29 сакавiка 2024, Пятніца, 10:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Саннікаў: Беларусь мае патрэбу ў польскай салідарнасці

16
Андрэй Саннікаў: Беларусь мае патрэбу ў польскай салідарнасці

Лідар «Еўрапейскай Беларусі» правёў сустрэчы ва ўрадзе і парламенце Польшчы.

7 сакавіка былы кандыдат у прэзідэнты, лідар «Еўрапейскай Беларусі» Андрэй Саннікаў, судырэктар Беларускага дома Зміцер Бародка і галоўны рэдактар сайта charter97.org Наталля Радзіна сустрэліся з намеснікам старшыні Камісіі замежных справаў, кіраўніком групы Беларусі польскага Сэйма Робэртам Тышкевічам і чальцамі групы, а таксама з намеснікам старшыні партыі «Права і справядлівасць» Адамам Ліпіньскім.

На сустрэчах абмяркоўвалася сітуацыя ў Беларусі, палітыка Польшчы ў дачыненні да нашай краіны і агулам палітыка Еўразвяза ў беларускім пытанні. Польскія парламентарыі прытрымліваюцца прынцыповай пазіцыі непрызнання незаконна абранага парламента, пашырэння кантактаў з грамадзянскай супольнасцю і дэмакратычнымі сіламі ў Беларусі.

Раней Андрэй Саннікаў і ягоная жонка Ірына Халіп сустрэліся з міністрам замежных спраў Польшчы Радаславам Сікорскім.

Разам з каардынатарам «Еўрапейскай Беларусі» Зміцерам Бандарэнкам і галоўным рэдактарам charter97.org Наталляй Радзінай Андрэй Саннікаў сустрэўся з намесніцай міністра замежных спраў Польшчы Катажынай Пелчынскай-Наленч. На сустрэчы абмяркоўваліся стасункі паміж Польшчай і Беларуссю і праблемы міждзяржаўных стасункаў. Таксама абмяркоўвалася пытанне адмены платы за шэнгенскія візы для беларусаў.

Акрамя таго, Андрэй Саннікаў і Наталля Радзіна сустрэліся з намеснікам міністра замежных спраў, будучым выканаўчым дырэктарам Еўрапейскага фонду ў падтрымку дэмакратыі Ежы Памяноўскім і прэзідэнтам Фонду міжнароднай салідарнасці Кшыштафам Станоўскім.

«Я вельмі рады, што ўдалося пагаварыць пра сітуацыю ў Беларусі і ў Міністэрстве замежных спраў, і ў Сэйме (гэта значыць з урадам і з парламентарыямі), і з будучым кіраўніком толькі што створанага фонду ў падтрымку дэмакратыі. Вялікія надзеі сёння звязваюцца са створаным Еўрапейскім фондам у падтрымку дэмакратыі, які павінен стаць прыладай рэальнай дапамогі прыхільнікам еўрапейскага і дэмакратычнага развіцця Беларусі

У Польшчы сёння захоўваецца вельмі высокая цікавасць да сітуацыі ў Беларусі. І палітыкі, і грамадскія дзеячы надзвычай занепакоеныя тым, што суседняя дзяржава жыве пры дыктатуры, і шукаюць магчымасці паўплываць на гэтае становішча.

На ўсіх сустрэчах прыярытэтнай была тэма вызвалення палітвязняў. Я рады таму, што і міністр Сікорскі, і ягоныя намеснікі, дэпутаты Сэйма пацвердзілі прынцыповае стаўленне да пытання аб вызваленні ўсіх беларускіх палітвязняў, аднак, мяркую, што робіцца для гэтага недастаткова, у тым ліку, і з боку Польшчы. Нельга сёння весці размову пра нейкі дыялог з дыктатарам, калі нашых сяброў калечаць і забіваюць у турмах. У Польшчы вельмі добра разумеюць, што Беларусь пры дыктатуры тармозіць развіццё цэлага рэгіёну, і згодныя з тым, што Польшча сёння павінна надаць такую ж падтрымку дэмакратычнаму руху ў Беларусі, якую атрымлівала сама ў часы «Салідарнасці», - пракаментаваў вынікі візіту ў Варшаву Андрэй Саннікаў.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках