4 траўня 2024, Субота, 21:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пуцінскія чысткі

95
Пуцінскія чысткі

Пераасэнсаванне нядаўніх рэпрэсій супраць чыноўніцкай эліты.

Для кіраўнікоў партыі «Адзіная Расея» гэта было падобна да сцэны з рамана Булгакава «Майстар і Маргарыта». Напэўна, яны больш падобныя да старшыні дамавога камітэта Міканора Іванавіча Босага, з якога пажартаваў Шатан у абліччы Воланда. Рублі, якія ён атрымаў ад Воландавага спадарожніка і схаваў у вентыляцыю ва ўласнай кватэры, ператварыліся ў даляры. Босага арыштавалі і змясцілі ў вар’ятню, і там яму сніцца, што з нябёсаў раздаецца гучны бас: «Здавайце валюту».

На гэты раз голас, які патрабаваў здаць рахункі ў замежных банках, належаў прэзідэнту Уладзіміру Пуціну. 12 лютага ён падаў у Думу законапраект, які забараняе чыноўнікам і дэпутатам мець рахункі за мяжой або ўкладваць грошы ў каштоўныя паперы замежных дзяржаў. Дакументам таксама не дазвалялася ўласнасць на замежную нерухомасць, хоць пасля гэтую забарону замянілі патрабаваннем яе дэкларавання.

Праз дзень высветлілася: Уладзімір Пехцін, заснавальнік партыі «Адзіная Расея» і старшыня думскага Камітэта ў дэпутацкай этыцы, з'яўляецца ўладальнікам незадэклараванага раскошнага жылля ў Маямі-Біч коштам 1,3 мільёны даляраў. Дэталі апублікаваў у інтэрнэце лідар апазіцыі, блогер Аляксей Навальны. Сам Пехцін адхіліў гэтыя «незаслужаныя абвінавачанні». «У мяне практычна няма нерухомасці за мяжой», - сцвярджаў чыноўнік. Але 20 лютага (несумненна, пачуўшы голас Пуціна) падаў у адстаўку. Паводле ягоных слоў, нават калі ён і не зрабіў нічога супрацьпраўнага, гэты скандал кінуў цень на партыю, а яе інтарэсы павінны стаяць вышэй за асабістыя. Яшчэ адзін дэпутат-адзінарос Анатоль Ламакін, чыё багацце ацэньваецца ў 1,2 мільярды даляраў, падаў у адстаўку «паводле стану здароўя». Паводле сведчанняў СМІ, пішуць заявы на звальненне і іншыя дэпутаты. На дзяржаўнай тэлевізіі паказвалі кадры апартамэнтаў у Маямі-Біч і казалі пра чысткі і вяртанне маральных каштоўнасцяў.

Замест публічных выкрыццяў і паказальных судоў у стылі 30-х гадоў мінулага стагоддзя аднапартыйцы сустрэлі «вычышчанага» Пехціна грымотнымі воплескамі і назвалі яго прыкладам цноты. Супраць яго не распачалі аніякіх спраў, і ў рэшце рэшт ён апынуўся на цёпленькім месцы. Зрэшты, чысткі сведчаць аб змене ў расейскай палітыцы.

Былы кансультант Крамля Глеб Паўлоўскі тлумачыць, што ў мінулым партнаменклатура была надзейна абароненая ад крытыкі апанэнтаў і магла цешыцца плёнам сваёй лаяльнасці і дома, і за мяжой без умяшання зверху. Адстаўка Пехціна сведчыць, што гэта ўжо не так, але новых правілаў ніхто не тлумачыць. Эліта ад гэтага нэрвуецца, што, з пункту гледжання Пуціна, не так і дрэнна.

Чысткі не з'яўляюцца саступкай апазіцыі. Тое, што Крэмль скарыстаўся для гэтага інфармацыяй Навальнага, не перашкаджае яму выстаўляць супраць апазіцыянера новыя абвінавачванні. Не сталі яны і наступствам раптоўнага павароту да прынцыпаў дэмакратычнай справаздачнасці. На думку крэмлезнаўцаў, гэта, найбольш верагодна, адлюстроўвае патрэбнасць Пуціна павялічыць сваю легітымнасць у вачах выбарцаў і ўзмацніць кантроль над элітай, якая чамусьці любіць трымаць сваё багацце і дзяцей на Захадзе.

За чысткамі хаваецца здагадка, што Захад пляце супраць яго змову і можа скарыстацца прыватнымі інтарэсамі расейскіх чыноўнікаў. Пуцін, відавочна, уважае прыняты Амерыкай «акт Магніцкага» (які прадугледжвае санкцыі супраць расейскіх чыноўнікаў, вінаватых у парушэнні правоў чалавека)за спробу кантраляваць іх. Адсюль яго жаданне «ахаваць» эліту ад заходняга ўплыву і павялічыць уласны.

Але выбар у Пуціна абмежаваны. Доступ да заходніх тавараў, паслуг і нерухомасці - нарожны камень сістэмы. Калі яго прыняць, яшчэ большая частка эліты можа павярнуцца супраць яго. Выбарачныя (і пакуль мяккія) чысткі, забарона на рахункі за мяжой і антыамерыканская істэрыя могуць быць толькі палавіністымі захадамі, але не выключана, што нават і гэтага будзе зашмат. Рэдактар радыёстанцыі «Эхо Москвы» Аляксей Венядзіктаў адзначыў: «Пуцін падвесіў над галавой эліты сякеру. Але як асцярожны палітык ён уважае пагрозу пакарання за больш дзейсную, чым само пакаранне».

Рэпрэсіі ўжываюцца не толькі да нязгодных, але і да дзяржслужбоўцаў ніжэйшага рангу. За мінулы год супраць мясцовых чыноўнікаў, дэпутатаў радаў і мэраў было распачата за 800 спраў. Пакуль што самая вядомая ахвяра - Анатоль Сердзюкоў, былы міністр абароны, уцягнуты ў карупцыйны скандал. Яго звольнілі, прыніжалі на каналах дзяржаўнай тэлевізіі, але не арыштавалі і не выставілі абвінавачванняў. Ці паўстане ён перад судом? Гэта пакажа, наколькі далёка зайшлі пуцінскія чысткі.

«Украiнський Тиждень", пераклад - Inosmi.ru

Напісаць каментар 95

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках