25 красавiка 2024, Чацвер, 10:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прыгоды замежнікаў у Байнэце

22
Прыгоды замежнікаў у Байнэце

Замежным гасцям, якія прыехалі ў Беларусь, не проста атрымаць доступ у інтэрнэт.

Рыхтуючыся да чэмпіянату свету па хакеі, які, магчыма, пройдзе ў Беларусі ў 2014 годзе, улады Беларусі павялічваюць колькасць кропак публічнага доступу да Wi-Fi, але не могуць вырашыць праблему з абавязковай ідэнтыфікацыяй кліентаў у месцах калектыўнага карыстання Сеткай, калі гэтыя кліенты - замежнікі . Апошняя норма змяшчаецца ва ўказе Лукашэнкі, прысвечаным рэгуляванню інтэрнэту, перадае Deutsche Welle.

Сувязь праз піцэрыю

Менавіта з-за гэтага ўказа бясплатны беспарольны доступ у інтэрнэт у Беларусі з'яўляецца фактычна нелегальным. Таму замежныя госці могуць сутыкнуцца ў краіне з шэрагам цяжкасцяў. Так, менскія кафэ і піцэрыі, у якіх ёсць бясплатны Wi-Fi, за рэдкім выключэннем не афішуюць такую паслугу, а пароль доступу трэба пазнаваць у афіцыянтаў. Зрэшты, у шэрагу гасцініц прэміум-класа наведвальнікам даступны бясплатны беспарольны Wi-Fi. Але калі ў гасцініцы або кафэ на ўваходзе ёсць інфармацыя пра наяўнасць тут Wi-Fi і эмблема з памяранцава-сінімі канцэнтрычнымі коламі, то гэта значыць, што дадзеная ўстанова карыстаецца сэрвісам дзяржпрадпрыемства «Белтэлекам». Гаворка ідзе пра платны доступ у інтэрнэт, для атрымання якога трэба прайсці працэдуру ідэнтыфікацыі карыстальніка. Гэта можна зрабіць двума спосабамі: паказаць пашпарт пры набыцці карткі доступу або адправіць платную SMS - калі вы з'яўляецеся кліентам аднаго з трох беларускіх GSM-аператараў мабільнай сувязі.

Замежнікі часцей за ўсё знаходзяцца ў роўмінгу, і ў гэтым выпадку варыянт з SMS адпадае, а значыць, ім даводзіцца паказваць афіцыянту пашпарт і купляць картку доступу. Карэспандэнт DW праверыў, як выглядае такая працэдура ў адной з кавярняў у цэнтры Менска. Усё атрымалася: паслуга каштавала нядорага, якасць сувязі была нядрэннай. Аднак з-за таго, што афіцыянт быў вымушаны перапісваць пашпартныя дадзеныя ў нейкую кнігу, падобную на свірнавую, працэдура заняла шмат часу. Кава паспела астыць яшчэ да таго, як яе прынеслі.

Дзе купіць картку доступу

Прасцей набыць картку доступу ў інтэрнэт у аддзяленнях РУП «Белтэлекам» (не блытаць з РУП «Белпошта» - гэта розныя арганізацыі). Нядаўна беларускія ўлады абвясцілі, што замест пашпарта можна будзе прад'яўляць любы іншы дакумент, які сведчыць асобу. Але калі карэспандэнт DW паспрабаваў гэта праверыць у некалькіх аддзяленнях «Белтэлекам», у адзін голас пачуў адказ: «Патрэбны пашпарт. Іншы дакумент не падыдзе».

Пры гэтым у двух месцах картак доступу ў продажы не было. Не апынулася іх таксама ў гатэлі і двух кафэ, у якіх быў «белтэлекамаўскі» Wi-Fi. Трэба сказаць, што ў шматлікіх аддзяленнях «Белтэлекама» ёсць свайго роду невялікія інтэрнэт-кафэ. Каб скарыстацца іх паслугамі, таксама даводзілася прад'яўляць пашпарт.

А вось у прыватным інтэрнэт-кафэ «Саюз-онлайн» супрацоўніца сказала, што дастаткова «любога дакумента з фатаграфіяй», і здавольвалася ў такой якасці журналісцкім пасведчаннем.

У «Саюз-онлайн», як і ў большасці іншых менскіх інтэрнэт-кафэ, усталяваныя відэакамеры, якія запісваюць, што адбываецца ў памяшканні. Убачыць паролі, якія выкарыстоўваюць наведвальнікі, на запісы немагчыма, але твары наведвальнікаў пазнаюцца.

Выхад - купіць мясцовую SIM-картку

Зрэшты, знайсці інтэрнэт-кафэ ў Менску не так проста - іх усяго некалькі дзесяткаў, і ў апошні час іх рэклама сустракаецца нячаста. Таму і іх адрасы, хутчэй за ўсё, прыйдзецца шукаць у інтэрнэце. У шэрагу выпадкаў мае сэнс купіць SIM-картку мясцовага аператара мабільнай сувязі, іх салонаў у горадзе даволі шмат. І, у адрозненне ад інтэрнэт-кафэ, выпадковыя мінакі змогуць падказаць, дзе знаходзіцца бліжэйшы.

Замежнікам у Беларусі даступныя толькі тарыфныя планы беларускіх мабільных аператараў з перадаплатай (prepaid) і абавязкова па прад'яўленні пашпарта. Варта звярнуць увагу на тое, што гэтыя тарыфныя планы ў асноўным задуманыя для галасавой сувязі, а не для выхаду ў інтэрнэт. Таму трэба адразу казаць прадаўцу пра жаданне мець доступ у інтэрнэт, тады ён падбярэ варыянт, які прадугледжвае такую магчымасць. Як заявілі карэспандэнту ў салонах трох асноўных аператараў мабільнай сувязі, USB-мадэмы для доступу да 3G-сеткі замежнікам яны не прадаюць.

Але можна купіць SIM-картку, уставіць у планшэтнік ці тэлефон і карыстацца мабільным інтэрнэтам. У офісе МТС замежнікам могуць прапанаваць адзіны тарыфны план «Гасцявы». Тут ёсць магчымасць выбраць доступ у інтэрнэт з правам выкарыстаць на працягу месяца ад 100 МБ да 2 ГБ трафіку.

У салоне аператара velcom быў у наяўнасці шэраг prepaid-тарыфных планаў, аб'яднаных у сямейства «Привет», сярод якіх ёсць і спецыяльна арыентаваныя на інтэрнэт-карыстальнікаў. Паслуга можа быць актываваная на 10 або 30 дзён і ўключаць трафік ад 50 да 250 МБ.

Аператар мабільнай сувязі life:) прапануе prepaid-тарыфныя планы як для галасавой сувязі, так і для доступу ў інтэрнэт (ёсць магчымасць выбраць безлімітны доступ на суткі). Пры гэтым у салоне life:) паказалі, што для заключэння дамовы ім патрэбны ўнутраны пашпарт замежніка, а не замежны. Напрыклад, расейцы, якія маюць від на жыхарства ў Беларусі і не маюць унутранага расейскага пашпарта, павінны будуць прад'явіць не замежны пашпарт, а дакумент, які пацвярджае від на жыхарства.

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках