкі. А ўпраўленне МУС парушае гэтае рашэнне, заявіўшы, што будзе дзейнічаць у зваротным парадку.

Старшыня абласной арганізацыі Аўтухоў напісаў скаргі ў пракуратуру і Віцебскі аблвыканкам на адмову медыкаў і міліцыі заключыць дамовы на абслугоўванні масавага мерапрыемства. Старшыня абласной структуры руху «За Свабоду» Хрыстафор Жаляпаў звярнуўся ў суд Кастрычніцкага раёна, каб медыкаў прымусілі да заключэння дамовы ў судовым парадку. А таксама падаў скаргу ў Міністэрства ўнутраных спраў на парушэнні з боку абласной структуры МУС.

Абодва актывіста падалі заяўкі, прыклаўшы лісты, атрыманыя ад міліцэйскага кіраўніцтва і галоўнага ўрача цэнтральнай гарадской паліклінікі. Яны лічаць іх «адпіскамі», падкрэсліваюць, што такім чынам адказныя асобы парушылі права грамадзян на публічнае выказванне сваіх меркаванняў.

Аўтухоў заяўляе, што мерапрыемства будзе праведзена, нягледзячы на магчымую адмову мясцовай адміністрацыі. Хрыстафор Жаляпаў спадзяецца на тое, што да святкавання яшчэ ёсць час, каб выйграць суд з медыкамі і атрымаць з МУС паведамленне, што віцебскім міліцыянтам загадана выправіць дапушчаныя парушэнні.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках