Януковіч можа распусціць Раду?
15- 7.03.2013, 16:42
Прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч можа распусціць Вярхоўную Раду.
Пра гэта заявіў у парламенце спікер украінскага парламента Уладзімір Рыбак.
«Я праводзіў кансультацыі з прэзідэнтам. Так, ён можа распусціць парламент, калі такая сітуацыя ў парламенце, як ёсць цяпер, будзе працягвацца. Калі будзе блакаванне», - заявіў ён.
Спікер дадаў, што ў такой сітуацыі ўсе палітычныя сілы прыйдуць да неабходнасці знаходжання кансенсусу, піша «РБК-Украіна». «Апазіцыя гэта таксама разумее», - адзначыў Рыбак.
У той жа час спікер упэўнены ў тым, што Вярхоўная Рада будзе працаваць 19 сакавіка.
У сваю чаргу, апазіцыя заявіла, што чакае прэзідэнта ў Радзе менавіта 19 сакавіка. «Мы чакаем Януковіча ў наступны пленарны аўторак у парламенце. Прэзідэнт павінен адрэагаваць на наш палітычны і эканамічны маніфест. Ён павінен прыйсці ў парламент і даць справаздачу, у тым ліку выступіць са штогадовым пасланнем», - заявіў кіраўнік фракцыі «Батькивщина» Арсеній Яцанюк.
Кіраўнік фракцыі «Свабода» Алег Цягнібок адзначыў, што ў выпадку, калі Януковіч не зробіць справаздачу перад Радай, апазіцыя будзе дамагацца правядзення датэрміновых выбараў.
Цяперашні этап супрацьстаяння ўлады і апазіцыі выкліканы тым, што Вышэйшы адмінсуд учора пазбавіў дэпутацкіх паўнамоцтваў Сяргея Уласенку («Батькивщина»), абаронцу Юліі Цімашэнка, за сумяшчэнне дэпутацкіх абавязкаў з адвакацкай дзейнасцю.
Апазіцыя ў сувязі з гэтым блакуе трыбуну Вярхоўнай Рады, і, як заявіў нардэп з «Батькивщины» Уладзімір Бандарэнка, гэтае блакаванне будзе працягвацца да роспуску Рады і прызначэнні перавыбараў.
Згодна з украінскім заканадаўствам, калі парламент будзе непрацаздольным 30 дзён, прэзідэнт мае права яго распусціць. 19 сакавіка мінае палова гэтага тэрміну.