2 траўня 2024, Чацвер, 6:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Масква вызначылася з пакупніком для МЗКЦ?

31
Масква вызначылася з пакупніком для МЗКЦ?

Масква ўсё больш жорстка настойвае на ўваходжанні беларускіх абаронных прадпрыемстваў у склад свайго АПК.

Праблемы інтэграцыі і прамысловай кааперацыі ў гэтай галіне з'яўляюцца прадметам пастаяннай увагі вышэйшага палітычнага кіраўніцтва Беларусі і Расеі. Такога роду заявы неаднаразова рабіў віцэ-прэм'ер урада Расейскай Федэрацыі Дзмітрый Рагозін, які курыруе абаронзамову, АПК, атамную і касмічную прамысловасць, а таксама ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва з замежжам.

Пры гэтым у апошні час Рагозін неаднаразова падкрэсліваў, што ўжо дасягнутая прынцыповая дамоўленасць паміж саюзнікамі аб неабходнасці гарызантальнай і вертыкальнай кааперацыі прадпрыемстваў абаронных сектараў эканомікі дзвюх краін.

Больш за тое, ва ўрадавых крыніцах нават прыводзіцца прыкладны спіс кандыдатаў на інтэграцыю. Так, адным з асноўных лічыцца вядучы беларускі вытворца электронных кампанентаў - менскі «Інтэграл».

Расеі цікавае таксама менскае ААТ «Пеленг». Гэта прадпрыемства яшчэ ў савецкі час было адным з вядучых распрацоўшчыкаў аптычных прыбораў і оптаэлектронных сістэм ваеннага і двайнога прызначэння.

У ліку прыярытэтных значыцца і віцебскае КБ «Дысплей», якое па многіх пазіцыях з'яўляецца адзіным у СНД пастаўшчыком манітораў для электронна-вылічальных комплексаў, прызначаных для эксплуатацыі ў жорсткіх умовах.

Тое ж самае можна сказаць і пра прадпрыемства «Экран», якое выпускае для авіяпрама Расеі пілатажна-навігацыйныя комплексы, якія выкарыстоўваюцца на самалётах Су-27УБ, Су-30 і Су-33.

Але больш усяго кіраўніцтва Расеі, вядома ж, цікавіць Менскі завод колавых цягачоў (МЗКЦ), які вырабляе шасі для рухомых стратэгічных ракетных комплексаў, а таксама для аператыўна-тактычных, зенітных ракетных і берагавых ракетных комплексаў.

На думку Дзмітрыя Рагозіна, Маскве і Менску важна стварыць спрыяльны клімат для таго, каб «самі прадпрыемствы знайшлі найбольш камфортную форму злучэння».

Між тым беларускія аналітыкі досыць скептычна ацэньваюць магчымасці камфортнай інтэграцыі прадпрыемстваў айчыннай абаронкі у склад АПК Расеі. Пераважае меркаванне, што пры відавочнай няроўнасці расейскага і беларускага эканамічных патэнцыялаў, а таксама найвышэйшай ступені ваенна-палітычнай залежнасці Менску ад Масквы інтэграцыя іх абаронных комплексаў на раўнапраўнай аснове нерэальная.

У гэтым плане цікава нядаўняе паведамленне расейскага інфармацыйнага агенцтва «ФедэралПрэс. Прыволжа» аб некаторых дэталях праекта па стварэнні расейска-беларускага СП з удзелам МЗКЦ.

Па дадзеных крыніцы агенцтва, 3 красавіка падчас наведвання Дзяржваенпрама Беларусі ніжагародскай дэлегацыяй на чале з губернатарам Валерыем Шанцавым было падпісанае пагадненне аб намеры па продажы кантрольнага пакета акцый ААТ «Менскі завод колавых цягачоў» Ніжагародскаму машынабудаўнічаму заводу (НМЗ), які ўваходзіць у канцэрн СПА «Алмаз -Антэй».

Трэба сказаць, што НМЗ яшчэ з савецкіх часоў удзельнічае ў выпуску зенітных ракетных сістэм сямейства С-300. У прыватнасці, у Ніжнім Ноўгарадзе вырабляюцца транспартна-кантэйнерныя і транспартуюцца пускавыя ўстаноўкі, антэнныя пасты радыёлакатараў падсвятлення і навядзення. Прычым колавыя шасі і паўпрычэпы для размяшчэння гэтай тэхнікі традыцыйна пастаўляў у рамках вытворча-тэхнічнай кааперацыі МКЗТ.

З 2011 года ніжагародскі завод прыступіў да засваення выпуску пускавых установак для зенітнай ракетнай сістэмы С-400, якія пакуль мантуюцца на шасі Бранскага аўтамабільнага завода. Аднак не выключана, што пасля стварэння СП (калі зыходзіць з матэрыялаў, размешчаных у ніжагародскіх СМІ) НМЗ зноў пяройдзе да традыцыйнай колавай базы. Ва ўсякім выпадку, стала вядома пра планы стварэння на яго тэрыторыі зборачнай вытворчасці тэхнікі МЗКЦ з машынакамплектаў высокай завадской гатоўнасці.

Між тым на днях у маскоўскай газеце «Известия» з'явіўся артыкул са сцвярджэннем, што найбольш верагодным трымальнікам кантрольнага пакета акцый МКЗТ стане Камскі аўтамабільны завод. У якасці запасной кандыдатуры, паводле выдання, разглядаецца Ніжнетагільскі «Уралвагонзавод» (хоць, заўважым, асноўнай спецыялізацыяй апошняга з'яўляецца выпуск бранятанкавай тэхнікі.) На такім варыянце, маўляў, настойваюць колы, блізкія да расейскага ўраду.

Гэта супярэчыць падыходу беларускага боку, у аснове якога ляжыць прынцып вертыкальнай інтэграцыі ў адпаведнасці з тэхналагічным ланцужком. І калі падыходзіць з гэтага пункту гледжання, найбольш прымальнымі партнёрамі для стварэння СП з'яўляюцца карпарацыя «Маскоўскі інстытут цеплатэхнікі» (спецыялізуецца на распрацоўцы міжкантынентальных балістычных ракет рознага прызначэння), НВА «Сплаў» (выпускае рэактыўныя сістэмы залпавага агню), канцэрн «Алмаз-Антэй» (зенітныя ракетныя комплексы і сістэмы).

Шасі для ўсіх гэтых узбраенняў выпускае Менскі завод колавых цягачоў. Таму было б цалкам лагічна, калі б ён на правах даччынага прадпрыемства увайшоў у склад адной з пералічаных вышэй структур. Тыя, мадэрнізуючы серыйныя і распрацоўваючы новыя ракетныя комплексы, непазбежна ўкладвалі б сродкі і ва ўдасканаленне колавых носьбітаў. Зацікаўленасць тут узаемная.

Каб адаптаваць узбраенні, якія выпускаюцца і распрацоўваюцца найбуйнейшымі карпарацыямі расейскага ВПК, да іншых шасі, спатрэбяцца велізарныя выдаткі часу і грошай. Да таго ж інфраструктура, якая забяспечвае нармальнае функцыянаванне ўсіх гэтых відаў узбраенняў, «завострана» менавіта пад уніфікаваныя колавыя шасі Менскага завода колавых цягачоў. І ў выпадку замены іх машынамі іншага вытворцы прыйдзецца перабудоўваць усю сістэму забеспячэння жыццёвага цыкла тэхнікі.

Нарэшце, экстраная змена распрацоўніка і вытворцы колавых шасі непазбежна прывядзе да зрыву праграмы пераўзбраення расейскіх ракетных войскаў стратэгічнага прызначэння грунтавымі рухомымі ракетнымі комплексамі. А гэта, у сваю чаргу, не дазволіць Маскве своечасова атрымаць эфектыўныя сродкі процідзеяння амерыканскай СРА.

Адсюль яшчэ больш зразумела, чаму МКЗТ - на першых месцах у пераліку прадпрыемстваў беларускага АПК, якія кіраўніцтва Расеі не супраць узяць пад свой «дах».

З гэтай мэтай былі зробленыя розныя меры эканамічнага і палітычнага, мяккага і цвёрдага прымусу. Аж да пагроз пазбаўлення беларускіх заводаў (як замежных) расейскіх ваенных заказаў. Было ясна, што рана ці позна саступіць прыйдзецца. Пытанне было ў тым, каб дамагчыся найбольш выгаднага для МЗКЦ варыянту інтэграцыі.

Прынцыповая згода аб продажы расейскаму боку кантрольнага пакета акцый ААТ «Менскі завод колавых цягачоў», па звестках «Известий», была дасягнутая 11 сакавіка на сустрэчы віцэ-прэм'ера ўрада Расеі Аркадзя Дварковіча і першага намесніка прэм'ер-міністра Беларусі Уладзіміра Сямашкі. Адзіным спрэчным момантам заставалася кандыдатура партнёра. І вось, падобна, гэтае пытанне вырашана. Прычым вырашана на досыць спрыяльных для беларускага боку ўмовах.

Аляксандр Алесін, «Белорусские новости»

Напісаць каментар 31

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках